Цэласная рэканструкцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Цэласная рэканструкцыя (ад лац.: re — прыстаўка, якая азначае паўтарэнне, і лац.: constructio — пабудова) — від рэканструкцыі, метад рэнавацыі, які прадугледжвае аднаўленне страчаных архітэктурных помнікаў. Аднаўленне першапачатковага аблічча аб’екта, звязанае са зменамі ў канструктыўным, функцыянальным і мастацкім плане.[1]

Пад аднаўленнем разумеюць збудаванне будынка зноў на падмурках або на іншага роду рэштках загінулага помніка архітэктуры. Пры гэтым выяўленне мастацкіх вартасцяў помніка архітэктуры адбываецца толькі часткова, у ўмоўнай форме своеасаблівага «макета ў натуральную велічыню».[2] Дазвол на такога роду працы даецца толькі ў рэдкіх, выключных выпадках, так як рэстаўрацыйныя працы не павінны парушаць старых субстанцый і павінны абапірацца на сапраўдныя дакументы. Аднаўленне магчыма толькі пры наяўнасці вычарпальных зыходных дадзеных (абмеры, фатаграфіі і т. д.) і праводзіцца ў тым выпадку, калі помнік мае выключна унікальнае значэнне як твор нацыянальнага дойлідства.

Арт. 15 «Венецыянскай Хартыі па пытаннях захавання і рэстаўрацыі помнікаў і славутых месцаў» абвяшчае: «Усякая рэканструкцыя павінна быць выключана першапачаткова, можна дапусціць толькі анасцілоз, гэта значыць вяртанне на свае месцы захаваўшыхся, але разрозненых фрагментаў. Уведзеныя элементы заўсёды павінны быць распазнавальнымі і ўяўляць сабой мінімум, неабходны для забеспячэння ўмоў кансервацыі помніка і аднаўлення адзінства яго формаў».

Цэласная рэканструкцыя павінна быць навуковай і глыбока аргументаванай, стварацца на аснове матэрыялаў, якія даюць уяўленне аб яго абліччы і структуры:

  • захаваўшыхся частак або фрагментаў помніка, (метад рэстаўрацыі, пры якім разбураны помнік аднаўляецца з асобных яго частак, называецца анасцілозам) (anastylosis),
  • пісьмовых крыніц,
  • выяўленчых матэрыялаў,
  • архітэктурных або архітэктурна-археалагічных абмераў,
  • стэрэафотаграметрыі (метад вымярэння аб'ёмных формаў).

Згодна з «The Burra Charter» (прынятай у 1979 г. у Аўстраліі) аднаўленчым работам павінны папярэднічаць навуковыя даследаванні па змене помнікаў і вывучэнне гісторыка-архіўных матэрыялаў, якія ўключаюць наступныя крокі:

  1. Ацэнка культурнага значэння.
  2. Распрацоўка палітыкі і стратэгіі захавання.
  3. Выкананне стратэгіі захавання.

Міжнародныя Хартыі і рэкамендацыі UNESCO у галіне аховы сусветнай культурнай спадчыны грунтуюцца на непрыняцці рэканструкцыі і яе ажыцяўленні толькі ў выключных выпадках. Асноўныя дакументы, якія рэгулююць нормы захавання спадчыны, указваюць на тое, што рэканструкцыя павінна ажыцяўляцца на падставе дакладных дакументальных сведчанняў аб арыгінале, а не гіпотызе, таму яна немагчымая, калі ажыцяўляецца на дапушчэннях ці меркаваннях і можа пагражаць захаваўшымся аўтэнтычным руінам.

Пытанні аўтэнтычнасці і праблемы рэканструкцыі маюць асаблівае значэнне. Для краін Балтыі і Усходняй Еўропы, якія панеслі ў час вайны вялікі ўрон, у пасляваенны час рэканструкцыя і ўзнаўленне страчаных помнікаў і месц стала палітычным і ідэалагічным сімвалам, сродкам аднаўлення страт і фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці.

У мэтах распрацоўкі структуры аналізу прапаноў і ўдакладнення пытанняў па рэканструкцыі пры супрацоўніцтве з Цэнтрам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і Міжнародным даследчыцкім цэнтрам па захаванні і рэстаўрацыі культурных каштоўнасьцяў (IССRОМ) 23-24 кастрычніка 2000 г. адбыўся семінар «Аўтэнтычнасць і гістарычная рэканструкцыя культурнай спадчыны» у г. Рыга, Латвія, у выніку якога была прынятая «Рыжская хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны»[3]. Згодна з «Рыжскай хартыяй» поўнае аднаўленне аб’ектаў з’яўляецца падменай сапраўднага помніка мінулага, аднак:

«§ 6. у выключных выпадках рэканструкцыя з'яўляецца дапушчальнай, калі спадчына была страчана ў выніку стыхійнага або справакаванага чалавекам бедстваў, калі ў гісторыі і культуры рэгіёну помнік вызначаецца выдатнымі мастацкімі, сімвалічнымі якасцямі або мае асаблівае значэнне ў захаванні асяроддзя (гарадскога або сельскага)»

[4]

Руіны Петрадварца. Разбурана ў перыяд 1941—1944 гадоў.

Пры гэтым павінны выконвацца наступныя ўмовы:

  • ёсць доступ да адпаведных даследаванняў і гістарычных дакументаў (уключаючы іканаграфічныя, архіўныя і матэрыяльныя сведчанні);
  • рэканструкцыя не скажае агульнагарадскі кантэкст або краявід; і
  • пры рэканструкцыі аб'екта не будзе пашкоджана існуючая гістарычная структура; і
  • пры абавязковай умове, калі рэканструкцыя прызнаецца неабходнай у выніку грунтоўных і адкрытых кансультацый паміж прадстаўнікоў дзяржаўнай і мясцовай адміністрацыі і зацікаўленай грамадскасці[5].
Трыумфальная арка ў Маскве.

Прыкладам аднаўлення можа служыць знішчаны фашыстамі ў гады Другой сусветнай вайны і падняты з руін палацава-паркавы комплекс Петрадварца ў прыгарадзе Ленінграда.[6]

Таксама былі адноўлены царква XII стагоддзя Спас-Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе, «Старое Място» у Варшаве. У Маскве, на Кутузаўскім праспекце, дзе засяроджаны шэраг помнікаў, звязаных з Айчыннай вайной 1812, адноўлены ў 1968 г. Трыўмфальныя вароты О. І. Бове.[7]

Эстэтычная каштоўнасць[правіць | правіць зыходнік]

Існуе праблема разумення і адносінаў да дакладнасці і сапраўднасці адноўленых аб'ектаў, паколькі цэласная рэканструкцыя толькі замяняе страчаны помнік, робіць копію, узнаўленне аб'екта. Пры аднаўленні страчанага архітэктурнага помніка значным момантам з'яўляецца выкарыстанне максімальна набліжаных да ідэнтычных матэрыялаў і арыентацыя на захаваўшыеся сапраўдныя фрагменты, калі такія ёсць. У перыяд станаўлення навуковай рэстаўрацыі ў другой палове ХIХ ст. лічылася дастатковым захаваць месца, на якім знаходзіўся архітэктурны будынак, а адноўлены аб'ект набываў значэнне «помніка старажытнасці», то бок паўтарэнне першапачатковага будынка.

Рэстаўратар К. І. Маслаў зноў адбудаваныя аб'екты, якія прэтэндуюць на імітацыю сапраўднасці, вызначае як «увасобленая занядбанасць гісторыі». Адноўлены храм у сілу «асветленасці», можа быць прызнаны, «але, калі яго ўяўляюць як аб'ект (сапраўдны) культурнай спадчыны, ён становіцца сімулякрам». Такім чынам, як крайняя форма рэканструкцыі ён можа разглядацца толькі як помнік нашай эпохі. Адмаўляючы неабходнасць падобных «аднаўленняў», аўтар заклікае да «дэміталягізацыі, дэмістыфікацыі, выкрыцця» гэтых досведаў.[8]

Зноскі

  1. Архитектурно-историческая среда: учебное пособие / сост. Б. Е. Сотников. — Ульяновск: УлГТУ, 2010. ISBN 978-5-9795-0816-0
  2. Реставрация памятников архитектуры (развитие теоретических концепций). Е. В. Михайловский, М., 1971. Глава II. Эпоха стилистических реставраций http://art-con.ru/node/4963 Архівавана 16 сакавіка 2013.
  3. Беларускі камітэт ICOMOS. Хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны ("Рыжская хартыя ") 2000 г. http://icomos.by/mizhnarodnyja-narmatyunyja-akty/21-ryzhskaya-khartyya-2000 Архівавана 21 верасня 2013.
  4. Беларускі камітэт ICOMOS. Хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны ("Рыжская хартыя") 2000 г. http://icomos.by/mizhnarodnyja-narmatyunyja-akty/21-ryzhskaya-khartyya-2000
  5. Беларускі камітэт ICOMOS. Хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны ("Рыжская хартыя ") 2000 г. http://icomos.by/mizhnarodnyja-narmatyunyja-akty/21-ryzhskaya-khartyya-2000 Архівавана 21 верасня 2013.
  6. Петергоф. Военные годы и восстановление. http://www.peterhof.ru/?m=193
  7. А. А. Смирнов. Триумфальная арка в Москве. http://www.museum.ru/museum/1812/Memorial/Arka/
  8. Алёшин А. Б. Реконструкция. Сохранение или уничтожение? Часть II. http://archi.ru/press/russia/press_current.html?nid=1650


Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]