Дом Фарнезэ
Фарнезэ | |
---|---|
Краіна | Пармскае герцагства |
Заснавальнік | П'ер Луіджы Фарнезэ |
Апошні кіраўнік | Антоніа Фарнезэ |
Год заснавання | 1545 |
Спыненне роду | 1731 |
Нацыянальнасць | італьянцы |
Малодшыя лініі | Пармскія Бурбоны |
Тытулы | |
Герцаг Пармскі і П'ячэнцскі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фарне́зэ (італ.: Farnese [farnezɛ], ісп.: Farnesio [faɾnesjo]) — нашчадкі Папы Рымскага Паўла III, якія атрымалі ад яго ў валодаенне герцагства Пармскае.
Павел III — заснавальнік велічы дому Фарнезэ
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным фамільным уладаннем сярэдневяковых Фарнезэ быў замак Фарнета каля Арвіета. Прадстаўнікоў роду можна прасачыць да XIII стагоддзя, аднак пачатак сапраўднай велічы дому Фарнезэ пакладзена быў на мяжы XV—XVI стагоддзяў Аляксандрам (Alessandro) Фарнезэ.
Яго сястра, прыгажуня Джулія, якая выйшла замуж за Арсіна Арсіні, дзякуючы блізкім адносінам з папам Аляксандрам VI здабыла брату кардынальскую шапку. Пазней сам ён быў выбраны ў рымскія першасвятары пад імем Паўла III (1534—1549) і шмат клапаціўся пра павелічэнне багацця і магутнасці свайго роду. Свайго пабочнага, але прызнанага сына П’ера Луіджы (нар. у Рыме ў 1503) ён зрабіў спачатку князем у Кастра, Ранчыльёнэ і Непі, потым герцагам у П’ячэнцы, Парме і Навары ў 1545 годзе, якія былі заваяваны і далучаны да царкоўнай тэрыторыі Юліем II. Пасля кароткачасовага бурнага кіравання новы герцаг, які быў праціўнікам палітыкі Карла V у Італіі і падтрымаў няўдалую змову Фіескі, загінуў у 1547 годзе.
Парма адышла зноў да Папы; П’ячэнца была занята імперскімі войскамі[1][2][3]. Сыну П’ера Луіджы, Атавіа Фарнезэ, удалося зноў завалодаць герцагствамі, дзе ён паспяхова кіраваў да сваёй смерці ў 1586 годзе. З гэтых пор лёсу дому Фарнезэ да канца заставаўся павязаны з Пармай, хоць часам яго прадстаўнікі сустракаюцца ў ліку кардыналаў рымскай царквы. Прымірэнне Атавіа з домам Габсбургаў было замацавана ў 1538 годзе шлюбам яго з незаконнаю дачкой Карла V Маргарытай, якая набыла вядомасць як кіраўніца Нідэрландаў пры Філіпэ II.
Алесандра III Фарнезэ
[правіць | правіць зыходнік]Ягоны сын Алесандра (1547—1592), адораны ад прыроды, прайшоў бліскучую ваенную школу пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі Хуана Аўстрыйскага; біўся з ім супраць туркаў пры Лепанта ў 1571 годзе. Пасля смерці Дон-Хуана быў прызваны ў 1578 годзе ў намеснікі Нідэрландаў. Ён імкнуўся да мякчэйшай і больш разумнай палітыкі, якая была прама процілеглай да рэпрэсалій герцага Альбы. Разам з тым ён храбра ваяваў супраць паўстанцаў, абараняючы іспанскае валадарства: перамог гезаў пры Гемблуры, узяў Антверпен і многія іншыя гарады. Пасля разгрому «непераможнай армады» Філіпа II, на накіраванні якой у брытанскія воды ён сам настойваў, Фарнезэ, жадаючы падняць справу каталіцтва прынамсі на кантыненце, увайшоў з войскам у Францыю ў 1590 годзе як саюзнік тамтэйшых каталікоў супраць Генрыха IV. Ён прымусіў караля зняць аблогу Парыжа, але поспехі яго засталіся бясплоднымі, бо з Іспаніі яму не было аказана ніякай падтрымкі. Ён памёр у Арасе ў 1592 годзе ад раны, атрыманай пры аблозе Руана. Спрытна карыстаючыся рэлігійнымі рознагалоссі паміж жыхарамі паўночных і паўднёвых нідэрландскіх правінцый, ён здолеў утрымаць апошнія ў падданстве Іспаніі і нават набыў сярод іх насельніцтва пэўную сімпатыю.
Пасля смерці бацькі А. Фарнезэ атрымаў у спадчыну ад яго Парму і П’ячэнцу, але кіраваў сваімі ўладаннямі амаль увесь час праз намеснікаў[4][5]. Сын і пераемнік Алесандра, Рануча I (1569—1622), адрозніваўся змрочным характарам, сквапнасцю і тыранічным уладалюбствам. Ён зацята і жорстка змагаўся супраць дваранства і пад маркай змоў і крамол пераследаваў і караў смерцю яго галоўных прадстаўнікоў, маёмасць жа іх канфіскаваў на сваю карысць. Такім чынам яму ўдалося, абапіраючыся на ваенную сілу і часткова на масу народа, умацаваць герцагскую ўладу. Ягоны спадчынік, сын Адаарда (1612—1646) не быў пазбаўлены розуму і рашучасці, але, не маючы палітычнай праніклівасці і разважлівасці, ён, паддаўшыся легкадумнай ганарыстасці, вёў безвыніковыя войны з папам Урбанам VIII і без усякага поспеху супернічаў з фаміліяй Барберыні за валоданне княствам Кастра, якое канчаткова страціў.
Далейшы лёс дому Фарнезэ
[правіць | правіць зыходнік]Далейшыя прадстаўнікі роду Фарнезэ, Рануча II (1630—1694), Франчэска (1678—1727) і Антоніа (1679—1731), мала чым адзначыліся.
Апошні ўступіў у сутыкненне з Рымскай Курыяй бо праз аблажэнне падаткамі хацеў мацней падпарадкаваць сваёй уладзе духавенства свайго герцагства. Урэшце ён адмовіўся прызнаваць сваю феадальную залежнасць ад Рыма; у барацьбе з Папамі яго падтрымліваў знакаміты герцаг Яўген Савойскі, які і спрыяў леннаму падпарадкаванню Антоніа Фарнезэ імперыі: апошні прынёс прысягу Іосіфу I за Парму і П’ячэнцу. Ён памёр бяздзетным, з ім згасла мужчынская лінія роду Фарнезэ.
Ягоныя ўладанні праз Ізабелу Фарнезэ, унучку Рануча I, дасталіся яе сыну, неапалітанскаму інфанту Карласу. Пазней яны перайшлі спачатку да Неапалітанскіх Бурбонаў (амаль цалкам карцінная галерэя Фарнезэ засталася ў неапалітанскім палацы Кападзімонтэ), а затым — да іх галіны, Пармскіх Бурбонаў. Да 1816 года ў Неапаль былі перанесены калекцыі антычнага мастацтва сям’і Фарнезэ: шэдэўры антычнай скульптуры і прадметы, выяўленыя пры раскопках старажытных гарадоў у наваколлях Везувія. Цяпер яны складаюць аснову збору Нацыянальнага археалагічнага музея Неапаля.
Кіраўнікі (герцагі) Пармскія 1545—1731
[правіць | правіць зыходнік]- П’ер Луіджы, 1545—1547;
- Атавіа, 1547—1586;
- Алесандра, 1586—1592;
- Рануча I, 1592—1622;
- Адаарда, 1622—1646;
- Рануча II, 1646—1694;
- Франчэска, 1694—1727;
- Антоніа, 1727—1731.
Герб
[правіць | правіць зыходнік]Герб | Час выкарыстання |
Сям’я Фарнезэ | |
1545 — 1586 | |
1586 — 1592 | |
1592 — 1731 |
Зноскі
- ↑ Affo, «Vita di Pier Luigi F.» (Мілан, 1821)
- ↑ Grosselini, «Congiura di Piacenza» (Флар., 1864)
- ↑ Scarabelli, «Dell’ultimo duca Pier Luigi F.» (Балоння, 1868)
- ↑ Fea, «Alessandro F., duca di Parma, narrazione storica e militare» (Турын, 1886)
- ↑ Terrier Santans, «Les campagnes d’Alexandre F.» (Пара., 1888)
- ↑ Héraldique Européenne : duché de Parme Архівавана 24 лютага 2011..
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Фарнезэ
- Гревс И. М. Фарнезе // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.