Такелау (народ)
Такелау (Tokelau) | |
Агульная колькасць | 1411 чал. у Такелау (2011 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Такелау |
Мова | такелау |
Рэлігія | політэізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | тувалу, танганцы |
Такелау (саманазва Tokelau, літаральна «паўночны вецер») — палінезійскі народ, абарыгеннае насельніцтва Такелау. Агульная колькасць — 1411 чал. у Такелау (2011 г.). Аднак у выніку міграцыі буйныя абшчыны такелау таксама ёсць у Новай Зеландыі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі і іншых краінах. Акрамя таго, па мове і культуры да такелау блізкія алахега (Olohega), карэнныя жыхары вострава Суэйнс.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічныя знаходкі сведчаць пра тое, што продкі сучасных такелау з’явіліся ў цяперашнім месцы пасялення каля тысячы гадоў таму. Ужо да прыходу еўрапейцаў яны мелі агульную мову, рэлігію і культуру, хаця на кожным атоле існавала самастойнае кіраванне. Вызначальную ролю ў грамадстве адыгрывалі правадыры. «Зямлёй правадыроў» называлі атол Факаофа.
У 1765—1835 гг. астравы Такелау былі адкрытыя і даследаваныя еўрапейскімі мараплаўцамі. У 1845—1860 гг. мясцовыя насельнікі былі ахрышчаныя ў пратэстанцтва і каталіцтва брытанскімі і французскімі місіянерамі.
У 1863 г. на астравы здзейснілі рэйд перуанскія здабытчыкі нявольнікаў. Яны захапілі 253 чал. — амаль усё дарослае мужчынскае насельніцтва. Гэта прывяло да таго, што ўлада перайшла ў рукі старэйшын (не абавязкова з правадырскіх сем’яў), а таксама да распаўсюджання шлюбаў з іншаземцамі і метысацыі астравіцян.
У 1877 г. быў усталяваны брытанскі пратэктарат. У 1926 г. Такелау была перададзена пад кіраванне Новай Зеландыі.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Асновай жыццезабеспячэння такелау здаўна былі земляробства (вырошчванне какосаў, тара і фруктовых культур), лоў рыбы. Жывёлагадоўля мае дапаможнае значэнне. Разводзяць свінняў, сабак, курэй, але іх мяса не з’яўляецца паўсядзённай ежай і ўжываецца толькі па святах. На Такелау не п’юць шырока распаўсюджаны сярод іншых палінезійцаў напой кава, паколькі адпаведная расліна на іх астравах не прысутнічае.
Такелау добра захавалі традыцыйныя рамёствы — выраб плеценых цыновак, веераў, кошыкаў, разьбярства па дрэву. У паселішчах да нашых дзён можна сустрэць каркасныя хаціны традыцыйнага тыпу.
Мясцовае насельніцтва славіцца песенным і музычным мастацтвам. Ужо да распаўсюджвання хрысціянства пераважалі харавыя спевы. Акампанавалі з дапамогай драўляных барабанаў патэ і пакіхі. Пазней у якасці музычнага інструмента пачалі таксама выкарыстоўваць бляшанкі. Папулярны народны танец — фатэле.
Да прыняцця хрысціянства такелау спавядалі політэізм. Галоўную ролю адыгрываў мясцовы бог Туі Такелау. Некаторыя перажыткі старажытных культаў сустракаюцца і цяпер.
Мова такелау мае палінезійскае паходжанне, блізкая да моў тувалу і танганцаў. Пісьмовасць на аснове лацінкі.