Тэрэна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэрэна
(Terena)
Агульная колькасць 27000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Бразілія
Мова тэрэна
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы чанэ, баурэ, моха

Тэрэна (саманазва Terena) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы. Насяляюць пераважна бразільскі штат Мату-Гросу. Агульная колькасць (2021 г.) — 27 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Індзейцы тэрэна — нашчадкі аравакамоўных чанэ, што насялялі землі на захад ад ракі Парана. Да сярэдзіны XVI ст. яны трапілі ў залежнасць ад качэўнікаў мбая. У 1760-х гг. пад ціскам іспанцаў мбая і тэрэна пераправіліся на ўсходні бераг. У 1791 г. мбая былі вымушаны заключыць дагавор з партугальцамі. Тэрэна выкарысталі гэта для таго, каб перайсці ў падданства партугальцам і такім чынам вызваліцца ад мбая. У 1797 г. губернатар Мату-Гросу афіцыйна пацвердзіў васалітэт правадыра тэрэна ў адносінах да партугальскай кароны.

У XIX ст. тэрэна насялялі землі на памежжы Бразіліі і Парагвая. У 1866 г. парагвайцы ўварваліся ў Мату-Гросу і знішчылі большасць вёсак тэрэна. Пасля заканчэння вайны пацярпелыя не атрымалі кампенсацыі ад урада Бразіліі. Болей за тое, іх землі былі захоплены каланістамі з іншых рэгіёнаў краіны. Новыя ўладальнікі зямлі патрабавалі працаваць на іх плантацыях у абмен на дазвол сяліцца на месцы сваіх вёсак. З 1913 г. урад пачаў вылучаць землі для стварэння аўтаномных індзейскіх абшчын. У нашы дні ў Мату-Гросу існуе 9 абшчын тэрэна, у якіх жыве большасць прадстаўнікоў гэтага народа. Абшчыны не мяжуюць адна з іншай, аднак маюць сталыя кантакты паміж сабою. У абшчыне Кашуэйрынья знаходзіцца рэзідэнцыя вярхоўнага правадыра.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Тэрэна здаўна займаюцца земляробствам. Вырошчваюць такія культуры, як маніёк, цукровы трыснёг, кукурузу, рыс, бульбу і інш. Пад уплывам мбая, а потым партугальцаў пачалі трымаць коней і кароў. У нашы дні таксама трымаюць курэй, у тым ліку з камерцыйнымі мэтамі. Большая частка працы на палетках выконваецца жанчынамі. Мужчыны дапамагаюць збіраць ураджай, займаюцца прысядзібнай гаспадаркай, збіральніцтвам і рамяством.

Важным заняткам застаецца збор прадуктаў дзікіх пальм. Многія маладыя людзі працуюць па-за межамі абшчын у дзяржаўных установах, гарадскіх прамысловых прадпрыемствах, наймаюцца ў якасці часовых рабочых да бразільскіх сялян. Тэрэна славяцца як выдатныя ганчары, вытворцы гамакоў, капелюшоў і веераў.

Тэрэна традыцыйна жывуць у сталых паселішчах. У далёкім мінулым яны будавалі вялікія круглявыя хаціны для пашыраных сем’яў, што месціліся вакол цэнтральнага пляца. Пасля стварэння аўтаномных абшчын асноўным відам паселішча стала вёска, або «сектар». Буйныя пашыраныя сем’і распаліся на малыя нуклеарныя, таму кожная сям’я мае ўласны сучасны дом з прысядзібнай гаспадаркай.

У старажытнасці грамадства тэрэна падзялялася на 3 пласты. На вышэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі правадыры naati. Ніжэй за іх — свабодныя абшчыннікі waherê-txané. Меўся ваенны клас xuna-xati. З ліку яго прадстаўнікоў вылучаліся ваенныя правадыры, улада якіх ніколі не распаўсюджвалася далей за камандаванне ваеннымі атрадамі. На ніжэйшай прыступцы знаходзіліся kauti — ваеннапалонныя або проста прадстаўнікі іншых індзейскіх плямён, што далучаліся да тэрэна. Акрамя таго, тэрэна мелі 2 экзагамныя фратрыі Sukirikionó і Xumonó. Шлюбы знутры фратрый забараняліся. Іх чальцы разам арганізоўвалі рэлігійныя абрады. У нашы дні падзел на сацыяльныя пласты і экзагамныя фратрыі не з’яўляецца істотным. Многія тэрэна блытаюцца або не ведаюць, да якіх традыцыйных груп належаць.

У «сектарах» існуюць органы самакіравання ў выглядзе рады старэйшын і выбранага правадыра capitão. Тэрэна таксама выбіраюць вярхоўнага правадыра. Яго ўлада вельмі намінальная. Пры ўзнікненні спрэчак паміж аўтаномнай абшчынай і супольным кіраўніцтвам першынство ў вырашэнні пытанняў застаецца за абшчынай. Фармальна ўсе землі «сектараў» належаць ці перададзены ў карыстанне абшчыне. У рэчаіснасці яны складаюцца з прыватных надзелаў, абшчынных сельскагаспадарчых палеткаў і супольных лясных тэрыторый.

Шлюбы заключаюцца па дамове паміж жаніхом і бацькамі нявесты. Напярэдадні вяселля жаніх некаторы час аказвае дапамогу сваякам нявесты. Сем’і нявесты і жаніха разам займаюцца збіральніцтвам. Тэрэна лічацца лагоднымі бацькамі, якія не ўжываюць фізічныя пакаранні ў дачыненні да малых дзяцей. Амаль да 6 гадоў працягваецца перыяд кармлення матчыным малаком. У нашы дні дзеці тэрэна атрымоўваюць абавязковую школьную адукацыю.

Найбольш важнае традыцыйнае свята Oheokoti арганізуецца напярэдадні збору ўраджая. Яно суправаджаецца танцамі «біцця дрэва» kohixotikipahé і жаночым putu-putu пад барабанную музыку.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова тэрэна адносіцца да аравакскай сям’і. Выкладаецца ў школах аўтаномных абшчын нароўні з партугальскай. У 2006 г. ёю карысталіся 15 800 чалавек[2]. Пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства, аднак захоўваюцца традыцыйныя ўяўленні пра наяўнасць душы hoipihapati, якой валодаюць усе жывыя істоты. Паводле міфаў, людзі атрымалі асноўныя здабыткі ад блізнят Yurikoyuvakai. Арганізацыяй традыцыйных рытуалаў, лекаваннем абшчыннікаў і прадказаннем будучага займаюцца шаманы koixomuneti.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]