Забойства Сільвіі Лайкенс
Сі́львія Мэ́ры Ла́йкенс (англ.: Sylvia Marie Likens; 3 студзеня 1949 года, Лебанон , Індыяна, ЗША — 26 кастрычніка 1965 года, Індыянапаліс, Індыяна, ЗША) — амерыканская дзяўчына, забітая ва ўзросце шаснаццаці гадоў пасля працяглых катаванняў. Бацькі Сільвіі, Лестэр і Бэці Лайкенс, пакінулі яе на апеку хатняй гаспадыні Гертруды Банішэўскі , якой плацілі 20 долараў у тыдзень. Сільвія падвяргалася жорсткаму абыходжанню з боку Банішэўскі, яе дзяцей Полы і Джона і падлеткаў Рычарда Хобса і Коя Хабарда, якія жылі па суседстве. Праз тры месяцы Лайкенс памерла ад унутрымазгавога кровазліцця , шоку і недаядання. Дадзены выпадак атрымаў шырокі рэзананс у ЗША. Ён быў названы «найгоршым злачынствам супраць чалавека ў гісторыі Індыяны»[1]. На аснове гісторыі Лайкенс былі напісаныя некалькі біяграфічных і мастацкіх твораў, а таксама зняты дзве кінастужкі.
Раннія гады Сільвіі Лайкенс
[правіць | правіць зыходнік]Сільвія Лайкенс нарадзілася 3 студзеня 1949 года ў Лебаноне, штат Індыяна і была трэцім дзіцём Лестэра Сесіла Лайкенса (22 сакавіка 1926 года — 22 лютага 2013 года) і Элізабет Фрэнсіс «Бэці» Граймс (2 мая 1927 года — 29 мая 1998 года). У яе было два браты і дзве сястры: двайняты Дыяна і Даніэль (старэйшыя за яе на два гады) і двайняты Джэні і Бені (малодшыя на год, нарадзіліся 13 лютага 1950 года). Джэні перахварэла ў 4 месяцы поліяміэлітам[2], з-за чаго амаль не магла самастойна перасоўвацца, і Сільвія клапацілася пра яе[3]. Стаўшы старэйшай, Лайкенс пачала падпрацоўваць няняй і прачкай[3][4]. Дзяўчына захаплялася творчасцю гурта The Beatles, а таксама любіла спяваць і катацца на роліках . Асобамі, якія яе ведалі, яна апісвалася як «добрая і заўсёды гатовая дапамагчы лэдзі»[5].
Адносіны паміж бацькамі Лайкенс былі вельмі нестабільнымі, яны часта расставаліся і сыходзіліся зноў. Сільвія расла ў неспрыяльнай абстаноўцы: быўшы карнавальнымі рабочымі, яе бацькі ездзілі па ўсёй краіне, грошай у сям'і не хапала. З самога нараджэння і да пражывання ў Банішэўскі Сільвія змяніла не менш за 14 адрасоў. Дзяцей пастаянна пакідалі жыць разам са сваякамі, у той час як іх бацькі працавалі[6].
Сям’я Банішэўскі
[правіць | правіць зыходнік]У 1965 годзе Сільвія і Джэні жылі разам са сваёй маці ў Індыянапалісе, калі місіс Лайкенс трапіла ў турму за крадзеж у краме. Лестэр Лайкенс, які не так даўно пайшоў ад жонкі, прыехаў у іх дом і ад суседзяў даведаўся, што Сільвія і Джэні знаходзяцца ў доме па адрасе 3850 E. New York Street, які належаў Гертрудзе Банішэўскі, маці Полы, з якой сёстры Лайкенс сябравалі. Праца бацькі Сільвіі была звязана з пастаяннымі раз’ездамі, таму ён прапанаваў Банішэўскі за 20 долараў у тыдзень утрымліваць сваіх дачок і прыглядаць за імі. Лестэр не надаў значэння таму, што сям’я Банішэўскі (у яе было сем дзяцей) жыла вельмі бедна, у занядбаным і брудным доме без элементарных бытавых выгод. У іх доме не было пліты, і члены сям’і харчаваліся ў асноўным крэкерамі і бутэрбродамі, толькі зрэдку разагравалі супы, якія маглі ёсць адначасова толькі трое чалавек, паколькі са сталовых прыбораў у доме было ўсяго тры лыжкі. Пазней у судзе ён сказаў, што «не любіць саваць нос у чужыя справы». Перад ад’ездам Лайкенс даў Банішэўскі параду: «Вы павінны трымаць гэтых дзяўчынак цвёрдай рукой, таму што іх маці дазваляла ім рабіць усё, што яны захочуць»[6][7].
Гертруда Банішэўскі, апісаная газетай «Indianapolis Star » як «змучаная астматычка , якая важыла ніжэй за норму», была вельмі худой, знясіленай жанчынай, якая пакутавала ад рэгулярных дэпрэсій і хварэла на бранхіт з-за пастаяннага курэння[7]. Банішэўскі нарадзілася пад імем Гертруда Надзін ван Фасан 19 верасня 1929 года ў Індыянапалісе, была трэцім дзіцем у сям’і Х’ю і Молі ван Фасанаў. У 1940 годзе, калі Гертрудзе было 11 гадоў, Х’ю памёр ад сардэчнага прыступу. Дзяўчынка вельмі цяжка перанесла яго смерць. У падлеткавым узросце ў яе пачаліся праблемы ў адносінах з маці, у выніку чаго ў 16 гадоў яна кінула школу. Фасан некалькі разоў выходзіла замуж, але сумеснае жыццё кожны раз не складалася. Даход яе сям’і ў асноўным складаўся з дапамогі, якую дзяржава выплачвала на дзяцей, часам Гертруда займалася часовай некваліфікаванай працай. У Джона Банішэўскі, яе першага мужа, быў вельмі непастаянны характар, рознагалоссі паміж ім і Гертрудай часта заканчваліся скандалам, але, нягледзячы на гэта, яны пражылі разам 10 гадоў. Пасля разводу з Банішэўскі Гертруда тры месяцы была замужам за Эдвардам Гатры, аднак Гатры не захацеў выхоўваць яе дзяцей, бо яны не былі яму роднымі. Тады яна зноў сышлася з Джонам і нарадзіла ад яго яшчэ дваіх дзяцей, а праз сем гадоў у 1963 годзе яны канчаткова скасавалі шлюб. Пасля гэтага Гертруда жыла з Дэнісам Райтам, але ён часта збіваў сужыцельку. Ад яго яна двойчы цяжарыла, але ў першы раз здарыўся выкідак . Другая цяжарнасць скончылася нараджэннем сына Дэніса Лі Райта-малодшага. Неўзабаве пасля яго з’яўлення на свет Райт сышоў ад Банішэўскі, і каб ніхто не даведаўся, што Дэніс з’яўляецца незаконнанароджаным, Гертруда ўсім прадстаўлялася як «місіс Райт», хоць ніколі не знаходзілася ў законным шлюбе з Райтам[4]. Усяго ў яе былі 7 дзяцей: Пола, Стэфані, Джон, Мэры, Шырлі, Джэймс Банішэўскі і Дэніс Лі Райт[4].
Катаванні і смерць Лайкенс
[правіць | правіць зыходнік]На працягу першага тыдня пражывання сясцёр Лайкенс у Банішэўскі не было ніякіх інцыдэнтаў. Сільвія хадзіла ў тую ж царкву, што і Банішэўскі, глядзела з імі тэлевізар і хадзіла ў адну школу са Стэфані і Полай. Усё пачалося на другі тыдзень, калі Лестэр Лайкенс не даслаў абяцаную плату. Гертруда пачала скандал, крычучы: «Я клапацілася пра вас, дзвюх сучках, проста так!» Пачынаючы з гэтага выпадку Гертруда, нягледзячы на тое, што грошы прывезлі на наступны дзень, стала вінаваціць сясцёр Лайкенс у крадзяжы і іншых правінах, а таксама рэгулярна пляскаць іх падлам[7].
Каб спыніць гэта, Сільвія распавяла, што Пола цяжарная (Пола Банішэўскі баялася ўсё расказаць маці, але даверыла свой сакрэт Сільвіі, з якой сябравала). Гертруда не паверыла, а Пола запала ў лютасць і збіла дзяўчыну. У канчатковым рахунку Сільвія, з-за выказванняў Гертруды аб сексуальных сувязях Лайкенс, пачала думаць, што яна сама цяжарная, аднак экспертыза пазней паказала, што Сільвія не магла быць цяжарнай, таму што хоць яе похва і была распухлай, але дзявочая плява заставалася цэлай[8]. Магчыма, Сільвія была не вельмі добра абазнаная аб фізіялогіі жаночага арганізма і працэсе зачацця[9].
Неўзабаве Банішэўскі стала заахвочваць суседскіх падлеткаў, калі яны збівалі Сільвію. Лайкенс сябравала з трынаццацігадовай Ганнай Сіска, пакуль Гертруда не паведаміла Ганне пра словы Сільвіі, якая сказала, што маці Сіска Нэлі была прастытуткай. Сіска раззлавалася і таксама збіла Лайкенс[9]. Затым Гертруда пачала вінаваціць Сільвію ў распусканні чутак пра распуснасці Стэфані і Полы ў школе, у якой яны разам з Сільвіяй вучыліся. За гэта Лайкенс збіў сябар Стэфані Кой Хабард (які адпрацоўваў на Сільвіі свае навыкі дзюдаіста). Дэніза Ноу, аўтар біяграфічнага артыкула пра Лайкенс, піша, што ёсць імавернасць, што Сільвія сапраўды распускала гэтыя чуткі[8].
Старэйшая сястра Сільвіі і Джэні Дыяна Шумейкер у верасні наведала іх, і яны ёй паскардзіліся на тое, што, што б ні здарылася, Банішэўскі загадвае Поле прынесці падл і карае Сільвію. Але Дыяна вырашыла, што дзяўчынкі, магчыма, перабольшваюць. Джудыт Дзюк, дванаццацігадовая дзяўчынка, якая была сведкам збіцця Сільвіі, паведаміла пра гэта сваёй маці, аднак апошняя ў адказ задала толькі рытарычнае пытанне: «О, ну, увогуле, яны толькі караюць яе, ці не так?»[10]. Невядома, чаму сёстры Лайкенс не скардзіліся ў паліцыю ці не паспрабавалі збегчы. Ноу мяркуе, што гэта было выклікана тым, што дзяўчынкі, жывучы з ранняга дзяцінства ў напружанай абстаноўцы, не бачылі ў дзеяннях Гертруды нічога незвычайнага. Таксама яна піша, што Сільвія не збегла, магчыма баючыся, што тады гнеў Банішэўскі абрынецца на Джэні. Джэні ледзь магла самастойна перасоўвацца з дапамогай артапедычнага апарата і таму ўцёкі ўдваіх былі немагчымымі[11].
У жніўні 1965 года па суседстве з Банішэўскі пасялілася сямейная пара Рэйманд і Філіс Вірміліён, у якіх былі двое дзяцей. Паколькі Вірміліён працавала ў начную змену на заводзе RCA , яна вырашыла знайсці сваім дзецям прыходную няню, і прыйшла ў дом Банішэўскі. Жанчыны пілі за сталом каву, калі Вірміліён заўважыла худую дзяўчыну-падлетка з сіняком пад вокам, якой была Сільвія. Пола Банішэўскі набрала шклянку гарачай вады і выплюхнула яе на яе, пасля чаго заявіла: «Гэта я паставіла ёй сіняк»[11]. Вірміліён вырашыла не давяраць сям'і Банішэўскі сваіх дзяцей, але не паведаміла уладам пра ўбачанае. У пачатку кастрычніка таго ж года Вірміліён зноў нанесла візіт Банішэўскі і зноў убачыла Сільвію. На гэты раз у дзяўчынкі быў сіняк ужо пад іншым вокам і распухлая губа. «Я збіла яе», — сказала Пола. Філіс зноў не ўгледзела ў гэтым нічога дзіўнага[11].
Святар з мясцовай царквы Рой Джуліян у верасні 1965 года нанёс Банішэўскі візіт, так як яе сям'я была ў яго кангрэгацыі. Гертруда паскардзілася яму на адмову мужа выплаціць дапамогу на дзіця, на свае хваробы і ўсе тыя праблемы, якія ў яе былі з дзецьмі. І галоўнай праблемай, па яе словах, была Лайкенс. Банішэўскі паведаміла святару, што Сільвія прагульвае школу і зарабляе грошы прастытуцыяй. Рой у гэта не паверыў, бо да гэтага бачыў Сільвію ў царкве і яна зрабіла на яго добрае ўражанне. Ён захацеў пагаварыць з ёй, але Гертруда параіла яму пагаварыць з Джэні. Сама Джэні да таго моманту была гэтак запалоханая, што выдавала святару чыста механічныя адказы: «Яна хлусіць. Ноччу, калі мы ўсе кладзёмся спаць, яна спускаецца ўніз і здзяйсняе набегі на халадзільнік»[10]. Джэні спадзявалася, што Банішэўскі яе не крануць, калі яна будзе слухацца Гертруду. Праз некалькі тыдняў Джуліян зноў прыйшоў да іх. Гертруда зноў паскардзілася на Сільвію, таму што дзяўчына, паводле яе слоў, распускае ў школе чуткі аб цяжарнасці Полы. «Але я ведаю сваю дачку, — сказала яна яму, — і я ведаю Сільвію. Пола не цяжарная; гэта — Сільвія»[10].
Падчас чарговага збіцця Сільвіі, Банішэўскі запатрабавалі ад Джэні, каб яна таксама далучылася да іх. Джэні адмовілася, і паўпадалая ў шаленства Гертруда ўдарыла яе наводмаш па твары. Тады дзяўчынка падпарадкавалася, але пазней апавядала, што біла сястру левай рукой (сама яна была праўшой) і таму гэта не прычыняла Сільвіі асаблівага болю[9].
У кастрычніку старэйшая сястра Сільвіі і Джэні Дыяна Шумейкер зноў прыехала наведаць сясцёр. Гертруда не хацела, каб Шумейкер убачыла, у якіх умовах утрымліваюцца дзяўчынкі, і таму не пусціла Дыяну ў дом[12]. Банішэўскі запатрабавала ад бацькоў Лайкенс дазвол трымаць Дыяну асобна ад сясцёр. Шумейкер настойвала на сваім візіце, і тады Гертрудзе прыйшлося прыстрашыць яе арыштам за ўварванне ў прыватную ўласнасць . Незадоўга да смерці Сільвіі Джэні сутыкнулася з Дыянай на вуліцы і сказала ёй: «Я не магу гаварыць з табой, інакш у мяне будуць праблемы», і паспяшалася далей[12].
Неўзабаве Гертруда пачала пароць Сільвію па надуманых прычынах, тушыць аб яе цела цыгарэты, абліваць гарачай вадой. Праз некаторы час Сільвію збілі, каб яна прызналася, што скрала ў краме спартыўны касцюм, які Банішэўскі не набыла б для яе, для таго, каб наведваць клас гімнастыкі (першапачаткова дзяўчына сцвярджала, што знайшла яго)[7]. Затым Гертруда забараніла Лайкенс хадзіць у школу і не дазваляла ёй пакідаць дом. Ныркам Сільвіі была нанесеная шкода, таму яна стала мачыцца ў ложак . Тады Гертруда замкнула яе ў падвале і забараніла карыстацца туалетам[13]. Пазней Лайкенс была вымушаная ўжываць у ежу ўласныя фекаліі і мачу[13]. Незадоўга да смерці Сільвіі Гертруда выпаліла распаленай іголкай ў яе на жываце надпіс «Я прастытутка і ганаруся гэтым» разам з суседскім юнаком Рычардам Хобсам, які потым з дапамогай 10-гадовай дачкі Гертруды Шэрыл Банішэўскі разжараным нітам выпаліў на грудзях Лайкенс яшчэ лічбу «3». Было ўстаноўлена, што прынамсі два разы ў похву Сільвіі устаўлялі шкляную бутэльку Кока-Колы[7].
Урэшце ў мясцовае агенцтва аховы здароўя паступіў званок ад Дыяны, якая хацела ведаць, чаму яе не пускаюць да сястры. 15 кастрычніка ў дом прыйшла жанчына, якая прадставілася медсястрой аховы здароўя і захацела пагаварыць з Гертрудай. Банішэўскі сказала Джэні, што «калі ты скажаш што-небудзь пра Сільвію, то з табой зробяць тое ж самае, што і з ёй». Пасля чаго паведаміла медсястры, што Сільвія была прастытуткай, не ўтрымоўвала сябе ў чысціні, і таму Банішэўскі яе выгнала. Джэні пад пагрозай пацвердзіла гэта. Медсястра вярнулася ў свой офіс і на справаздачы аб Банішэўскі зрабіла пазнаку «аднаразовы»[12]. 21 кастрычніка паліцыя прыехала да дома Банішэўскі, але не з-за Лайкенс, а з-за таго, што, паводле слоў паліцэйскіх, да іх звярнуўся Роберт Брус Хэнлан з заявай, што дзеці Банішэўскі скралі ў яго з падвала рэчы. Гертруда жа патэлефанавала ў паліцыю і паведаміла, што Хэнлан паспрабаваў сам пракрасціся да яе ў дом. Паліцыя арыштавала яго па абвінавачванні ў крадзяжы. Пазней Хэнлан быў выпушчаны[12].
За некалькі дзён да смерці Сільвія зрабіла спробу ўцёкаў, калі пачула, што ў Банішэўскі ёсць план кінуць яе ў лесе, але была злоўленая ў парадных дзверах. У пакаранне яна была звязана і змешчана ў падвал, дзе ў якасці ежы атрымлівала толькі крэкеры. 26 кастрычніка 1965 года Лайкенс памерла ад унутрымазгавога кровазліцця, шоку і недаядання. Калі Стэфані Банішэўскі і Рычард Хобс убачылі, што Сільвія не дыхае, Банішэўскі паспрабавала зрабіць ёй штучнае дыханне і рабіла яго да таго часу, пакуль не зразумела, што Лайкенс мёртвая[14]. Тады Стэфані паслала Хобса да бліжэйшага тэлефоннага аўтамата, каб ён выклікаў паліцыю[7]. Калі яна прыбыла, Гертруда ўручыла ім ліст, адрасаваны бацькам Сільвіі. Само ліст быў напісаны Лайкенс пад ціскам Гертруды за некалькі дзён да гэтага. Банішэўскі прымусіла Сільвію напісаць, што апошняя мела сексуальную сувязь за грошы з групай хлопчыкаў, і што гэта яны разарвалі яе вопратку і зрабілі апёкі на целе[15]. Аднак перш чым паліцыя паспела прачытаць ліст да канца, да аднаго з паліцэйскіх падышла Джэні Лайкенс і сказала: «Забярыце мяне адсюль, і я распавяду вам усё»[7]..
Суд
[правіць | правіць зыходнік]На працягу ўсяго суда Гертруда адмаўляла сваю адказнасць за смерць Сільвіі і не прызнавала сваю віну з-за ўласнай прыдуркаватасці. Яна сцвярджала, што была занадта стомленая сваім слабым здароўем і дэпрэсіямі, каб сачыць за дзецьмі. Аднак, адвакаты Полы і Джона Банішэўскі, Рычарда Хобса і Коя Хабарда сцвярджалі, што на іх кліентаў аказала ўплыў старэйшая Банішэўскі. Калі 11-гадовую дачку Гертруды Мэры Банішэўскі прызвалі на судзе да адказу, як сведку абароны, яна спачатку адмаўляла, што яе маці біла Сільвію і дрэнна з ёй сябе паводзіла, але потым спалохалася і, запаўшы ў істэрыку, з крыкам: «О Госпадзе, дапамажы мне!», — прызналася, што гэта яна была вымушаная нагрэць іголку, якой Хобс парэзаў скуру Сільвіі, а таксама ў тым, што бачыла, як яе маці збівала Лайкенс[16]. Адвакат Гертруды Уільям Эрбекер пастараўся змякчыць прысуд, абапіраючыся на прыдуркаватасць Банішэўскі. Ён сказаў: «Я асуджаю яе за тое, што яна была забойцам. Але я не лічу яе адказнай за гэта, таму што яна не ўся тут!» (прамаўляючы апошнюю фразу, ён паказаў на сваю галаву)[16].
19 мая 1966 года Гертруда Банішэўскі была прызнаная вінаватай у наўмысным забойстве першай ступені, аднак прызначаная ёй раней смяротнае пакаранне было заменена на пажыццёвае зняволенне. Пола Банішэўскі падчас следства нарадзіла дзяўчынку і ў знак адданасці маці назвала яе ў гонар бабулі Гертрудай. Дзіця пазней было ўдачарона. Пола была прызнана вінаватай у цяжкім забойстве другой ступені[7] і таксама прысуджаная да пажыццёвага. У 1971 годзе яна, падаўшы на апеляцыю, прайшла новае судовае пасяджэнне, дзе прызнала сябе вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці і была адпушчаная, атрымаўшы новыя дакументы. Хобс, Хабард і Джон Банішэўскі былі прызнаныя вінаватымі ў прычыненні смерці па неасцярожнасці і прысуджаныя да тэрмінаў ад 2 гадоў да 21 года, аднак у выніку ўсе трое адседзелі толькі па два гады. Стэфані Банішэўскі актыўна супрацоўнічала са следствам, таму абвінавачванне ў забойстве супраць яе было знята, як і абвінавачванні супраць падлеткаў Ганны Рут Сіска, Джудзіт Дарлін Дзюк, Рэндзі Гордана Ліпера і Майкла Джона Манро[17]. Ліпер памёр у 56 гадоў у Індыянапалісе 14 лістапада 2010 года (дзяцей зарэгістравана не было)[18], Сіска (быўшы маці і бабуляй) памерла ў 44 гады 23 кастрычніка 1996 года[19].
Далейшы лёс удзельнікаў падзей
[правіць | правіць зыходнік]У 1985 годзе Гертруда дамаглася просьбы на вызваленне. Навіна пра гэта выклікала рэзананс ва ўсёй Індыяне. Джэні Лайкенс і яе сям'я выступілі па тэлебачанні, дзе выказаліся супраць выхаду Банішэўскі з турмы. Члены двух антызлачынных гуртоў «Абарона нявінных» і «Грамадская ліга супраць разбэшчвання» прыехалі ў Індыяну, каб выступіць супраць прашэння Банішэўскі, падтрымаць сям'ю Лайкенс і арганізаваць кампанію пікетаў. Гэтымі групамі была складзена петыцыя , патрабаваннем якой было не вызваляць Банішэўскі. На працягу двух месяцаў у гэтай петыцыі паставілі свае подпісы больш чым 40 000 грамадзян Індыяны[20][21]. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя намаганні, для Гертруды было ўладкована судовае слуханне, якое разглядзела яе прашэнне, на якім Банішэўскі заявіла: «Я не ўпэўненая, якая ў мяне была ў гэтым роля, таму што я была на наркотыках. Я сапраўды ніколі не ведала яе… Я бяру на сябе поўную адказнасць за ўсё, што здарылася з Сільвіяй. Я хацела б адмяніць гэта, але не магу і прашу прабачэння. Я проста прашу аб міласці і ніяк інакш». Суд ўлічыў добрыя паводзіны Гертруды ў турме, дзе жанчына працавала ў атэлье, і яна была вызвалена[22].
Вызваліўшыся, Гертруда Банішэўскі памяняла сваё імя на Надзін ван Фасан і пераехала жыць у Аёву, дзе, злоўжываючы курэннем, памерла ад раку лёгкага 16 чэрвеня 1990 года[7]. Калі Джэні Лайкенс, якая да таго моманту ўжо выйшла замуж і пасялілася ў горадзе Біч-Гроўв , прачытала ў газеце некралог пра смерць Банішэўскі, яна выразала яго і паслала па пошце маці з суправаджальнай запіскай: «Трохі добрых навін. Праклятая старая Гертруда памерла. Ха-ха-ха! Я шчаслівая»[23]. Рычард Дын Хобс памёр ад раку лёгкага ў 21 год, праз 4 гады пасля вызвалення з папраўчай установы[7]. Кой Рэндальф Хабард праз некалькі гадоў пасля вызвалення быў асуджаны за крадзеж. Пасля ён працаваў механікам і адзін раз быў зноў абвінавачаны па падазрэнні ў забойстве двух чалавек, але яго апраўдалі. Ён памёр 23 чэрвеня 2007 года ва ўзросце 56 гадоў у Шэлбівіле, штат Індыяна, і быў пахаваны ў Віргініі. У яго былі жонка Патрысія Горман Хабард і пяцёра дзяцей, сямнаццаць ўнукаў і адзін праўнук. Аб датычнасці да сям'і Банішэўскі ў некралогу сказана не было. Дом 3850 на East New York Street пасля смерці Сільвіі пуставаў на працягу 44 гадоў і нарэшце быў знесены 23 красавіка 2009 года[24]. На яго месцы запланавана царкоўная стаянка для аўтамабіляў[23].
Джон Банішэўскі, памяняўшы сваё імя на Джон С. Блэйк—малодшы, першы раз публічна загаварыў пра Сільвію ў 1985 годзе і цалкам раскаяўся ў яе смерці, заявіўшы, што адчуваў моцны гнеў з-за разводу яго бацькоў і недахопу ежы і адзення для яго і яго братоў і сясцёр. Ён прызнаў, што яго пакаранне было больш лёгкім, чым павінна было быць, аднак у той жа час асудзіў сям'ю Лайкенс за тое, што Лестэр і Бэці пагадзіліся пакінуць дачок у Гертруды. Другі раз ён заявіў пра сябе ў сакавіку 1998 года, калі ў арканзаскай сярэдняй школе Вестсайд адбылося масавае забойства, сказаўшы, што малалетнія злачынцы і забойцы заўсёды могуць змяніць сваё жыццё і заўсёды могуць разлічваць на дапамогу, бо яму самому атрымалася акрыяць пасля здарэння з Сільвіяй Лайкенс[25]. У Джона не было ніякіх сур'ёзных сутычак з законам. Ён спачатку працаваў кіроўцам грузавіка, затым рыэлтарам і пастарам. Пад канец жыцця Джон пакутаваў дыябетам , і ў яго аслаб зрок. Блэйк памёр ад дыябету ў грамадскай бальніцы Ланкастэра 19 мая 2005 года ва ўзросце 52 гадоў і быў пахаваны на могілках Хабекер Менанайт. Ён быў жанаты з Лоіс Чарлз Блэйк, меў траіх дзяцей. Хоць яшчэ да яго смерці была ўсталяваная яго асоба (Джон Стэфан Банішэўскі—малодшы), у некралогу не было ні слова пра тое, што ён народжаны Банішэўскі[26]. Стэфані Банішэўскі, памяняўшы імя, стала школьным настаўнікам. Яна замужам і ў яе ёсць дзеці[25]. Пола Банішэўскі пасля вызвалення пераехала ў Аёву і жыве там на маленькай ферме ў Рэдфілдзе . Яна выйшла замуж і мае дваіх дзяцей. Ці былі ў яе кантакты з маці, невядома[25]. У кастрычніку 2012 года Пола была звольненая з пасады памочніка школьнага псіхолага ў школе BCLUW у Конрадзе з прычыны таго, што пры паступленні прадставілася іншым імем і падала аб сабе ілжывую інфармацыю[27].
Джэні Лайкенс у 1966 годзе зарэгістравалася ў праграме Рабочай Карпарацыі і атрымала працу ў банку, пазней выйшла замуж за Леанарда Вэйда (19 студзеня 1940 года — 9 верасня 2007 года). Яна памерла ад сардэчнага прыступу 23 чэрвеня 2004 года і была пахавана на Могілках Маўнт-Плезант у Грынвудзе ў Індыяне. Брат-блізнюк Джэні, Бэні Рэй Лайкенс, праз некалькі гадоў пасля смерці Сільвіі пачаў праяўляць прыкметы душэўнай хваробы, і ў канчатковым выніку яму была дыягнаставана шызафрэнія, пасля чаго Бэні стаў злоўжываць курэннем і стаў пустэльнікам[25]. 3 жніўня 1999 года яго раскладзенае цела было знойдзена ў яго кватэры. Ён быў пахаваны на Могілках Оўк-Хіл у Лебаноне. Лестэр Лайкенс даведаўся пра смерць сына, калі ліст, які ён напісаў Бэні, вярнулася з паметкай «Памёр»[25]. У 1967 годзе Лестэр і Бэці скасавалі шлюб. Бэці пасля выйшла замуж за Кліфарда Мэцісана (3 студзеня 1939 года — 9 красавіка 2002 годв) і памерла ў 1998 годзе[7] (пахавана на могілках Краун-Хіл у Індыянапалісе), Лестэр памёр у 2013 годзе і пахаваны на Нацыянальных Могілках Рыверсайд[28].
Старэйшая сястра Сільвіі Дыяна Шумейкер (цяпер Дыяна Бедуэл) і яе муж Сесіл Кнутсан 10 мая 2015 года, па дарозе ў Ла-Куінт, куды яны вярталіся з казіно ў Вэйлі-Цэнтр, збіліся з дарогі. 25 мая іх машына была знойдзена ў аддаленай мясцовасці, Сесіл быў мёртвы, Дыяна ў стане моцнага абязводжвання была дастаўлена ў бальніцу.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Trials: Avenging Sylvia (англ.)(недаступная спасылка). Time Magazine (27 мая 1966). Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ WITNESS SWORN BY THE COURT (англ.). sylvialikens.com. — Текстовая расшифровка показаний, данных Дженни в суде. Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2012. Праверана 26 сакавіка 2012.
- ↑ а б Trials: Addenda to De Sade (англ.)(недаступная спасылка). Time Magazine (6 мая 1966). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ а б в Noe, Denise.. Baniszewski's Background (англ.). Crime Library. TRUtv. Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 23 кастрычніка 2010.
- ↑ A Tribute to Sylvia Likens (англ.). wordpress.com. Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2012. Праверана 26 сакавіка 2012.
- ↑ а б Noe, Denise.. Foster Care (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к The murder of Sylvia Likens (англ.). indystar.com (16 сентября 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ а б Noe, Denise.. A Dubious Start (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ а б в Noe, Denise.. The Slow Descent into Horror (англ.). Crime Library. TRUtv. Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2012. Праверана 23 кастрычніка 2010.
- ↑ а б в Noe, Denise.. No Rescue in Sight (англ.). Crime Library. TRUtv. Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 23 кастрычніка 2010.
- ↑ а б в Noe, Denise.. Was She a Masochist? (англ.). Crime Library. TRUtv. Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 23 кастрычніка 2010.
- ↑ а б в г Noe, Denise.. A Few Close Calls (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 21 мая 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ а б Noe, Denise.. The Brutality Escalates (англ.). Crime Library. TRUtv. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2012. Праверана 23 кастрычніка 2010.
- ↑ Noe, Denise.. The Letter Before End (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ Dean 1999.
- ↑ а б Noe, Denise.. Drama in the Courtroom (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ Noe, Denise.. The Torture Killers on Trial (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ Randy G. Lepper (англ.). Indystar.com. Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2013. Праверана 28 снежня 2012.
- ↑ Anna R. Siscoe Smith (англ.). Find A Grave. Праверана 11 жніўня 2015.
- ↑ Caleca, Linda Graham. Baniszewski Ruling Won’t Affect Past Parole Cases, Judge Says(англ.). — The Indianapolis Star, 1985.
- ↑ Mermel, Marcy. Mrs. Baniszewski Portrayed as a New Woman(англ.). — The Indianapolis News, 1985.
- ↑ Noe, Denise.. 1985: SLAM into Action (англ.). Crime Library. TRUtv. Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 23 кастрычніка 2010.
- ↑ а б Suitcase of sorrow . The Indianapolis Star, Linda Graham Caleca (4-3-99). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2012. Праверана 8 чэрвеня 2009.
- ↑ House where 1965 murder occurred is torn down . WIBC. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2012. Праверана 29 чэрвеня 2009.
- ↑ а б в г д Noe, Denise.. In Memoriam (англ.). The Torturing Death of Sylvia Marie Likens. Crime Library. Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 7 кастрычніка 2010.
- ↑ Джон Стефан Банишевски — младший на сайце «Find a Grave» (англ.)
- ↑ DAVID PITT. Paula Pace, Iowa Teacher's Aide, Fired After Discovery Of Connection To 1965 Baniszewski Torture, Killing (англ.). Huff Post Education (23 октября 2012). Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2013. Праверана 27 снежня 2012.
- ↑ Лестер Лайкенс на сайце «Find a Grave» (англ.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Dean J. The Indiana Torture Slaying: Sylvia Liken's Ordeal and Death. — Brownsville: Borf Books, 1999. — 189 p. — ISBN 0960489479.
- Ketchum J. The Girl Next Door. — Brownsville: Overlook Connection Press, 1996. — 386 p. — ISBN 1428516220.
- Millett K. Basement: True Story of Violence in an American Family. — Touchstone, 1991. — 352 p. — ISBN 0671723588.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мемарыльны сайт Сільві Лайкенс
- Сільвія Лайкенс на сайце «Find a Grave» (англ.)
- Біяграфія Сильвіі Лайкенс Архівавана 23 студзеня 2007. (англ.) на сайце Crime Library