Сібірская платформа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Сібірская платформа — дакембрыйская платформа, паміж ракой Енісей, возерам Байкал і Верхаянскім хрыбтом; адзін з буйнейшых адносна ўстойлівых участкаў кантынентальнай зямной кары ў Паўночнай Азіі. Абмежавана на захадзе палеазойскай складкавасцю Заходне-Сібірскай пліты, на поўдні і паўднёвым усходзе — Усходне-Зайбайкальска-Ахоцкім, на ўсходзе — Верхаяна-Чукоцкім мезазойскімі складкавымі паясамі. На паверхні Сібірскай платформы размешчаны Сярэднесібірскае пласкагор'е, Алданскае нагор'е, Паўночна-Сібірская і Цэнтральнаякуцкая нізіны. Магутнасць зямной кары ў межах Сібірскай платформы 40-48 км, шчыльнасць цеплавога патока — 20-40 мВт/м². Складзена пераважна пародамі складкавага крышталічнага фундамента (метамарфічныя і інтрузіўныя ўтварэнні архею і ніжняга рыфею), і асадкавымі пародамі (тоўшчы венду, палеазою, мезазою і кайназою). Магутнасць асадкавых парод да 5 км, у глыбокіх упадзінах да 10-12 км. У раннім пратэразоі, рыфеі, раннім кембрыі, сярэднім палеазоі, раннім і познім мезазоі Сібірская платформа вызначалася інтэнсіўным магматызмам. У яе платформавым чахле пашыраны вулканічныя ўтварэнні і інтрузіі раннетрыясавай трапавай фармацыі, а таксама каледонскія лінейна-складкавыя дыслакацыі.

На значнай частцы Сібірскай платформы адбыліся неатэктанічныя падняцці да 1-2 км. У тэктанічнай будове Сібірскай платформы вылучаюць галоўныя структуры: Алданскі шчыт, Лена-Енісейская пліта, ускладненная Анабарскім масівам (з выхадам крышталічных парод на паверхню), Тунгускай, Вілюйскай сінеклізамі і ўпадзінамі, закладзенымі ў рыфеі. У межах Сібірскай платформы буйныя радовішчы жалезных (Алданскі шчыт) і медна-нікелевых руд (Нарыльскі рудны раён), каменнага вугалю (Ленскі, Тунгускі, Канска-Ачынскі вугальныя басейны), каменнай і калійных солей, гіпсу, фасфарытаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]