Фальварак Ракуцёўшчына
Філіял “Фальварак Ракуцёўшчына” | |
---|---|
Профіль | літаратурна-мемарыяльны |
Заснаваны | 1991 |
Падпарадкаванасць | Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры |
Месцазнаходжанне | в. Ракуцёўшчына, Маладзечанскі р-н, Мінская вобл. |
Дырэктар | Сярболіна Настасся Мікалаеўна |
Адкрыты | з 9.00 да 17.30 (выходныя дні — панядзелак, аўторак і дні дзяржаўных свят) |
Білет | школьнікі – 0,75 руб. студэнты – 0,75 руб. дарослы – 1,50 руб. экскурсія – 3,00 руб. |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фальварак Ракуцёўшчына — былая сядзіба шляхціца В. Лычкоўскага на паўднёвым ускрайку вёскі Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна. Цяпер у сядзібе размяшчаны музей Максіма Багдановіча, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва вёскі Ракуцёўшчына адыменнага (антрапанімічнага) паходжання. Ад балцка-літоўскага аднаасноўнага імя Rakutis, у якім аснова Rak- пашыраная антрапанімічным пашыральнікам -ut-. Гэтая ж аснова ў старабалцкага паходжання двухасноўных імёнах Rak-man'as, Rak-tar'as[1]. Ад гэтага ж антрапоніма тапонімы Ракуцева, Ракуці ў гэтым жа маладзечанска-вілейскім рэгіёне.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У часы Расійскай імперыі фальварак быў у складзе Вілейскага павета.
Летам 1911 года ў сядзібе гасцяваў Максім Багдановіч. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!» — так назваў паэт гэты час, тут ён напісаў два цыклы вершаў: «Старая Беларусь» і «Места» (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы «Ў вёсцы» і «Вераніка».
У 1921—1945 гадах фальварак у складзе Польскай Рэспублікі, Віленскага ваяводства, Вілейскага павета, гміны Краснае[2][3][4][5].
Музеефікацыя ракуцёўшчынскіх мясцін пачалася ў 1970-я гады. У 1977 годзе ў вёсцы Ракуцёўшчына на ўспамін пра быццё тут Максіма Багдановіча пастаўлены два помнікі-валуны — адзін як вечная свечка памяці, на другім выбіты радкі з «Санэта» Багдановіча. У 1981 годзе ў вёсцы каля помніка вядомымі беларускімі пісьменнікамі пасаджаны мемарыяльны «Максімаў сад» (70 дрэў)[6].
У 1994 годзе створаны філіял музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына», у 2014 годзе праз рэарганізацыю ён стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Сядзіба
[правіць | правіць зыходнік]«Фальварак Ракуцёўшчына» ўключае ў сябе: сядзібу Лычкоўскіх (Дом гаспадара, Дом арандатара, гаспадарчую пабудову гумно), тэрыторыю вакол сядзібы, крыніцу Максіма, помнік і пісьменніцкі парк. Музейны комплекс узнавіў планіроўку сядзібы дробнапамеснага шляхціца канца 19-пач. 20 ст. з усімі пабудовамі і агароджай уяўляе замкнёны прамавугольнік прыкладна 50Х50 метраў.
Экспазіцыя музея
[правіць | правіць зыходнік]Пры стварэнні музея зроблена спроба паказаць жыццё небагатай шляхты ў пач. ХХ ст.
Дамок арандатара
[правіць | правіць зыходнік]У першую чаргу быў адноўлены «дамок арандатара», дзе жыў М.Багдановіч асобна ад гаспадароў фальварка. У гэтым дамку, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася. Паколькі да гэтага часу не выяўлена ніводнага прадмета, звязанага з паездкай Багдановіча ў 1911 годзе на Беларусь, у інтэр’еры двух пакояў «дамка арандатара» былі выкарыстаны прадметы побыту ХХ ст., якія знойдзены ў фальварку і навакольных мясцінах: драўляны ложак, стол. На ім размешчаны кнігі французскіх аўтараў, якімі захапляўся М.Багдановіч (П.Верлен, Г.Флабэр, Ш.Бадлер). Над сталом лунае птушка з саломкі, як сімвал паэтычнага натхнення. Цэнтральнае месца займае фотаздымак дзевятнаццацігадовага Максіма Багдановіча, побач − яго адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў «Вянок» (1913 г.), фотаздымкі сяброў Антона і Івана Луцкевічаў, В.Ластоўскага, паштоўкі з выявамі Вільні.
Дом гаспадара
[правіць | правіць зыходнік]У Доме гаспадара ўзноўлены інтэр’еры гасцёўні, кухні, створаны дзіцячы пакой. Самая вялікая частка экспазіцыі размясцілася ў гасцёўні. Рэканструкцыя інтэр’ера гэтага пакоя суправаджалася стварэннем некалькі рамантызаванай атмасферы, на якую звяртала ўвагу ў сваіх успамінах Я.Шабуня. Менавіта тут маладога паэта сустракалі гаспадары з беларускай гасціннасцю і шчырасцю, былі яго суразмоўцамі і дарадцамі. Для стварэння адпаведнага настрою і адлюстравання тагачаснага жыцця шляхціца выкарыстаны кнігі і газеты, якія падкрэсліваюць адукаванасць гаспадара, яго актыўную жыццёвую пазіцыю, цікаўнасць да гісторыі і літаратуры. Асаблівую ўтульнасць пакою надае вялікі круглы стол, які займае цэнтральнае месца і сервіраваны для гарбаты. Экспануюцца фотаздымкі родных гаспадара, Зоф’і Лычкоўскай, Эміліі Шабуні і яе дачкі Яніны, да якой вельмі цёпла ставіўся М.Багдановіч. Кухня ў дамах дробнай шляхты выкарыстоўвалася па сваім прамым прызначэнні − для прыгатавання ежы і захоўвання прадуктаў. Яе інтэр’ер адноўлены часткова, экспануюцца тыповая мэбля і прадметы хатняга ўжытку. Вязанкі часныку і цыбулі, сушаных яблыкаў і зёлак ствараюць адчуванне таго, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары, гасцінныя і шчодрыя.
Гумно
[правіць | правіць зыходнік]Уявіць тагачаснае жыццё беларусаў, «поўнае штодзённага клопату», можна пры наведванні гумна, якое раней служыла для захавання і сушкі снапоў і іх далейшага абмалоту. У экспазіцыі прадстаўлены прылады працы селяніна: сярпы, цапы, жорны, малацілка, веялка, сячкарня, прылады для апрацоўкі ільну. У цэнтры − тагачасныя транспартныя сродкі: сані і воз − узор сталярнай і кавальскай працы. Прадстаўлены таксама вялізныя карабы для захоўвання зерня, пляцёнкі з лазы і саломы, бочкі для квашэння агуркоў і капусты, кубельцы для сала, дзежкі.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У музеі ладзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці (25 траўня) і Дня нараджэння М.Багдановіча (9 снежня), якія ўключаюць ускладанне кветак ля помніка ў Максімавым садзе, правядзенне імпрэз, літаратурных вечарын.
Ракуцёўскае лета
[правіць | правіць зыходнік]Штогод тут адбываецца свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета», прысвечанае памяці Максіма Багдановіча: у ліпені на тэрыторыі музея збіраюцца паэты, музыкі і спевакі, ладзяцца выступы на творы М.Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 128.
- ↑ Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1938, wolumin — 1, s. 58.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 красавіка 2022. Праверана 4 чэрвеня 2023.
- ↑ https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/;3950665
- ↑ Piotr Eberhardt, Formowanie się polskiej granicy wschodniej po II wojnie światowej, «Dzieje Najnowsze», Rocznik L — 2018 (2), 2018, s. 95-100.
- ↑ Филиал музея «Фольварк Ракутёвщина». Историческая справка Архівавана 22 снежня 2009. (руск.)
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923, s 84.
- ↑ Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1938, wolumin — 1, s. 28
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Фальварак Ракуцёўшчына на сайце Radzima.org
- Фальварак Ракуцёўшчына на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Старонка філіяла на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
- Фальварак Ракуцёўшчына на сайце «Архіварта»