Перайсці да зместу

Уэсан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уэсан
брэт. Eusa, фр. Ouessant
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча15,58 км²
Насельніцтва842 чал.
Шчыльнасць насельніцтва54,04 чал./км²
Размяшчэнне
48°27′41″ пн. ш. 5°04′47″ з. д.HGЯO
АкваторыяКельцкае мора
Краіна
РэгіёнБрэтань
Уэсан (Францыя)
Уэсан
Уэсан
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уэса́н (брэт.: Eusa; фр.: Ouessant) — востраў у Кельцкім моры на захад ад Брэтонскага паўвострава. Уваходзіць у склад Брэтані (Францыя). Плошча — 15,58 км². Насельніцтва (2016 г.) — 842 чалавекі.

Уэсан месціцца ў 15,37 км на захад ад Брэтонскага паўвострава, у 250 км на паўночны захад ад Рэна, адміністрацыйнага цэнтра Брэтані. Ад суседняга архіпелага Мален адлучаны пралівам Фрамвер з хуткай прахалоднай плыняй.

Абрысы вострава нагадваюць крабавую клюшню. На паўднёвым захадзе дзве часткі клюшні ствараюць бухту Ламполь, на беразе якой знаходзяцца аднайменныя порт і горад, найбуйнейшае паселішча на востраве. Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход — 7,53 км. Найбольшая шырыня — 3,46 км. Берагі высокія, месцамі скалістыя. Чатыры пляжы агаляюцца толькі ў перыяд адліваў. Суша сфарміравана гранітным гранулітам і слюдзянымі гнейсамі. Вядомыя карысныя выкапні: графіт і гранаты. Найбольшая вышыня — 64 м над узроўнем акіяна.

Клімат вільготны, вызначаны сталымі цёплымі паўднёвымі вятрамі і блізкасцю прахалоднай плыні. У жніўні сярэдняя тэмпература трымаецца каля +16,8 °C, а ў студзені — каля +8,4 °C. Штогадовая колькасць ападкаў — 819 мм.

Флора Уэсана прыстасавана да сталых вятроў і тонкіх пластоў засоленай глебы. Сустракаюцца толькі асобныя дрэвы, пасаджаныя чалавекам. Большая частка сушы пакрыта лугамі і зараснікамі хмызнякоў. Распаўсюджаныя расліны: жаўтазель, верас, смалёўка, катран, ажына. На берагах гняздуе мноства марскіх птушак. Дзякуючы ізаляванасці на востраве захаваліся рэдкія чорныя пчолы і карлікавая парода авечак з кароткім хвастом. У мінулым таксама існавала ўэсанская парода поні. У водах каля вострава сустракаюцца афаліны і даўгамордыя цюлені.