Узброены нейтралітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Узброены нейтралітэт у міжнародным праве — абвешчаны нейтральнай дзяржавай або групай нейтральных дзяржаў стан гатоўнасці абараняць свой марскі гандаль ад ваюючых на моры дзяржаў пры дапамозе ўзброеных сіл (напрыклад, шляхам канваіравання нейтральных гандлёвых судоў ваеннымі караблямі).

Першы ўзброены нейтралітэт[правіць | правіць зыходнік]

Першы ўзброены нейтралітэт — саюз Расіі, Даніі і Швецыі, а таксама шэрагу іншых дзяржаў, які склаўся ў 17791783 гадах падчас вайны паўночнаамерыканскіх калоній за незалежнасць, накіраваны на абарону суднаходства нейтральных краін.

У 1778 годзе Расія прапанавала Даніі разам ахоўваць гандлёвыя судны, якія накіроўваліся ў рускія парты. Увесну 1779 года Расія, Данія і Швецыя, не ўступаючы ў фармальны саюз, накіравалі ваюючым краінам — Вялікабрытаніі, Францыі і Іспаніі — дэкларацыі аб мерах, прадпрынятых імі для абароны нейтральнага гандлю, і выслалі ў моры па невялікай эскадры.

Калі ж іспанцамі былі захоплены галандскія і рускія караблі, якія рухаліся з рускім хлебам у міжземнаморскія парты, 28 лютага (10 сакавіка1780 года Кацярына II звярнулася да Вялікабрытаніі, Францыі і Іспаніі з дэкларацыяй, у якой выкладаліся такія прынцыпы ўзброенага нейтралітэту:

  1. нейтральныя караблі могуць свабодна хадзіць ля берагоў ваюючых дзяржаў;
  2. непрыяцельская ўласнасць пад нейтральным сцягам (за выключэннем «запаведных тавараў») недатыкальна;
  3. прадметамі ваеннай кантрабанды прызнаюцца толькі зброя і розны ваенны рыштунак;
  4. блакаваным лічыцца толькі порт, уваход у які практычна абцяжараны ў сувязі з дзеяннямі ваенна-марскіх сіл ваюючых дзяржаў.

На гэтай аснове Расія заключыла канвенцыі з Даніяй 9 (20) ліпеня 1780 года і Швецыяй 1 (12) жніўня 1780 года. Пацвердзіўшы прынцыпы, выкладзеныя ў дэкларацыі ад 28 лютага (10 сакавіка1780 года, дагаворныя бакі абвясцілі аб закрыцці Балтыйскага мора для ваенных судоў ваюючых дзяржаў і аб узаемным абавязацельстве абараняць абвешчаныя прынцыпы. Такім чынам, паўстаў саюз трох дзяржаў, вядомы пад імем «першага ўзброенага нейтралітэту». Да «ўзброенага нейтралітэту» 4 студзеня 1781 года далучыліся Нідэрланды, 8 мая 1781 года — Прусія, 9 кастрычніка 1781 года — Аўстрыя, 13 ліпеня 1782 года — Партугалія і 10 лютага 1783 года — Каралеўства Абедзвюх Сіцылій. Францыя, Іспанія і ЗША таксама прызналі прынцыпы «ўзброенага нейтралітэту», хоць фармальна да яго не далучыліся. З буйных марскіх дзяржаў толькі Вялікабрытанія не прызнала «ўзброены нейтралітэт». Пасля заключэння Версальскага мірнага дагавора 1783 першы ўзброены нейтралітэт распаўся[1].

Другі узброены нейтралітэт[правіць | правіць зыходнік]

У 1800 годзе, у сувязі з захопам англічанамі дацкага фрэгата «Фрэя», Павел I звярнуўся да Даніі, Прусіі і Швецыі з прапановай адрадзіць прынцыпы першага ўзброенага нейтралітэту. У Санкт-Пецярбургу ў перыяд 4—6 (16—18) снежня 1800 года былі падпісаны канвенцыі з Даніяй, Швецыяй і Прусіяй, вядомыя як «другі ўзброены нейтралітэт». Канвенцыі 1800 года, паўтарыўшы прынцыпы першага ўзброенага нейтралітэту, дапоўнілі іх патрабаваннем спецыяльнай абвесткі нейтральных судоў аб блакадзе дадзенага порта для атрымання права на абвінавачванне нейтральнага судна ў парушэнні блакады; прызнаннем таго, што нейтральныя гандлёвыя судны, якія ідуць пад канвоем нейтральнага вайсковага судна, не могуць быць падвергнутыя дагляду, калі камандзір канвою заявіць, што на іх няма кантрабанды.

Другі ўзброены нейтралітэт дзейнічаў да красавіка 1801 года, калі пасля нечаканага нападу Нельсана на Капенгаген і знішчэння дацкага флота было заключана перамір’е паміж Вялікабрытаніяй і Даніяй. Неўзабаве ў Расіі адбыўся пераварот, Павел I быў зрынуты і забіты. Пасля гэтага і другі ўзброены нейтралітэт распаўся.

У далейшым палажэнні ўзброенага нейтралітэту знайшлі адлюстраванне ў Парыжскай дэкларацыі «аб марской вайне» 1856 года.

У XX стагоддзі палажэнні ўзброенага нейтралітэту знайшлі сваё адлюстраванне ў Гаагскіх канвенцыях аб захопе нейтральных гандлёвых судоў 1907 года, таксама ў Ніёнскім пагадненні і лонданскім пратаколе 1937 года аб барацьбе з пірацкімі нападамі падводных лодак на гандлёвыя судны.

Зноскі

  1. Гребенщикова Г. А. Вооружённый нейтралитет Екатерины II: причины и следствия. // Военно-исторический журнал. — 2007. — № 4. — С.26-29.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]