Франц Феліксавіч Блус

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Франц Феліксавіч Блус
Род дзейнасці паэт
Месца нараджэння

Франц Феліксавіч (Ілья Піліпавіч) Блус (?, Быхаўскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Чавускі раён, Магілёўская вобласць — ?) — агітатар, аўтар вершаваных твораў манархісцкага кірунку 2-й паловы 19 ст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле некаторых звестак, служыў чыноўнікам на Магілёўшчыне. Заўзяты манархіст і праціўнік вызваленчага руху. У 1862 г., ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму, напісаў на беларускай мове, якой добра валодаў, вершаваныя гутаркі «Прамова старавойта да сялян аб свабодзе» і «Прамова старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх заклікаў сялян да пакоры і цярпення, славіў цара і сялянскую рэформу 1861 г., даводзіў справядлівасць сацыяльнай няроўнасці.

Па распараджэнні губернатара гутаркі былі вельмі аператыўна надрукаваны ў Магілёве і выкарыстаны для спынення сялянскага руху. Паводле звестак архіўнай справы, што зберагаецца ў ЦДГА (Пецярбург), у 1863 г. Ф. Блус напісаў яшчэ нейкі твор «супраць агітатараў польскага паўстання».

Пасля паўстання 1863 г. працаваў на чыгунцы ў Бузулуку, быў звольнены, некаторы час жыў у Самары, дзе, паводле водзываў улад, «вёў жыццё разгульнае, бавячы час у гасцініцах». Звалі яго ў гэты час Ілья Піліпавіч. Гэта значыць, што пад гутаркамі 1862 г. ён паставіў несапраўдныя імя і імя па бацьку (Франц Феліксавіч) або змяніў іх у далейшым (магчыма, пры пераходзе з каталіцызму ў праваслаўе).

На пачатку 1881 г., незадоўга да забойства Аляксандра II, прыслаў міністру ўнутраных спраў некалькі вершаў на рускай мове, прысвечаных цару, і прасіў надрукаваць іх для чытання на фабрыках і заводах, каб супрацьдзейнічаць агітацыі «дэмакратаў-сацыялаў». Пры гэтым ён спасылаўся на свой беларускі вопыт 1862 г. Вершы 1881 г. было дазволена надрукаваць з некаторымі купюрамі (выкінуты радкі аб беднасці і ўціску народа). Далейшы лёс іх, як і самога аўтара, невядомы.

Значэнне творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія гутаркі Ф. Блуса — цікавы дакумент эпохі. Незалежна ад намераў аўтара, у іх адлюстраваліся рэаліі тагачаснага народнага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства, іх абыякавасць да рэлігіі і г.д. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Ф. Блусам таксама ананімную празаічную брашуру «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», выдадзеную ў Магілёве (1861 г.), аўтарам якой лічыцца А. Кісель.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блус Франц // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т.1.- Мн.: БелЭн, 1992.-С.294-295.
  • Блус Франц Феліксавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2.-Мн.: БелЭН, 1996.-С.197.
  • Блус Франц Феліксавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т.1.-Мн.: БелСЭ, 1984.-С.457.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.