Перайсці да зместу

Тры чарапахі (песня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тры чарапахі
Выканаўца N.R.M.
Дата выпуску 2000
Жанр рок
Мова песні беларуская
Працягласць 3:25
Лэйбл BULBA-RECORDS
Аўтар Лявон Вольскі

Тры чарапахі (Try čarapachi) — песня беларускага гурта N.R.M. з аднайменнага альбома, адна з агульнапрызнаных вяршынь айчыннага року. Самая пазнавальная песня гурта N.R.M. і Лявона Вольскага, які, пасля расколу гурта, працягвае выконваць песню як асобны музыка. Пазыўныя «Трох чарапах» адразу ж абуджаюць свядомае беларускае сэрца.

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Піт Паўлаў — гітарыст гурта N.R.M. — распавёў, што чарапашая тэматыка паўстала даволі нечакана: музыкі везлі ў Польшчу Народны Альбом, а па тэлебачанні Барыс Ельцын прамаўляў нейкія глупствы. Тады нарадзілася мініяцюра: «Выходзіць Ельцын і заяўляе: расійская дзяржаўнасць трымаецца на трох кітах. Яго пытаюць: на якіх? А ён адказвае: на першым, другім і трэцім.» Музыкі пасмяяліся, а праз некалькі дзён Лявон прынёс тэкст песні.[1]

Калі чарапахі збіраюцца ўтраіх, то не абавязкова, каб патрымаць Зямлю. Фларыда

Сюжэт песні будуецца вакол міфа аб трох чарапахах (ці трох кітах са сланамі), якія, згодна з верваннямі старажытных, трымаюць Зямлю. У першым куплеце пра гэты міф аўтара прымушаюць узгадаць як прыкрыя з’явы паўсядзённага жыцця — камунальныя пахі, горад, людзі, жыццё; так і даволі ўзвышаныя рэчы — горы. У другім куплеце цвёрда і эклектычна адмаўляецца гісторыя чалавецтва — культурная, навуковая, палітычная. Паслядоўна называюцца Галілеа Галілей, Боб Марлі, Сальвадор Далі, Уладзімір Ільіч Ленін, Джон Ленан і Карл Ліней, якіх не існавала — бадай, уся цывілізаваная гісторыя, бо, адчуваецца, што, калі б было месца, Вольскі ўставіў бы ў свой тэкст увогуле ўсіх — ад Гамера да самога сябе. Трэці куплет выглядае патрыятрычным пастскрыптумам з фактычна даслоўным цытаваннем радкоў Алеся Ставера «Каб любіць Беларусь нашу мілую [маму], трэба ў розных краях пабываць.»

Падчас рэвалюцыйных падзей сакавіка 2006 года замест традыцыйных «сюрпрызаў не будзе» у фінальным прыпеве Лявон Вольскі прыдумаў спяваць «чаканне дастала». З таго часу гэтак і спявае на канцэртах, што ўхваляюць слухачы, аднак чаканне не хоча слухаць Лявона Артуравіча.[2]

Зноскі

  1. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 мая 2019. Праверана 1 мая 2019.
  2. https://www.pressball.by/news/football/259672 Архівавана 1 мая 2019.