Ажына

З пляцоўкі Вікіпедыя
Ажына
Kratzbeere Juist.JPG
Ажыны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Rubus caesius L., 1753, non Bojer, 1837

Сінонімы
  • Rubus caesius subsp. leucosepalus Focke, 1914
  • Rubus caesius subsp. turkestanicus (Regel) Focke, 1914
  • Rubus caesius var. turkestanicus Regel, 1892
  • Rubus psilophyllus Nevski, 1937, non R.Keller, 1906
  • Rubus turkestanicus (Regel) Pavlov, 1935
  • Selnorition caesius (L.) Raf., 1838
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  24898
NCBI  75065
EOL  11162104
GRIN  t:32278
IPNI  735608
TPL  tro-27800345

Ажы́на[3][4], Ажына шызая[5], Маліна шызая (Rubus caesius) — паўкустовая расліна з роду маліна (Rubus) сямейства ружавыя (Rosaceae)[6].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Таксама вядома пад народнымі назвамі — чо́рная малі́на, яжы́на, жа́вікі, ажавіна[7], жаві́на[8], ажы́ннік, скарбары́ха[8], ажына шызая, ажыны, чорныя маліны[9][8], жавіннік[8], ежавіны, сербаліны.

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Illustration Rubus caesius0 clean.jpg
Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Куст ці паўкуст[10], які дасягае 60-150 см у вышыню[11]. Надземныя парасткі двухгадовыя, цыліндрычныя, ляжачыя альбо ўздымаюцца, часта дугападобна сагнутыя[10], з жоўта-зялёнымі гладкімі або апушанымі галінкамі і шматлікімі невялікімі шыпамі няправільнай формы, фіялетава-шызыя, звычайна пакрытыя шыпамі і шчацінкамі[11], пакрытыя васковым налётам[10]. Верхавіны парасткаў, прыгінаючыся да паверхні глебы, здольныя укараняцца[10].

Лісце чаргаванае, падзеленае на тры долі, з ланцэтнымі прылісткамі і пакрытымі шыпамі хвосцікамі 4-7 см даўжынёй, з зубчастымі бакамі, з абодвух бакоў апушаныя, пафарбаваны ў светла-зялёныя тоны[10]. Сярэдні лісцік буйнейшы за бакавыя, часта трохлопасцевы[11].

Кветкі двухполыя, параўнальна вялікія, дыяметрам да 3 сантыметраў[10], з лямцавымі зялёнымі чашачкамі і белымі, шырока-эліпсападобнымі пялёсткамі, у негустой шчыткападобнай гронцы на канцах сцёблаў і галінак, з’яўляюцца позна і неадначасова[10]. Кветканосы доўгія, тонкія. Завязь голая, верхняя. Тычынкі амаль роўныя па даўжыні песціку.

Карэнішча шматгадовае.

Плады (ягады) — цьмяна-чорныя, з шызым васковым налётам, сакаўныя шматкасцянкі з буйнымі пляскатымі костачкамі[6][10][11]. Ядомыя, салодкія[10].

Распаўсюджанне і экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Orties et arbustes non-identifiés à Grez-Doiceau 001.jpg
Ажыннік у Бельгіі

Пашырана ў краінах Заходняй Еўропы, у Малой Азіі, Іране, Заходняй Сібіры, Каўказе, Крыме. На Беларусі трапляецца ўсюды, асабліва на Палессі[11]. Апісана з Еўропы.

Расце ў падлеску змешаных і лісцяных лясоў, у ярах, на высечках, па берагах рэк, азёр і ручаёў на заліўных лугах і палях, у хмызняках — утварае густыя непраходныя зараснікі[6][10].

Ценевынослівая расліна. Перыяд цвіцення расцягнуць з мая па жнівень, плады спеюць праз 4-6 тыдняў пасля цвіцення.

Агратэхніка[правіць | правіць зыходнік]

Культура сартавой ажыны магчыма ў раёнах, дзе гадавая сума дадатных тэмператур перавышае 2200 °C, а сярэдні абсалютны мінімум не ніжэй за −28 — −29 °C. Пры −17 °C расяніна патрабуе ўкрыцця на зіму. Пад ажыну адводзяць мясціны цёплыя, якія добра праграюцца і ахаваны ад вятроў. Добры рост і плоданашэнне кустоў магчымы на вільготных, але не пераўвільготненых, урадлівых і глыбока дрэніраваных глебах лёгка- і сярэднесугліністага механічнага складу.

Догляд за раслінамі нескладаны. Глебу каля раслін трымаюць у рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Двухгадовыя парасткі, якія адпладаносілі, выразаюць. Сцелістыя і паўсцелістыя аднагадовыя парасткі прыгінаюць на зіму да зямлі і прыкрываюць, а вясной падымаюць і ставяць на шпалеру. Для прамастаячых парасткаў ажыны ўстаноўку шпалеры і прыгінанне кустоў на зіму не праводзяць.

Збор, перапрацоўка і захоўванне[правіць | правіць зыходнік]

Gervuoge001.jpg
Ягады

Ягады ажыны паспяваюць неадначасова. Іх збіраюць у некалькі прыёмаў. Спелыя ягады лёгка аддзяляюцца ад чашачкі разам з пладаложам. Плады ажыны амаль не мнуцца пры ўборцы, адрозніваюцца добрай транспартабельнасцю і добра захоўваюцца пры нулявой тэмпературы.

Збіраюць плады уручную ў маленькія 3-5 кілаграмовыя кошыкі. Свежыя плады захоўваюць на працягу трох-пяці дзён. Сушаць іх на сонцы або ў агнявых сушылках пры тэмпературы 55-60°. Высушаныя плады працяглы перыяд не губляюць сваіх смакавых і пажыўных якасцяў. Захоўваюць іх у кардонных скрынях або папяровых мяшках.

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Плады ўтрымліваюць цукры (6-6,8 %), яблычную, цытрынавую, вінную і саліцылавую кіслоты, дубільныя і азоцістыя злучэнні, мінеральныя рэчывы, вітаміны С, Е і каратын. Насенне ўтрымлівае 9-12 % тлустага алею.

Гаспадарчае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Харчовая, меданосная, лекавая, кармавая, фарбавальная, таніданосная, дэкаратыўная расліна.

У медыцыне[правіць | правіць зыходнік]

Лекавая расліна. Ягады, карані, лісце, якія збіраюць у жніўні-верасні, з’яўляюцца слабільным і патагонным сродкам[6]. Ягады расліны багатыя цукрамі, вітамінамі, карацінам, танідамі[6].

У народнай медыцыне плады здаўна цэняцца як кровеачышчальны, супрацьгліставы сродак і сродак, які паляпшае перыстальтыку кішачніка[10][11]. Пладамі лечаць катар кішак, болі ў страўніку, крывавы панос. Яны лічацца супрацьгніласным сродкам. Лісце ажыны ў сумесі з кветкамі календулы, травой хвашчу, вярбы і дубовай карой рэкамендуюцца пры запаленнях скуры, лішаі, экзэме, грыбковых хваробах. Карані, выкапаныя вясной і звараныя з мёдам, рэкамендуюцца ад вадзянкі[10], з іх здабываюць сок, які валодае мачагоннымі ўласцівасцямі[10]. Лісце ўжываюць як патагонны і анціцынготны сродак, для паласкання горла пры ангінах[10], парашок з лісця — для засыпання ран. Адвар галін п’юць пры неўрозах і аддышцы[10].

У кулінарыі[правіць | правіць зыходнік]

Saffron pancake with dewberry.jpg
Шафранавыя (Готландскія) бліны(шведск.) бел. з ажынавым варэннем

Плады ажыны сакавітыя, аднак валодаюць менш высокімі смакавымі якасцямі, чым у іншых прадстаўнікоў роду. Маладое лісце ажыны выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі сурагату чаю[6].

Плады ўжываюць у ежу свежымі і сушанымі, выкарыстоўваюць таксама для гатавання варэння, сіропаў, віна, безалкагольных напояў, экстрактаў, жэле, мармеладаў[11].

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Ажына дае пчолам багаты ўзятак нектару і пылку. Медадайнасць каля 20 кг з гектара зараснікаў. Мёд светлы, часам з жаўтлявым адценнем, празрысты з прыемным водарам[12].

Парасткі і лісце ажыны ўтрымліваюць таніды (4-7 %), прыдатныя для дублёння шкур. Сок з пладоў выкарыстоўваюць для падфарбоўкі вінаў, з кіслотамі ён дае чырвоны колер, а са шчолачамі — сіні. Ён прыдатны для афарбоўкі тканін у фіялетавы, далікатна-ружовы, карычнева-фіялетавы колеры.

У ладшафтным дызайне[правіць | правіць зыходнік]

Kratzbeerstrauch.jpg
Восеньская афарбоўка лісця

Карэнне ажыны здольна ўмацоваць яры, таму расліна прыдатная для лесамеліярацыйнай працы[6]. Як дэкаратыўная расліна ажына прыдатная для вертыкальнага азелянення, прыкрыцця сцен і альтанак.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

The Soviet Union 1964 CPA 3135 stamp (Wild Berries. Blackberry (Rubus fruticosus)).jpg
Паштовая марка СССР

У 1964 годзе выява ажыны была выкарыстана на паштовай марцы СССР.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 113. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Merula merula
  5. Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  6. а б в г д е ё . Г. У. Вынаеў. Ажына // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз. — С. 42
  7. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  8. а б в г Анненков Н.(руск.) бел. Ботанический словарь, Спб, 1878
  9. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  10. а б в г д е ё ж з і к л м н о Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Ежевика // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 44-46. — 200 с. — 130 000 экз.
  11. а б в г д е ё Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп.—Мн.: Ураджай, 1981.—159 с., 16 л. ил.
  12. Абрикосов Х. Н. и др. Ежевика // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 100.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]