Французская геадэзічная экспедыцыя па выяўленні формы Зямлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Французская геадэзічная экспедыцыя па выяўленні формы Зямлі — падарожжа французскіх навукоўцаў да экватара (1735—1742[1]) і палярнага круга (1736—1737[1]) з мэтай пацвердзіць або абвергнуць думку пра прыплюснутую форму Зямлі.

Прадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Памераць даўжыню акружнасці Зямлі спрабавалі яшчэ старажытнагрэчаскія навукоўцы Эратасфен і Пталамей. Падобныя спробы былі і пазней, аднак толькі ў XVII ст., калі новыя інструменты дазволілі выкарыстоўваць трыганаметрычныя метады, вымярэнні дугі мерыдыяна набылі навуковы характар. У 1615 годзе галандзец Снеліус вынайшаў метад трыянгуляцыі і з яго дапамогай памераў даўжыню мерыдыяна паміж Алькмарам і Бергенам, у 1635 годзе англічанін Рычард Норвуд памераў сегмент мерыдыяна паміж Лонданам і Ёркам, вядомы і іншыя аналагічныя вымярэнні. У 1671 годзе абат Жан Пікар правёў вымярэнні на шыраце Парыж—Ам’ен[2], гэтая праца кіравалася і фінансавалася Каралеўскай акадэміяй навук у Парыжы ў супрацоўніцтве з дырэктарам Абсерваторыі Жанам Дамінікам Касіні. Пазней вымярэнні працягнулі ў паўночным і паўднёвым кірунку Жак Касіні, Жак Філіп Маральдзі, Філіп дэ ла Гір, у выніку быў намечаны Парыжскі мерыдыян[2]. Дзякуючы гэтаму даследаванню з’явілася магчымасць стварэння карты Францыі[1], вядомай як карта Касіні.[3]

У пачатку XVIII ст. даследаванні ў гэтай галіне астраноміі заахвочваліся бурнымі дыскусіямі вакол апублікаваных у 1687 годзе «Пачаткаў» Ньютана. У 1671 годзе французскі астраном Жан Рышэ, знаходзячыся ў сталіцы Гвіяны Каене, быў вымушаны прыблізна на 3 мм паменшыць даўжыню маятніка, каб ён дакладна адлічваў секунды. Апісаная Рышэ анамалія ў зямным прыцягненні скіравала Ньютана да думкі, што Зямля мае форму няправільнага шара, успучанага на экватары і прыплюснутага каля полюсаў. Гіпотэзу Ньютана аспрэчвалі паслядоўнікі Дэкарта — картэзіянцы, і толькі эксперыментальная праверка магла пакласці канец навуковым спрэчкам.[3]

Арганізацыя экспедыцыі[правіць | правіць зыходнік]

У 1732 годзе паслядоўнік Ньютана П'ер-Мары Маперцюі сваім дакладам «Пра законы ўсясветнага прыцягнення» справакаваў вострыя спрэчкі паміж навукоўцамі — «кансерватарамі» і «наватарамі». У дэбатах вакол формы Зямлі «партыя ньютонаўцаў» пайшла супраць аўтарытэта Жака Касіні, сына Жана-Дамініка Касіні. Урэшце дзяржаўны сакратар Марскога ведамства і ганаровы член Акадэміі навук, граф Жан Фрэдырык Марэпа, упэўніў караля Людовіка XV, што развязанне спрэчнага пытання мае важнае значэнне для французскай навукі і ўзніме яе прэстыж.[3]

Марэпа ў 1734 годзе дамогся фінансавання дзвюх экспедыцый, якія мусілі зрабіць неабходныя вымярэнні. Параўнанне градуса, памеранага на палярным крузе, з градусам, памераным на экватары, установіць навуковую ісціну — калі зямны шар успучаны на экватары і прыплюснуты ў полюсаў, як сцвярджае Ньютан і яго прыхільнікі, то палярны градус будзе карацейшым за градус на тэрыторыі Францыі, а экватарыяльны — даўжэйшым.[3]

Першая экспедыцыя, пад кіраўніцтвам акадэміка Луі Гадэна, 16 мая 1735 года пакінула Ла-Рашэль і скіравалася ў іспанскія ўладанні ў Перу, дакладней — да Кіта (цяпер сталіца Эквадора). Другая экспедыцыя, пад кіраўніцтвам самога Маперцюі, 2 мая 1736 года пакінула Дзюнкерк і скіравалася ў шведскую Лапландыю.[3]

Лапландская экспедыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Карта трыянгуляцыйных вымярэнняў у Лапландыі.

У лапландскую экспедыцыю ўваходзілі П. Маперцюі, Ш. Камюз, А. Клеро, а таксама шведскі фізік А. Цэльсій. Метадам трыянгуляцыі была памерана дуга мерыдыяна даўжынёй 57’30" пад сярэдняй шыратой каля 66°19'. Паводле гэтага вымярэння, даўжыня дугі градуса мерыдыяна атрымалася роўнай 57 422 туазам. Гэтая лічба вымусіла Жака Касіні, ратуючы прэстыж, не чакаючы вынікаў перуанскай экспедыцыі, часткова праверыць свае градусныя меранні ў Францыі — зноў былі памераны базы і вызначаны астранамічныя шыроты на канечных пунктах градуснага мерання, вынік атрымаўся ў 57 084 туазы, што даказвала прыплюснутую форму Зямлі. Нягледзячы на тое, што вынікі лапландскай экспедыцыі даказвалі прыплюснутасць, яны былі з вялікай памылкай — паводле іх, прыплюснутасць атрымалася роўнай 1:214. Паводле ж перуанскага выніку ў 56 748 туазаў, атрыманага незалежна дзвюма групамі даследчыкаў, прычым на дузе мерыдыяна ад 0°2’30" паўночнай шыраты да 3°4’30" паўднёвай шыраты (т.б. на даўжыні больш за 3°, што ў 3 разы перасягае лапландскія меранні), велічыня прыплюснутасці атрымалася роўнай 1:314. Вынікі лапландскай экспедыцыі з-за іх памылковасці пазней пакідалі па-за ўвагай.[1]

Перуанская экспедыцыя[правіць | правіць зыходнік]

Перуанская экспедыцыя стартавала на парусным транспартным судне «Насільшчык», складалася з дзесяці ўдзельнікаў, чацвёра з якіх былі акадэмікамі — кіраўнік экспедыцыі Луі Гадэн, матэматык і астраном П’ер Бугер, географ Шарль Мары дэ ла Кандамін і ўрач-натураліст Жазеф Жусьё[1]. У склад экспедыцыі памочнікамі ўваходзілі тэхнікі, інжынеры, быў сярод удзельнікаў і хірург. 22 чэрвеня 1735 года судна з навукоўцамі дасягнула вострава Марцініка, дзе Кандамін ледзь не загінуў ад жоўтай ліхаманкі. Пасля Марцінікі экспедыцыя даплыла да Санта-Дамінга (цяпер сталіца Дамініканы) і затрымалася там на тры з паловай месяцы, чакаючы іспанскага судна, якое мусіла перавезці навукоўцаў да калумбійскай Картахены. Урэшце, насуперак дагавору, іх узяла на борт французская брыганціна «Ястраб», і да Картахены яны трапілі 16 лістапада 1735 года, праз шэсць месяцаў па адпраўленні з Францыі. Экспедыцыя прабыла ў Картахене тыдзень, недаверлівая іспанская адміністрацыя далучыла да яе двух афіцэраў — Хорхе Хуана-і-Сантасілья і Антоніа дэ Ульёа, якім было даручана сачыць за дзейнасцю навукоўцаў, і яны не пакідалі экспедыцыю да яе заканчэння. Неўзабаве экспедыцыя дабралася да Портабела і, перайшоўшы перашыек, дасягнула Панамы, а 10 сакавіка 1736 года была ўжо на ціхаакіянскім узбярэжжы Эквадора — у Манце, на ўзроўні экватара. Такім чынам, экспедыцыі спатрэбілася дзесяць месяцаў, каб дасягнуць месца сваіх работ.[3]

Вялікая працягласць усіх этапаў экспедыцыі — першая характэрная рыса гэтага мерапрыемства. Другая — надзвычай складаны ўчастак зямной паверхні, што ўскладнялася і няўстойлівасцю мясцовага клімату. Даследчыкі апынуліся ў Андах, на вышыні 4 000 метраў над узроўнем мора, дзе людзі сустракаліся наогул рэдка, а дужа перасечаны рэльеф мясцовасці ўскладняў правядзенне трыянгуляцыйных вымярэнняў. Жыццё ўдзельнікаў экспедыцыі праходзіла ў экстрэмальных умовах — з аднаго боку, рэзкія перапады тэмпературы цягам некалькіх дзён адмоўна ўплывалі на фізічны стан навукоўцаў; з другога, ім было цяжка без падрыхтоўкі процістаяць такім прыродным з’явам, як снежныя ўраганы і землетрасенні; з трэцяга, ім дакучалі рэптыліі і атрутныя насякомыя. Трэцяя рыса — аддаленасць ад радзімы. Лісты з Перу ў Парыж або Мадрыд ішлі мінімум год. Такім чынам, экспедыцыя не магла разлічваць на падтрымку Версаля, дзе да таго ж хацелі забыцца на яе, а грошы адпраўлялі вельмі нерэгулярна. Дапамога ад іспанскага караля была яшчэ менш надзейнай — амерыканскія калоніі Іспаніі былі фактычна аўтаномныя, і даследчыкі жылі за кошт міласці мясцовых губернатараў, недаверлівых і не прыхільных да супрацоўніцтва. Навукоўцы на ўласным досведзе спасціглі ўласцівасці каланіяльнага грамадства, дзе ўлада ў значнай ступені належала мясцовым інстытутам, дзе пасланцы метраполіі трывала сапернічалі з крэольскай элітай, жыццё ж індзейцаў было вартым жалю, што рабіла іх паводзіны непрадказальнымі, а выкарыстанне іх у якасці насільшчыкаў і гідаў — сумнеўным.[3]

Кажучы пра асаблівасці перуанскай экспедыцыі, трэба адзначыць несумяшчальныя характары яе ўдзельнікаў. З-за зайздрасці і рэўнасці паміж імі трывала ўзнікалі сваркі, даходзіла да адкрытай варожасці. Гадэн быў несумленным кіраўніком, крадзяжы і прыўлашчванне ім грошай, дасланых з Парыжу, былі выкрыты. Пагатоў, ва ўласных мэтах ён завязаў сумнеўныя кантакты з Вялікабрытаніяй, калі тая пачала вайну з Іспаніяй і Францыя разарвала з ёю дыпламатычныя адносіны. Нязгода, якая панавала ў экспедыцыі, вырасла ў адкрыты канфлікт. Бугер і Кандамін лічылі, што вымярэнні мэтазгодна пачаць з раўніннага ўчастка — з узбярэжжа, а Гадэн настойваў на правядзенні работ на шыраце Кіта. Група раскалолася — Гадэн адправіўся ў Гуаякіль, пакінуўшы ў Манце Кандаміна і Бугера. Але апошні захварэў і далучыўся да кіраўніка экспедыцыі. Урэшце першым да Кіта дабраўся Кандамін, пераадолеўшы шмат цяжкасцей, ён трапіў туды 22 мая 1736 года.[3]

Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, навукоўцы не згубілі энтузіязму і восенню 1736 года пачалі сур’ёзную работу. Перад тым як узяцца непасрэдна за вымярэнні, трэба было стварыць на ўчастку прамалінейную базу. На папярэдне падрыхтаваную і выраўняную паверхню зямлі ўкладваліся драўняныя шасты, эталаніраваныя паводле прывезенага з Парыжу металічнага туаза. Змены тэмпературы і вільготнасці паветра ўплывалі на надзейнасць шастоў, базу даводзілася пастаянна выпраўляць і ўдакладняць. Каб забяспечыць верагодны вынік, дзве брыгады працавалі паралельна, незалежна адна ад другой. Калі яны супаставілі дадзеныя, выявілася, што на ўчастку даўжынёй у дванаццаць кіламетраў розніца складае каля дванаццаці сантыметраў. Нягледзячы на ўсе нягоды, патрабавальнасць як да арганізацыі даследаванняў, так і да іх вынікаў заўсёды заставаліся ў цэнтры ўвагі экспедыцыі. Дабіўшыся дакладнай базы, навукоўцы ўзяліся за трыянгуляцыю. Гэта складаная работа зацягнулася на тры гады, праходзіла ў дужа цяжкіх умовах, з прапажай абсталявання, адмовай гідаў, хваробамі і звадамі ўдзельнікаў экспедыцыі. Да гэтага дадалася збянтэжвальная вестка з Францыі: у 1737 годзе каманда навукоўцаў, якая адпраўлялася ў Лапландыю на чале з Маперцюі, вярнулася ў Парыж з доказамі прыплюснутасці Зямлі на полюсах — мэтазгоднасць працягваць работы на экватары быццам бы рабілася сумнеўнай. Гэтым пытаннем задаваліся ў Версалі, адкуль Марэпа вымагаў паскарэння даследаванняў, і грошы для экватарыяльнай экспедыцыі паступалі ўсё меней рэгулярна. Удзельнікі экватарыяльнай экспедыцыі, захопленыя пачатай справай, вырашаюць працягваць работы, чаго б гэта ім ні каштавала. Вымярэнні былі праведзены з высокай дакладнасцю і скончаны ў 1740 годзе.[3]

Жыццё ўносіла папраўкі, часам трагічнага характару. У канцы 1737 года памочнік географа Купле памёр ад жоўтай ліхаманкі. Кандамін, які цаніў уласныя выгоды не менш за пунктуальнасць у навуцы, зблізіўся з пэўнымі знатнымі крэоламі і заняўся перапраўкай каштоўнасцей, на чым нажыў немалое багацце, але гэта ўрэшце прывяло да шэрагу судовых разбіральніцтваў. Гадэн-малодшы, пляменнік Луі Гадэна, тэхнічны памочнік экспедыцыі, закахаўся ў маладую крэолку, ажаніўся з ёю і кінуў каманду. Хірург экспедыцыі Сіньерг таксама праславіўся прыгодамі. Закаханы ў мясцовую куртызанку, ён стаў ахвярай помсты яе раўнівага іспанскага сябра, быў забіты ў Куэнка летам 1739 года. Жазеф Жусьё, чалавек непастаяннага характару, пакінуў экспедыцыю і самастойна заняўся вывучэннем асаблівасцей мясцовай прыроды. Жусьё сабраў унікальную дакументацыю па батаніцы, заалогіі і нават этнаграфіі. Да ўсяго праблемы ў зносінах са Старым Светам, звязаныя з пачаткам у 1739 годзе англа-іспанскай вайны, значна абвастрыліся, калі ў сакавіку 1744 года Францыя ўцягнулася ў вайну за аўстрыйскую спадчыну.[3]

Тым часам навуковая праца падышла да фінальнай стадыі. Засталося дакладна ацаніць шырату двух канцоў вымеранага ўчастка дугі. Для гэтага выбіралі зорку і вылічвалі вугал яе нахілу да зеніту пры ўмове, што вяршыня вугла змяшчалася пачаргова ў кожным з двух канцоў даследаванага ўчастка. Аднак ад моманту расколу экспедыцыі ў 1740 годзе каманды Гадэна фактычна не існавала — Гадэн працаваў самастойна і адмаўляўся паведамляць свае вынікі. Бугер і Кандамін праводзілі незалежныя назіранні і сутыкаліся з аналагічнымі цяжкасцямі — з-за лагістычных праблем і прыродных умоў выходзілі са строю інструменты, іх перыядычна даводзілася карэктаваць і правяраць слушнасць паказанняў. Астраномы таго часу добра вылічалі схіленне зорак, ім была вядома прэцэсія (звязаная з павольным паваротам у прасторы зямной восі), але шэраг з’яў заставаліся яшчэ невядомымі — нутацыю (невялікія ваганні зямной восі, якія накладаюцца на прэцэсійны рух) выявілі толькі ў 1748 годзе. Таму вынікі, атрыманыя двума навукоўцамі за год назіранняў, значна адрозніваліся. Кандамін прапанаваў калегу прыняць сярэдняе значэнне замест правядзення даследаванняў і цяжкіх прац зноў. Бугер абурыўся і абвінаваціў Кандаміна ў падробцы. Гэтыя два чалавекі былі вельмі рознымі, у т.л. характарам і тэмпераментам. Кандамін — географ па адукацыі, цікаўны авантурыст і фантазёр, а Бугер — уніклівы да маніякальнасці матэматык, для якога дакладнасць была перад усім. Такім чынам, не дамовіўшыся пра адзіны метад, Бугер і Кандамін пасварыліся і разышліся назаўсёды.[3]

Урэшце мінула восем гадоў па адбыцці экспедыцыі з Ла-Рашэлі, але казаць пра яе як адзіную каманду даўно не выпадала. Гадэн, давер да якога ў Парыжы быў падарваны растратамі, вырашыў застацца ў Перу выкладчыкам ва Універсітэце Сан-Маркас у Ліме. Гэта груба парушала правілы Акадэміі навук, яе членам забаранялася выкарыстоўваць свае веды за мяжой, апроч экспедыцый і камандзіровак, ініцыяваных самой Акадэміяй. Бугер праводзіў другую серыю даследаванняў асобна ад Кандаміна і цяжка захварэў. Ледзь ачуняўшы, Бугер даведаўся пра з’яўленне ў Кіта невылечна хворага Жазефа Жусьё, спалохаўся і вырашыў вярнуцца ў Францыю, нікога не папярэдзіўшы. Бугер 20 лютага 1743 года адправіўся наземным шляхам у Картахену, куды дабраўся на пачатку лета і пражыў 9 месяцаў, перад тым як сабрацца ў марское падарожжа ў складаным ваенна-палітычным становішчы. Урэшце ён высадзіўся ў Брэсце і быў у Парыжы 27 чэрвеня 1744 года. Становішча французаў, якія заставаліся ў Перу, было вельмі хісткім — цяпер кожны адказваў за сябе сам. Неўзабаве Гадэн у Перу даведаўся, што Каралеўская Акадэмія навук выключыла яго з ліку сваіх членаў, бо дзякуючы Бугеру ў інфармацыі пра непрыстойныя справы Гадэна з’явіліся дадатковыя падрабязнасці, і цярпенне акадэмікаў скончылася. Удзельнікі экспедыцыі інжынеры Гюго, Марэнвіль і Верген трапілі ў цяжкае фінансавае становішча і вымушаны былі брацца за кожную працу, каб зарабіць грошай для вяртання на радзіму. Менавіта таму Гюго ўзяўся парамантаваць куранты ў Кіта, якія выйшлі са строю з-за землетрасення, зваліўся з рыштаванняў і загінуў. У сакавіку 1743 года Кандамін атрымаў ліст ад Бугера пра адбыццё ў Францыю. Падумаўшы, што калега прыўлашчыць поспех агульнай працы і праславіцца, Кандамін таксама думаў толькі пра вяртанне.[3]

Кандамін спяшаўся і ўжо ў маі 1743 года пакінуў Перу. Але замест таго, каб рухацца тым жа шляхам, што і Бугер і, мабыць, нават нагнаць яго, цікаўны географ выбраў іншы маршрут: ён вырашыў перасячы кантынент уздоўж цячэння Амазонкі, а потым скіравацца да французскага порта Каены — нечуваная справа, якую Кандамін падрыхтаваў з іспанскім крэолам Педра Мальданада і яго сябрамі і да якой мусіў далучыцца інжынер Марэнвіль. Падарожнікі спусціліся па ўсходнім схіле Анд, паглыбіліся ў некрануты лес і 5 ліпеня 1743 года дасягнулі верхняга цячэння Амазонкі. Яны спазналі шмат выпрабаванняў, ледзь не згубілі чамадан з навуковай дакументацыяй, але самым прыкрым было тое, што Марэнвіля не было ў вызначаным для сустрэчы месцы — давялося працягваць падарожжа без яго, інжынер знік у джунглях назаўсёды. Падчас падарожжа па рацэ, якое доўжылася два месяцы, навукоўцы зрабілі шмат цэнных назіранняў, менавіта тады Кандамін пазнаёміўся з незвычайна эластычнай гумай, якою карысталіся індзейцы, — каўчукам, узоры якога навуковец прывёз у Еўропу. Падарожнікі прыбылі 27 верасня 1743 года ў порт Пары ў вусці Амазонкі. Кандамін вырашыў дабірацца да Каены водным шляхам, яго шлюпка заблукала ў лабірынце дэльты Амазонкі, навуковец з’явіўся ў Гвіяне толькі 26 лютага 1744 года. Трэба было знайсці судна, якое б плыло ў Францыю, але ішла вайна, і ў акіяне было шмат карсараў. Навуковец чакаў, працягваючы свае навуковыя назіранні і вопыты. Урэшце восенню 1744 года Кандамін сеў на галандскае судна, якое плыло ў Амстэрдам, дзе ён высадзіўся 30 лістапада 1744 года.[3]

Такім чынам, Бугер прыбыў у Парыж на пяць месяцаў раней за Кандаміна. У Гаазе Кандамін з французскіх газет даведаўся, што на штогадовым сходзе Каралеўскай акадэміі навук Бугер выступіў з дакладам пра экспедыцыю ў Перу, увесь Парыж толькі пра яго і гаворыць, Бугер быў героем дня. Кандамін палічыў сябе несправядліва абойдзеным і абрушыў на калегу ўвесь свой гнеў. Але ў лістах, якія Кандамін атрымліваў з Францыі (у тым ліку ад Вальтэра) не было і намёку на здраду Бугера, наадварот, у іх сітуацыя давалася ў светлых колерах — Бугер дыпламатычна не ўспамінаў Гадэна, а ў адрас Кандаміна сыпаў пахвалы. Аднак Кандамін заставаўся непахісным і заўсёды шукаў прычыны для сваркі з Бугерам. Нягледзячы на трыўмфальны прыём, аказаны Кандаміну па вяртанні ў Парыж, ён з Бугерам заставаўся ворагам і палемізаваў да самай смерці апошняга ў 1758 годзе.[3]

Пасля ад’езду Бугера і Кандаміна ў Перу засталіся толькі Гадэн і Жусьё. У 1745 годзе Жусьё дабіўся ад Версаля грашовай сумы, неабходнай для вяртання на радзіму. У канцы кастрычніка 1746 года, калі Гадэн і Жусьё перад ад’ездам знаходзіліся ў Ліме, адбылося моцнае землетрасенне, якое разбурыла сталіцу віцэ-каралеўства і порт Кальяа. Ад’езд навукоўцаў быў адкладзены, бо віцэ-кароль загадаў, каб яны ўдзельнічалі ў аднаўленні і забеспячэнні горада. Толькі ў жніўні 1748 года Гадэн і Жусьё здолелі пакінуць Ліму і вырашылі следам за Кандамінам перасячы кантынент да атлантычнага ўзбярэжжа, але не цячэннем Амазонкі, а па бразільскім плато. Ужо на пачатку гэтага падарожжа ў ваколіцах Куска і возера Ціцікака Жусьё сабраў багатую батанічную калекцыю, але пасля Ла-Паса яго планы нечакана змяніліся — ён адмовіўся працягваць падарожжа і заняў пасаду дырэктара сярэбраных прыіскаў у Патасі (цяпер Балівія).[3]

Урэшце Гадэн дабраўся да Рыа-дэ-Жанэйра. З-за таго, што Каралеўская Акадэмія адмовілася ад яго, ён застаўся зусім без сродкаў, не меў пашпарта, браўся за выпадковую працу, каб выжыць, і ў такім становішчы знаходзіўся да 1751 года, калі партугальскае судна перавезла яго ў Лісабон. Апошнія гады жыцця Гадэн жыў у Іспаніі, быў прафесарам у Кадысе. Аднак яго маральны дух быў зламаны шматлікімі нягодамі, ён цалкам страціў надзею на публікацыю сваёй працы па перуанскай экспедыцыі і ў 1760 годзе памёр. Жусьё, уражаны на прыісках у Патасі невыноснымі ўмовамі працы і жыцця людзей, чатыры гады займаўся лячэннем індзейцаў. Хворы, усімі забыты, знясілены дваццаццю гадамі экспедыцыі ў месцах з нездаровым кліматам, ён заўчасна састарыўся, страціў памяць і мову. У 1771 годзе спачувальныя яму людзі ў Кіта пераправілі яго ў Гуаякіль і пагрузілі на судна да Панамы. Сам Жусьё нічога з гэтага не разумеў, у Францыі яго падабраў пляменнік — Антуан-Ларан Жусьё, у якога навуковец і памёр у 1779 годзе. Занепакоеныя толькі фізічным станам Жусьё, сябры ў Гуаякілі нават не падумалі пра яго багаж і вялікую колькасць чамаданаў, дзе захоўвалася бясцэнная дакументацыя. Калі з Францыі папрасілі адправіць гэтыя чамаданы, то на месцы ніхто не ведаў, дзе яны знаходзяцца, — так знікла праца жыцця навукоўца.[3]

Вынікі навуковай экспедыцыі на экватар выйшлі далёка за межы пастаўленых задач. Адказ на пытанне пра форму Зямлі, якога чакалі ад перуанскай экспедыцыі 1735 года, быў атрыманы па вяртанні Маперцюі з Лапландыі ў 1737 годзе. Такім чынам, Бугер і Кандамін толькі пацвердзілі ўжо вядомае. Праведзеныя імі разлікі былі выкарыстаны пазней, з іх дапамогай падчас Французскай рэвалюцыі была ўстаноўлена даўжыня метра. Экватарыяльная экспедыцыя прынесла шмат рознабаковай інфармацыя, якая ўзбагаціла астраномію, картаграфію, этнаграфію і іншыя навукі. Кандамін склаў першую адносна дакладную карту Амазонкі, упершыню апісаў спосабы вытворчасці каўчукавых вырабаў, невядомых у Еўропе. Яркая індывідуальнасць Кандаміна, яго ўменне паводзіць сябе з людзьмі, а таксама даўгалецце (памёр у 1774 годзе ва ўзросце 73 гадоў) застаюцца і цяпер сімвалам удалага навукоўца. Кандамін быў выбраны ганаровым членам Балонскай, Берлінскай, Лонданскай і Пецярбургскай акадэмій, яго імя асацыіруецца з фантазіяй і авантурай, засланіла Бугера, не кажучы пра забытага Гадэна.[3]

Паводле маштабаў мэт і інтэнсіўнасці навуковых даследаванняў экспедыцыя была выключнай для свайго часу, а ўлічваючы падтрымку праекта дзяржавай, яе можна назваць сімвалам навуковай дзейнасці ХVIII ст. Мабыць, таму праз гады ўдзел дзяржавы ў навуковых экспедыцыях стане звычайным і адыграе вялікую ролю ў вядомых падарожжах Джэймса Кука, Луі Антуана дэ Бугенвіля, Жана-Франсуа дэ Лаперуза па даследаванні Ціхага акіяна. Характарызуючы экспедыцыю, варта адзначыць рысу, якая застаецца актуальнай і цяпер: пераход ад звычайнай цікаўнасці да рацыянальнага даследавання, дзе дакладнасць вынікаў мае першаступенную значнасць.[3]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Манумент з музеем унутры і алея мемарыяла.

У Эквадоры на экватары ў памяць экспедыцыі створаны мемарыял «Ciudad Mitad del Mundo»[en], які ўключае алею з бюстамі навукоўцаў, этнаграфічны музей і інш.

У 1986 годзе ў Францыі выпушчана паштовая марка ў гонар 250-годдзя экспедыцыі. На марцы злева ў агульным картушы партрэты Маперцюі і Кандаміна, справа — секстант. Кошт маркі — 3 франкі. Таксама выпускаліся маркі ў памяць асобна лапландскай часткі экспедыцыі.

Зноскі

  1. а б в г д Изотов А. А. Форма и размеры… С. 19.
  2. а б Изотов А. А. Форма и размеры… С. 18.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Ропер А. Экспедиция к экватору…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Магидович И. П., Магидович В. И. Экспедиция Кондамина // Очерки по истории географических открытий. В 5-ти т. / Редколлегия: В. С. Преображенский и др. — Т. 3. Географические открытия и исследования нового времени (середина XVII—XVIII в.). — 3-е изд., перераб. и доп. — М.: Просвещение, 1984. — 319 с., ил., карт. — С. 104.
  • Ропер А. Экспедиция к экватору [Текст] : фр. ученые 18 столетия-предвестники великих достижений наук о Земле / А. Ропер ; Пер. с фр. И. Ольтециан // История. — 2003. — 23-31 дек. (№ 48). — С. 13-18. — Прил. к газ. «Первое сентября».
  • Изотов А. А. Форма и размеры Земли по современным данным // Труды ЦНИИГАиК. Вып. 73. — М.: Геодезиздат, 1950.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]