Тэлеграма Цымермана
Тэлеграма Цымермана (Дэпеша Цымермана, ням.: Zimmermann-Depesche) — тэлеграма, пасланая міністрам замежных спраў Германіі нямецкаму паслу ў ЗША. Пасля расшыфроўкі брытанскай разведкай тэлеграма была перададзена амерыканскім уладам і выкарыстана прэзідэнтам ЗША Томасам Вудра Вільсанам для абгрунтавання абвяшчэння вайны Германіі ў канцы Першай сусветнай вайны.
У канцы 1916 года міністр замежных спраў Германіі Артур Цымерман распрацаваў план па прыцягненні Мексікі на бок Германіі ў выпадку ўступлення ЗША ў вайну.
17 студзеня 1917 года Цымерман паслаў дэпешу з выкладам падрабязнасцей гэтага плана Ёгану Генрыху Бернстарфу, германскаму паслу ў Вашынгтоне[1]. У тэлеграме паведамлялася, што Германія плануе пачаць татальную падводную вайну супраць суднаў Антанты, але паспрабуе, каб ад нападаў германскіх падлодак не пацярпелі амерыканскія караблі, каб у ЗША не было нагоды парушыць свой нейтралітэт.
У выпадку ж, калі Вашынгтон прыме рашэнне ўступіць у вайну, паслу Германіі ў Мексіцы Гайнрыху фон Экарту было дадзена ўказанне звязацца з прэзідэнтам Мексікі, каб заахвоціць яго пачаць ваенныя дзеянні супраць ЗША на баку «Чацвярнога саюза». У выпадку перамогі Германія абяцала пасля вайны перадаць Мексіцы тэрыторыі, раней анексаваныя Злучанымі Штатамі — паўднёвыя штаты Тэхас, Нью-Мексіка і Арызону
Тэлеграма была перахоплена брытанскай разведкай і расшыфравана крыптаграфічнай службай адміралцейства («Пакой 40»)[2]. Пасля прыняцця пэўных мер засцярогі дыпламатычнага характару, тэлеграма была перададзена ў ЗША і 1 сакавіка была апублікавана ў друку[1][заўв 1].
Змест тэлеграмы Цымермана прывёў да рэзкага росту антыгерманскіх настрояў у Амерыцы. 6 красавіка 1917 года Кангрэс ЗША афіцыйна абвясціў вайну Германіі.
Тэкст тэлеграмы
[правіць | правіць зыходнік]Мы маем намер пачаць з 1 лютага бязлітасную падводную вайну. Нягледзячы ні на што, мы паспрабуем утрымаць ЗША ў стане нейтралітэту. Аднак у выпадку няўдачы мы прапануем Мексіцы: разам весці вайну і разам заключыць мір. З нашага боку мы акажам Мексіцы фінансавую дапамогу і запэўнім, што пасля заканчэння вайны яна атрымае назад страчаныя ёю тэрыторыі Тэхаса, Новай Мексікі і Арызоны. Мы даручаем вам выпрацаваць дэталі гэтага пагаднення. Вы неадкладна і цалкам сакрэтна папярэдзіце прэзідэнта Карансу, як толькі абвяшчэнне вайны паміж намі і ЗША стане здзейсненым фактам. Дадайце, што прэзідэнт Мексікі можа па сваёй ініцыятыве паведаміць японскаму паслу, што Японіі было б вельмі выгодна неадкладна далучыцца да нашага саюза. Звярніце ўвагу прэзідэнта на той факт, што мы надалей у поўнай меры выкарыстаем нашы падводныя сілы, што прымусіць Англію падпісаць мір у найбліжэйшыя месяцы.
Цымерман[3]
Арыгінальны тэкст (ням.)Wir beabsichtigen, am ersten Februar uneingeschränkten U-Boot-Krieg zu beginnen. Es wird versucht werden, Amerika trotzdem neutral zu halten. Für den Fall, dass dies nicht gelingen sollte, schlagen wir Mexiko auf folgender Grundlage Bündnis vor. Gemeinsame Kriegführung. Gemeinsamer Friedensschluss. Reichlich finanzielle Unterstützung und Einverständnis unsererseits, dass Mexiko in Texas, Neu Mexico, Arizona früher verlorenes Gebiet zurückerobert. Regelung im einzelnen Euer Hochwohlgeborenen überlassen. Euer Hochwohlgeborenen wollen Vorstehendes Präsidenten streng geheim eröffnen, sobald Kriegsausbruch mit Vereinigten Staaten feststeht, und Anregung hinzufügen, Japan von sich aus zu sofortigem Beitritt einzuladen und gleichzeitig zwischen uns und Japan zu vermitteln. Bitte Präsidenten darauf hinweisen, dass rücksichtslose Anwendung unserer U-Boote jetzt Aussicht bietet, England in wenigen Monaten zum Frieden zu zwingen. Empfang bestätigen.
Zimmermann
Перахоп і расшыфроўка тэлеграмы Брытаніяй
[правіць | правіць зыходнік]Тэлеграма была перададзена па радыё і таксама па тэлеграфе пад выглядам дыпламатычнага паведамлення праз дзве нейтральныя дзяржавы: Швецыю і Злучаныя Штаты. У Германіі не было прамога тэлеграфнага доступу да заходняга паўшар'я, таму, што англічане перасеклі трансатлантычныя кабелі немцаў і знішчылі нямецкія перадавальныя станцыі ў нейтральных краінах. Усё гэта вымусіла Германію выкарыстоўваць тэлеграфныя каналы Брытаніі і Амерыкі, нягледзячы на рызыку перахопу з боку брытанскай разведвальнай службы.
З іншага боку, прэзідэнт Вільсан дазволіў Германіі выкарыстоўваць амерыканскі дыпламатычны канал сувязі, у надзеі захаваць дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі і наблізіць канец вайны. Германія меркавала, што гэта дазволіць ёй адносна бяспечна адпраўляць сакрэтныя паведамленні ў заходняе паўшар'е, таму Брытанія не зможа выкарыстаць перахопленае паведамленне, не прызнаўшы, што правярае дыпламатычную пошту Злучаных Штатаў. Паведамленне, перададзенае гэтым шляхам, было адпраўлена з Берліна нямецкаму паслу ў Вашынгтон.
Тэлеграма была перахоплена адразу пасля адпраўкі. Крыптааналітыкі Пакоя 40 Брытанскага Адміралцейства атрымалі копію для дэшыфроўкі. У Тэлеграме быў выкарыстаны шыфр 0075, які быў ужо часткова ўзламаны ў Пакоі 40. Англічане змаглі расшыфраваць нямецкія коды дзякуючы сігнальным кнігам, захопленым рускім флотам на крэйсеры «Магдэбург» і ў бітве ў Фінскім заліве[4].
Для Брытанскага ўрада тэлеграма была бліскучай магчымасцю прымусіць Злучаныя Штаты ўступіць у Першую сусветную вайну на баку саюзнікаў. Антыгерманскія настроі ў Злучаных Штатах у той момант былі надзвычай моцнымі з-за неабмежаванай падводнай вайны немцаў. Але перад Брытаніяй стаялі дзве праблемы: трэба было растлумачыць амерыканцам, як была атрымана тэлеграма, не раскрыўшы пры гэтым, што брытанская разведвальная служба правярае дыпламатычную пошту нейтральных краін; і трэба было даць публічнае тлумачэнне таго, як тэлеграма была расшыфравана, так каб Германія не западозрыла, што яе коды былі ўзламаны.
Брытанія вырашыла першую праблему, атрымаўшы шыфраваны тэкст тэлеграмы з тэлеграфнага аддзялення ў Мексіцы. Англічане здагадаліся, што нямецкі пасол з Вашынгтона перадасць паведамленне ў Мексіку камерцыйным тэлеграфам, таму ў мексіканскага тэлеграфнага аддзялення апынецца копія зашыфраванага тэксту.
«Містар Х», брытанскі агент у Мексіцы, падкупіў служачага тэлеграфнай кампаніі, такім чынам здабыўшы копію паведамлення (Томас Хохлер ), тады брытанскі пасол у Мексіцы, у сваёй аўтабіяграфіі прызнаўся, што гэта ён і быў Містарам Х). Гэта копія бесперашкодна магла быць перададзена амерыканцам. Яна была зашыфравана кодам 13040, узор якога Брытанія атрымала ў Месапатаміі, і такім чынам да сярэдзіны лютага ў Брытаніі з'явіўся поўны тэкст.
Другую праблему вырашыла прыдуманая гісторыя пра тое, што дэшыфраваны тэкст тэлеграмы быў выкрадзены ў Мексіцы (Брытанія паінфармавала Злучаныя Штаты пра расшыфроўку, падмацаваўшы аднак гэты факт гісторыяй пра крадзеж). Нямецкі ўрад адмовіўся разглядаць магчымасць узлому кода, замест гэтага ён даручыў фон Экарту знайсці шпіёна ў пасольстве ў Мексіцы.
Перадача тэлеграмы ЗША
[правіць | правіць зыходнік]19 лютага Уільям Хол, кіраўнік Упраўлення ваенна-марской разведкі Вялікабрытаніі, у склад якой уваходзіў «Пакой 40», паказаў тэлеграму сакратару пасольства Злучаных Штатаў у Вялікабрытаніі Эдварду Белу (Edward Bell).
Прачытаючы дэпешу Цымермана, Бел спачатку, як і меркавалася, палічыў гэта хітрасцю брытанскай сакрэтнай службы з мэтай уцягнуць ЗША ў вайну. Але Хол пакляўся гонарам брытанскага афіцэра, што дэпеша сапраўдная і ўрэшце здолеў пераканаць у гэтым свайго амерыканскага сябра.[5]
20 лютага Хол неафіцыйна пасылае копію паслу Злучаных Штатаў Уолтэру Пейджу (Walter Page). Пейдж сустрэўся з міністрам замежных спраў Бальфурам і атрымаў шыфраваны тэкст, арыгінал на нямецкай мове і англійскі пераклад. Пасля гэтага Пейдж паведаміў аб усім прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану.
Уздзеянне на Злучаныя Штаты
[правіць | правіць зыходнік]У той час у ЗША панавалі антымексіканскія і антыгерманскія настроі. Генерал Джон Першынг доўгі час пераследваў мексіканскага рэвалюцыянера Панча Вілью, які разам з атрадам паўстанцаў здзейсніў некалькі нападаў на прыгранічныя амерыканскія паселішчы. Мексіка, у сваю чаргу, вяла антыамерыканскую і ў некаторых выпадках антыеўрапейскую палітыку. Так што вестка пра Тэлеграму стварыла яшчэ большае напружанне ў адносінах паміж ЗША і Мексікай.
З іншага боку, у ЗША былі прыкметныя і антыбрытанскія настроі, асабліва сярод немцаў і выхадцаў з Ірландыі. Да пачатку 1917 года амерыканская прэса сімпатызавала Брытаніі і Францыі не больш, чым Германіі, а пераважная большасць амерыканцаў жадалі б пазбегнуць удзелу ЗША ў вайне ў Еўропе.
Спачатку Тэлеграма была ўспрынята як фальшыўка, вырабленая брытанскай разведкай. Гэта перакананне (якое падзялялі не толькі пацыфісты і нямецкія лабісты) падтрымлівалася германскімі і мексіканскімі дыпламатамі, а таксама некаторымі амерыканскімі газетамі, у прыватнасці газетамі амерыканскага медыямагната Уільяма Херста.
Усе сумненні развеяў, як гэта ні дзіўна, сам Артур Цымерман. 29 сакавіка ён заявіў пра аўтэнтычнасць тэксту Тэлеграмы.
1 лютага Германія аднавіла сваю неабмежаваную падводную вайну, якая выклікала шматлікія ахвяры сярод грамадзянскіх асоб, уключаючы амерыканскіх пасажыраў англійскіх караблёў. Гэта выклікала распаўсюджванне антыгерманскіх пачуццяў у Злучаных Штатах, а Тэлеграма значна іх узмацніла. Асаблівай абразай амерыканцы лічылі той факт, што яна была перададзена па дыпламатычным канале сувязі ЗША. Амерыканская грамадскасць канчаткова паверыла ў сапраўднасць Тэлеграмы і ўступленне ЗША ў вайну стала непазбежным.
Рэакцыя Мексікі
[правіць | правіць зыходнік]Мексіканскі ўрад палічыў немагчымым далучэнне былых тэрыторый па некалькіх прычынах:
- Спроба захапіць ранейшыя тэрыторыі прывяла б да поўнамаштабнай вайны са Злучанымі Штатамі.
- Незалежна ад памеру германская фінансавая дапамога была б бескарысная. Мексіка не змагла б набыць зброю, амуніцыю і іншае, таму што ЗША былі адзіным буйным вытворцам зброі на Амерыканскім кантыненце. Каралеўскі ваенна-марскі флот кантраляваў марскія шляхі ў Атлантыку, так што і Германіі не ўдалася б пераправіць дастатковую колькасць зброі.
- Нават калі б Мексіка атрымала ўсе неабходныя сродкі для захопу тэрыторыі, ёй было б вельмі цяжка дамовіцца з мясцовым англамоўным насельніцтвам.
У ваенным плане планы Германіі, пра якія паведамлялася ў тэлеграме, былі бессэнсоўнымі. Мексіку раздзірала грамадзянская вайна, яе эканоміка ляжала ў руінах, а армія не ўяўляла сур'ёзнай ваеннай сілы, у яе не было нават дастатковай колькасці патронаў[6].
Прэзідэнт Мексікі Венусціяна Каранса адпрэчыў прапанову Цымермана 14 красавіка. У той час ЗША ўжо абвясцілі Германіі вайну.
Злучаныя Штаты абвяшчаюць вайну Германіі
[правіць | правіць зыходнік]Вільсан прапанаваў Кангрэсу ўзмацніць узбраенне амерыканскіх караблёў, каб яны маглі супрацьстаяць магчымым нападам германскіх падводных лодак. Праз некалькі дзён, 2 красавіка 1917 года, ён паставіў перад Кангрэсам пытанне аб абвяшчэнні вайны Германіі. 6 красавіка 1917 года Кангрэс даў згоду. Злучаныя Штаты ўступілі ў Першую сусветную вайну.
Тэлеграма была не адзінай прычынай, якая падштурхнула ЗША да абвяшчэння вайны. Нямецкія падлодкі тапілі караблі Злучаных Штатаў і караблі з грамадзянамі ЗША на борце. Пасажырскі лайнер «Лузітанія» быў патоплены каля ўзбярэжжа Ірландыі ў 1915 годзе. «Лузітанія», аднак, ішла пад сцягам ваюючай дзяржавы (Вялікабрытаніі) і знаходзілася ў раёне баявых дзеянняў, а немцы загадзя папярэдзілі пра небяспеку, звязаную са знаходжаннем на гэтым караблі.[7] Упэўненыя, што грамадзяне нейтральных краін маюць права свабодна плаваць на падобных суднах, ЗША праігнаравала гэтыя папярэджанні.
Нямецкімі падлодкамі былі патоплены і іншыя караблі ЗША: «Хаўзатонік» («Housatonic») у лютым 1917 года ў Біскайскім заліве[8] і «Каліфорнія» (California) каля ўзбярэжжа Ірландыі.[9]
Гістарычны постскрыптум
[правіць | правіць зыходнік]Доўгі час арыгінал тэлеграмы лічыўся згубленым. Асноўная маса дакументаў, якія тычацца Першай сусветнай вайны, была знішчана па загадзе кіраўніка ваенна-марской разведкі адмірала Рэджынальда Хола. У Нацыянальным архіве Вялікабрытаніі захавалася толькі фотакопія, што пасля нават дало нагоду гісторыкам лічыць, што «Тэлеграма Цымермана» была фальшыўкай.
Ананімны брытанскі гісторык, які займаецца вывучэннем гісторыі Дзяржаўнага штаба камунікацый (разведвальнай арганізацыі, што займалася перахопам паведамленняў), паведаміў, што яму ўдалося знайсці арыгінал дакумента з аўтографам Р. Хола: «Гэты дакумент перададзены Пейджу і паказаны прэзідэнту».[10]
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в «Why was the Zimmerman Telegram so important?», BBC News, 17.01.2017
- ↑ Historical Notes: 184 King's Road, Tighnabruaich . The Independent, 8 September 1999. Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2011. Праверана 23 мая 2009. (англ.)
- ↑ Як немцы меркавалі напасці на ЗША
- ↑ Polmar, Norman and Jurrien Noot. Submarines of the Russian and Soviet Navies 1718—1990. Annapolis: US Navel Institute Press, 1991
- ↑ Артур Цымерман
- ↑ Ваенная хлусня
- ↑ A warning issued by the Imperial German Embassy in Washington about travelling on Britain’s RMS Lusitania.
- ↑ "Captain Says U-53 Sank Housatonic" (pdf). New York Times. February 21, 1917. Праверана 2008-04-25.
- ↑ Timeline of WW1 Архівавана 21 лістапада 2010.
- ↑ Знойдзена тэлеграма, «якая ўцягнула» ЗША ў Першую сусветную вайну
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дэвид Кан. Взломщики кодов. — М.: Центрполиграф, 2000. — ISBN 5-227-00678-4
- Р. Букар. В недрах секретных архивов. — М.: Воениздат НКО СССР, 1938.
- Э. Бояджи. История шпионажа. Т. 1. — М.: Олма-Пресс, 2003. — С. 130. — ISBN 5-224-02646-6
- Р. Гибсон, М. Прендергаст. Германская подводная война 1914—1918 гг. — Минск: Харвест, 2002. — ISBN 985-13-0651-7