Беларускае тэлеграфнае агенцтва

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА) — дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Рэспублікі Беларусь.

Заснавана 23 снежня 1918 года як Беларускае Аддзяленне Расійскага Тэлеграфнага Агенцтва пры Усерасійскім ЦВК ("РОСТА") у скарочаным найменні "БЕЛОТРОСТА". Аднак наладзіць работу дзяржаўнай інфармацыйнай службы ў савецкай Беларусі ўдалося толькі пасля завяршэння грамадзянскай вайны. У студзені 1921 года Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва (БелРОСТА).

Пастановай Саўнаркама БССР 7 сакавіка 1931 года Беларускае аддзяленне Саюзнага камерцыйнага тэлеграфнага агенцтва было пераўтворана ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА).

У сярэдзіне 1939 года Савет Народных Камісараў БССР пастанавіў стварыць у складзе БЕЛТА рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты. Для гэтага на баланс агенцтва былі перададзены памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста "Саюзфота". З гэтага моманту БЕЛТА пачало весці не толькі інфармацыйны, але і фатаграфічны летапіс жыцця ў БССР.

27 чэрвеня 1939 года. З пастановы СНК БССР "Аб перадачы выпуску фотагазеты з падпарадкавання Мінгарсавета ў падпарадкаванне БЕЛТА".

"

У мэтах канцэнтрацыі ўсёй работы па выпуску фотахронікі, клішэ і фотагазеты ў веданні адной арганізацыі, Савет Народных Камісараў пастанаўляе:

1) Перадаць Беларускаму Тэлеграфнаму Агенцтву (БЕЛТА) пры СНК БССР выпуск фотахронікі і клішэ, выпуск масавага друку /фотагазеты, партрэты, паштоўкі, фотаальбомы/, памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста "Саюзфота"...
2) Стварыць адзіную арганізацыю "рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты БелТА"...
"

Фотакарэспандэнты БЕЛТА адлюстравалі важнейшыя падзеі ў даваенным жыцці краіны, у тым ліку ўз'яднанне Беларусі 1939 года, жыццё вёскі, будні Беларускай асобай ваеннай акругі, фотарэпартажы з Акадэміі навук БССР і Гомельскага чыгуначнага вучылішча нумар 5, партрэты беларускіх лаўрэатаў Сталінскай прэміі, у тым ліку Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, народнага артыста БССР Г.П.Глебава, кампазітара А.В.Багатырова. Выпускала агенцтва і тэматычныя выпускі фотапаштовак, напрыклад, у 1941 годзе ўбачыў свет выпуск "Белавежская пушча" з 24 фатаграфій.

Доўгі час, захоўваючы юрыдычную самастойнасць, працавала ў цеснай каардынацыі з Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС). З 1991 года БелТА — інфармацыйнае агенцтва суверэннай Беларусі.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным інтэрнэт-сайце на беларускай, рускай і англійскай мовах. БелТА — адзіны ў краіне дзяржаўны інфармацыйны анлайн-рэсурс, які размяшчае інфармацыю на беларускай мове.

Штодзённа БелТА рыхтуе і распаўсюджвае 150—170 інфармацыйных паведамленняў аб важнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзеяннях і рашэннях вышэйшага кіраўніцтва краіны і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах, аб акцыях розных грамадскіх арганізацый і палітычных рухах. На базе стужкі навін агенцтва рыхтуюцца больш як 15 штодзённых, штотыднёвых і штомесячных веснікаў рознай тэматыкі.

Фотастужка БелТА штодзённа размяшчае 20—25 фотатэм — гэта больш як 100 фотаздымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

БелТА мае свае карэспандэнцкія пункты і ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Маскве, Кіеве, Кішынёве, Нью-Ёрку, Варшаве, Вільнюсе і Калінінградзе. У ліку інфармпартнёраў БелТА інфармацыйныя агенцтвы Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Арменіі і іншых краін СНД, а таксама Кітая, Кубы, Ірана, Малайзіі.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва — шматпрофільнае прадпрыемства. БелТА выдае інфармацыйна-праблемны штотыднёвік «7 дней» і часопіс «Экономика Беларуси. Economy of Belarus», які выходзіць у свет штоквартальна на рускай і англійскай мовах. Акрамя таго, БелТА выпускае кнігі, брашуры, плакаты, буклеты, выконвае паліграфічныя заказы.

Інфармагенцтва займаецца распрацоўкай, тэхнічным і інфармацыйным суправаджэннем, а таксама ўкараненнем (аптымізацыяй) інтэрнэт-сайтаў для органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]