Мален (архіпелаг)
Мален | |
---|---|
брэт. Enezeg Molenez, фр. Archipel de Molène | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 18 |
Найбуйнейшы востраў | Мален |
Агульная плошча | 1,95 км² |
Найвышэйшы пункт | 26 м |
Насельніцтва | 212 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 108,72 чал./км² |
Размяшчэнне | |
48°23′44,60″ пн. ш. 4°57′36,60″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мален (брэт.: Enezeg Molenez, фр.: Archipel de Molène) — архіпелаг у Атлантычным акіяне, каля заходняга ўзбярэжжа Брэтані. Агульная плошча — 1,95 км². Насельніцтва (2010 г.) — 212 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелагам Мален называюць 18 астравоў і скал паміж востравам Уэсан і Брэтонскім паўвостравам. Найбуйнейшы востраў Мален займае плошчу 72 га. Астатнія значныя астравы:
- Баланек (16,5 га)
- Банек (10,8 га)
- Бенігэ (60 га)
- Літыры (1,7 га)
- Кеменес (33,6 га)
- Марголь (0,6 га)
- Трыэлен (17,5 га)
У нашы дні населены толькі астравы Мален і Кеменес.
Архіпелаг месціцца на падводным плато. У ледавіковую эпоху яно ўяўляла сабою паўвостраў плошчай каля 300 км², было злучана з мацерыком. У пачатку чацвярцічнага перыяда з-за наступу акіяна на паверхні засталіся толькі невялікія астравы. Падчас адліву некаторыя з іх злучаюцца паміж сабою. Аснову астравоў складае граніт і асадкавыя пароды, часткова прынесеныя звонку і адкладзеныя ў ледавіковую эпоху. Так, на востраве Трыэлен можна знайсці друз, які з’яўляецца рэшткамі магматычных парод Ісландыі.
Асаблівасць архіпелага складае хуткая плынь з боку Ла-Манша. Яна моцна астуджае мясцовыя воды, у той час як пануючыя паўднёвыя вятры награваюць паветра. Клімат мяккі марскі. Найбольш цёплы месяц — ліпень.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]У выніку асаблівасцяў геаграфічных умоў прырода сушы адносна бедная. Пераважаюць травяністыя расліны, прыстасаваныя да існавання на скалістых і друзлых засоленых глебах, у тым ліку партулак, канюшына, катран, смалёўка і інш. Аднак спалучэнне плыткаводдзя і хуткай плыні стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця марской флоры і фаўны. Дзякуючы гэтаму на астравах Мален гняздуюць разнастайныя птушкі, што здабываюць ежу ў акіяне. Тут у вялікай колькасці сустракаюцца гарбаткі, бакланы, крачкі, гальштучнікі, пясчанкі і г. д. Берагі Мален — адно з 2 месцаў у Францыі, дзе рэгулярна размножваюцца даўгамордыя цюлені. Навакольныя воды насяляе стая афалін.
Тэрыторыя архіпелага ўваходзіць у ахоўваемую зону марскога прыроднага парка Іруаз (агульная плошча 3 550 км²). Астравы Баланек, Банек і Трыэлен — частка прыроднага нацыянальнага запаведніка Іруаз (агульная плошча 39,4 га).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Археолагі выявілі на архіпелаге Мален паселішчы неаліта і бронзавага века, мегалітычныя помнікі, рэшткі старажытных будынкаў і муроў. Найстаражытнейшы будынак, знойдзены ў 2003 г. на востраве Мален, адносіцца да бронзавага века. Ён меў 11 м у даўжыню і 6 м у шырыню, са сценамі таўшчынёй да 2 м. Вонкавая сцяна была абкладзена гранітнымі плітамі. Аналіз знаходак паказаў, што яго насельнікі на працягу ўсяго года займаліся ловам рыбы і малюскаў, палявалі на птушак і цюленяў, выраблялі кераміку і па-майстэрску апрацоўвалі камень. Большасць прылад працы зроблена з мясцовых матэрыялаў. З IV тысячагоддзя да н. э. астравіцяне займаліся жывёлагадоўляй, трымалі кароў і авечак, радзей — свінняў. У той час на поўдні астравоў захоўваліся дрэвы лісцевых парод. Іх выкарыстоўвалі як паліва. У якасці будаўнічага матэрыяла пераважаў камень.
У рымскіх запісах архіпелаг узгадваецца як востраў Медыёна (лац.: Mediona Insula). Сучасная назва паходзіць з брэтонскай мовы, мажліва ад слова брэт.: moel (літаральна «лысы» або «бязлесы»). У XIV ст. астравы належалі мясцоваму феадальнаму сямейству. Пазней трапілі ў склад Ліёнскага біскупства. Мясцовыя жыхары займаліся здабычай соды з водарасцей. З абвастрэннем барацьбы паміж Францыяй і Англіяй у XVII — XVIII стст. астравы Мален ператварыліся ў базу для карсараў.
Пасля Французскай рэвалюцыі архіпелаг трапіў пад кантроль дзяржавы. У XIX ст. улады прадпрымалі захады для будаўніцтва дамбаў для аховы ўзбярэжжа. Аднак Мален заставаўся ізаляваным, астравіцяне пакутвалі ад беднасці. З 1921 г. колькасць насельнікаў стала памяншалася з-за міграцыі на мацярык. У нашы дні населены толькі астравы Мален і Кеменес. Маленцы займаюцца абслугоўваннем турыстаў, рыбалоўствам і вырошчваннем водарасцей.