Уладзіслаў Брахоцкі
Уладзіслаў Брахоцкі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 24 студзеня 1810, 30 мая 1816 ці 1810[1][2] | ||||||
Смерць |
10 снежня 1896 ці 1896[1][2] |
||||||
Род | Брахоцкія | ||||||
Бацька | Рох Брахоцкі[d] | ||||||
Маці | Аляксандра з Алендскіх[d] | ||||||
Жонка | Алена з Дыбоўскіх[d] |
Уладзіслаў Казімір Іпаліт Брахоцкі (30 мая 1816 — 10 снежня 1896) — арыстакрат, удзельнік паўстанняў 1831 і 1863-1864 гадоў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са шляхецкага роду Брахоцкіх герба «Праўдзіц», сын Роха і Аляксандры Алендскай. Меў братоў Антонія (1824—1885) і Аляксандра. памешчык Наваградскага павета Мінскай губерні, разам з братамі суўладальнік маёнткаў Морына і Гаўя, а таксама маёнтка Вераскава Навагрудскага павета, які перайшоў яму ад жонкі пасля шлюбу. Каталік паводле веравызнання.
Вучыўся ў Віленскім універсітэце. 22 мая 1829 года атрымаў чын калежскага сакратара.
22 студзеня 1831 года падпісаў адрас ад імя таварыства «Згуртаванне братоў» да варшаўскага сейма. У паўстанні 1831 года дзейнічаў пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі Валенція Брахоцкага, затым паручнік 13-га ўланскага палка, у складзе якога дайшоў да Варшавы. У бітве пры Альшынцы Грахоўскай пад ім забіла каня[3]. У Варшаве 8 жніўня 1831 года ўдзельнічаў у Гродзенскім сейміку па абранні дэпутатаў на сейм.
5 кастрычніка 1831 года прыбыў з Мацеем Рыбінскім у Прусію. Маёнткі трапілі пад секвестр. Знаходзіўся за мяжой тры гады, пасля звяртаўся да ўладаў з просьбай аб літасці. У працэсе разгляду справы ягонага ўдзелу ў паўстанні быў прызнаны непаўнагадовым, што ставіць пад сумнеў дату ягонага нараджэння 24 студзеня 1810 года, прыведзеную ў Польскім біяграфічным слоўніку. У якасці пакарання быў скіраваны на прымусовую ўрадавую службу пры віленскім генерал-губернатары М. Даўгарукаве.
Праз тры гады пакінуў службу і пасяліўся ў родавым маёнтку Гаўя ў Навагрудскім павеце. З 1856 года на падставе запрашэння Яўстаха Тышкевіча становіцца членам дабрачынцам Віленскай археалагічнай камісіі. У перыяд 1858—1863 гадоў з’яўляўся апошнім маршалкам Навагрудскага павета.
Уладзіслаў выступаў катэгарычна супраць алкаголю, таму на сваіх землях знішчыў усе пітныя ўстановы. Запрасіў віленскіх манашак для дапамогі ў Наваградскіх шпіталях хворым[4]. У 1860 годзе стаў адным з ініцыятараў заснавання Навагрудскай бібліятэкі, выступаючы таксама яе ганаровым куратарам. У 1861 годзе ахвяраваў гэтай бібліятэцы 64 выданні ў 111 тамах і, акрамя гэтага, выдаў сродкі на яе заснаванне і ўтрыманне. Зборы бібліятэкі, канфіскаваныя пасля паўстання 1863 года, былі перавезеныя ў Вільню. Падчас прыезду Уладзіслава Міцкевіча вясной 1861 года ў Навагрудак Брахоцкі быў арганізатарам сустрэчы, зладжанай у ягоны гонар.
У паўстанні 1863 года належаў да наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Сярод паўстанцаў знаходзіўся таксама ягоны родны брат Антоні, маршалак Ашмянскага павета, сасланы ва Уфімскую губерню. Акрамя гэтага, у ягоным маёнтку пры дапамозе жонкі Алены Дыбоўскай хаваліся паўстанцы. З 24 мая 1863 года трапіў пад следства Мінскай следчай камісіі. Быў асуджаны за тое, што не паведаміў уладам пра прапанову Канстанціна Кашыца ўзначаліць выступленне ў Навагрудскім павеце, а таксама за фінансавую дапамогу паўстанцам, на патрэбы якіх выдаў грошы з кіраванага ім маёнтка Умястоўскай. Па канфірмацыі галоўнакамандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі ад 13 студзеня 1864 года Брахоцкі быў асуджаны на ўтрыманне пад пільным паліцэйскім наглядам і кантрыбуцыю з маёнтка на 10 %. 22 студзеня 1864 года быў высланы на жыхарства ў Пермскую губерню. У 1865 годзе атрымаў дазвол на часовы прыезд у Навагрудскі павет.
У 1867 годзе Брахоцкі ўжо жыў у Рызе, а ў 1873 годзе знаходзіўся ў Адэсе, дзе атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Як пазначае Р. Афтаназы, у 1874 годзе Брахоцкі вярнуўся ў Вераскава і заставаўся там да канца жыцця, займаючыся гаспадаркай. У 1873 годзе амаль адразу пасля вяртання з ссылкі памерла Алена Брахоцкая[4][5]. Пахавана была недалёк ад маёнтка каля капліцы ў Вераскаве[4].
Памёр у Вераскаве. Паколькі дзяцей у Алены і Уладзіслава Брахоўскіх не было, то пасля 1896 года маёнтак пераходзіць да пляменніка Уладзіслава — Уладзіслава Тамаша Брахоцкага[4].
З каштоўных збораў, якімі валодалі Брахоцкія, амаль нічога не захавалася. Большасць з іх знікла яшчэ перад 1939 годам. Згадваецца толькі пра срэбраны посуд з гербам Дыбоўскіх і партрэты самога Брахоцкага ды ягонай жонкі Алены Дыбоўскай. У Нацыянальнай бібліятэцы Варшавы захоўваецца ягоны фотаздымак, зроблены ў 1885—1890 ггадах у віленскай майстэрні «Братоў Чыж».
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Жанаты з Аленай Дыбоўскай (1823—1878), дачкой старшыні Навагрудскага гродскага суда Тамаша Дыбоўскага і Антаніны Маркевіч (пам. 18 сакавіка 1875). Дзяцей не меў.
Зноскі
- ↑ а б CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
- ↑ а б MAK
- ↑ Андрэй Брахоцкі
- ↑ а б в г ВЕРАСКАВА (Гарадзенская вобласць)
- ↑ Паводле дакументаў, на 1878 год Брахоцкі быў удаўцом.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вольга Гарбачова. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках Архівавана 30 красавіка 2022.
- Нарадзіліся 24 студзеня
- Нарадзіліся ў 1810 годзе
- Нарадзіліся 30 мая
- Нарадзіліся ў 1816 годзе
- Памерлі 10 снежня
- Памерлі ў 1896 годзе
- Памерлі ў Навагрудскім павеце (Расійская імперыя)
- Брахоцкія
- Асобы
- Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
- Павятовыя маршалкі навагрудскія
- Памерлі ў Навагрудскім раёне
- Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў