Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі грамадскае аб’яднанне
Кіраўнік Генадзь Лех[d]
Заснаванне
Дата заснавання 26 кастрычніка 1988

Тава́рыства белару́скай культу́ры імя́ Францы́ска Скары́ны горада Масквы (руск.: Общество Белорусской Культуры имени Франциска Скорины города Москвы) — грамадска-культурная арганізацыя беларусаў Масквы.

Заснаванне[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з перапісам 1989 года ў Маскве пражывала каля 73 тысяч беларусаў. Яшчэ на пачатку 1980-х паміж студэнтамі некалькіх маскоўскіх ВНУ было створанае нефармальнае «беларускае студэнцкае брацтва», якое налічвала каля 30 членаў. У 1987 годзе маскоўскімі студэнтамі была створаная маладзёжная суполка «Пагоня» (каля 40 членаў — пераважна МДУ). Менавіта члены гэтай суполкі ўпершыню ў Маскве ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг. За выняткам двух чалавек, усе гэтыя студэнты з’ехалі ў Беларусь. 26 кастрычніка 1988 года атрымала афіцыйны статус як Маскоўскае гарадское таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны (ТБК), у арганізацыі якога вялікую ролю адыграў прафесар Аляксей Каўка. Гэта была першая афіцыйна ўтвораная суполка беларускай дыяспары ў РФ. У склад згуртавання ўвайшлі беларускія літаратары, пісьменнікі, вайскоўцы, навукоўцы, члены суполкі «Пагоня» і былога «студэнцкага брацтва». У 1988—1991 гадах у ТБК запісаліся каля сямісот чалавек. Падчас ГКЧП бел-чырвона-белы сцяг разам з расійскім трыкалорам быў узняты членамі ТБК над Белым Домам РФ на паветранай кулі. Частка членаў ТБК актыўна ўдзельнічала ў абароне Белага Дома і была ўзнагароджана. У 1991 годзе, адразу пасля путчу, з дапамогай Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча, Таварыства атрымала сядзібнае памяшканне ў пасольстве РБ.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Актыўны ўдзел у працы ТБК бралі беларускія вайскоўцы, якія на пачатку 1991 года ў межах ТБК стварылі «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў» на чале з сакратаром ТБК, паэтам і палкоўнікам Ігарам Паўлоўскім. У 1994 годзе гэтая секцыя ТБК спыніла сваё існаванне, бо абсалютная бальшыня актыўных членаў ужо служыла ў беларускім войску. Пры ТБК існуе маладзёжная секцыя, нашчадак перабудовачнай «Пагоні».

У 1990—1992 гадах у межах ТБК працавала нядзельная школка на чале з Ганнай Рыжкоўскай. З 1990 года выдаецца часопіс «Шляхам Скарыны» (рэдактары — Аляксей Каўка і Алесь Драянкоў; Генадзь Лех; Алесь Гелагаеў). Рэдакцыя ТБК, у першую чаргу сяброўка Рады Таіса Мішчанка, судзейнічала выданню зборніка вершаў Ігара Паўлоўскага.

З 1993 года да пачатку 2000-х гадоў у межах ТБК існаваў фальклорны гурт «Алеся» пад кіраўніцтвам Алесі Бабарэкі. З 1991 года намаганнямі члена Рады ТБК Генадзя Прыбыткі некалькі гадоў існавала ўніяцкая суполка.

Галоўным рухавіком дзейнасці ТБК у розных кірунках заўсёды была суполка руху БНФ, да 1991 года — група падтрымкі БНФ, хоць сябры гэтай плыні складалі каля 10% ад усяго ТБК. Лідарам гэтай плыні ТБК з’яўляецца Генадзь Лех. Да пачатку 1994 года ТБК наладзіла адносіны з каля 15 суполкамі беларускай дыяспары, а ў 1994 годзе ўвайшло ў склад Згуртавання беларусаў свету, брала ўдзел у І і ІІІ З’ездах арганізацыі.

На сённяшні ТБК перыядычна арганізуе ў Маскве лекцыі беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў і палітыкаў.

Крызіс у адносінах з афіцыйным Мінскам[правіць | правіць зыходнік]

У 1994 годзе ў сувязі з палітычнымі зменамі ў Беларусі ў беларускай дыяспары РФ з’явіўся шэраг маральных і матэрыяльных праблем. Улетку 1994 года ў ТБК адабралі памяшканне ў пасольстве РБ разам з бібліятэкай, абразамі і інш.

У 1995 годзе лекцыі па гісторыі Беларусі наладзіў член Рады ТБК Сяржук Папоў. На працягу 1996—1999 гадоў ТБК наведвалі некалькі разоў барды Віктар Шалкевіч, Эдуард Акулін, Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў. У гэты перыяд ТБК 9 разоў праводзіла пікетаванне Пасольства РБ з лозунгамі абароны беларускай дзяржаўнасці, мовы, культуры, некалькі разоў з дапамогай іншых грамадскіх арганізацый дэмакратычнага кірунку праводзіла мітынгі, прысвечаныя абароне правоў чалавека ў Беларусі. У 1999 годзе ТБК выступіла адным з ініцыятараў стварэння Міжрэгіянальнага Аб’яднання Беларусаў Расіі. У 2000 годзе ТБК прайшоў перарэгістрацыю пад назвай РГА «Таварыства беларускай культуры» імя Францыска Скарыны. Склад членаў і прыхільнікаў таварыства — каля 200 асоб.

Старшыні[правіць | правіць зыходнік]