Фёдар Іванавіч Кардаш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фёдар Іванавіч Кардаш
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 5 студзеня 1932(1932-01-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 верасня 2008(2008-09-21) (76 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства

Фёдар Іванавіч Кардаш (5 студзеня 1932, в. Харашкі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці — 21 верасня 2008) — журналіст, іншадумца, палітычны вязень у БССР.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Фёдара Кардаша быў партызанскім сувязным, загінуў у красавіку 1944 г. падчас няўдалай спробы дыверсіі на чыгунцы (група трапіла ў засаду).

У пасляваенныя гады Ф. Кардаш вучыўся ў Маўчадскай сярэдняй школе (тады Гарадзішчанскі, цяпер Баранавіцкі раён), размешчанай у суседнім мястэчку, якую скончыў у 1950 годзе.

У той жа год паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое ў 1955 годзе скончыў, пасля чаго працаваў у Чырвонаслабодскай раённай газеце «Чырвоная зара».

Пасля смерці Сталіна ў многіх, у тым ліку і ў Ф. Кардаша, абудзілася надзея, што ў новых умовах можна будзе больш свабодна абмяркоўваць праблемы і недахопы. Ф. Кардаш напісаў і ў лістападзе 1955 г. даслаў у ЦК КПСС ананімны ліст з прыкладамі непарадкаў у раёне і з прапановамі дэмакратызаваць дзяржаўны лад і паслабіць цэнзуру, каб прэса магла крытыкаваць недахопы на месцах дзеля іх далейшага выпраўлення.

КДБ вызначыла аўтара ліста па почырку і фактах, выкладзеных у ім. Рашэннем Мінскага абкаму камсамолу быў выключаны з арганізацыі, потым рашэнне было зацверджана ЦК ЛКСМБ. Быў арыштаваны 16 жніўня 1956 года ў студэнцкім інтэрнаце БДУ па вуліцы Бабруйская, 8.

18 кастрычніка 1956 года асуджаны Мінскім абласным судом па частцы «а» артыкула 72 КК БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») да двух гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. Тэрмін адбываў у Дубраўлагу (Мардовія).

Падчас зняволення бачыўся і размаўляў з Цімохам Вострыкавым, якога як прадстаўніка Рады БНР дэсантавалі ў БССР у 1952 годзе амерыканцы.

У лагеры трапіў на вытворчасць, дзе дзень працы залічваўся за два дні зняволення, таму выйшаў на свабоду датэрмінова 23 жніўня (паводле іншых звестак — 23 кастрычніка) 1957 года.

Пасля вызвалення на працу па спецыяльнасці не бралі, здолеў уладкавацца толькі настаўнікам вячэрняй школы сельскай моладзі. Праз тры гады з дапамогай Яраслава Пархуты ўладкаваўся ў ружанскую раённую газету, яшчэ праз год з дапамогай аднакурсніка перайшоў на працу ў лідскую раённую газету. Пазней стаў уласным карэспандэнтам «Гродзенскай праўды» ў Лідзе.

Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 31 студзеня 1989 года [1].

У пачатку 1990-х гадоў публікаваўся ў незалежнай прэсе, быў адным са стваральнікаў і рэдактарам лідскіх незалежных газет «Народная трыбуна» (1992) і «Голас з Ліды» (1993—1995).

Пасля выхаду на пенсію пераехаў у Мінск. Выступіў адным з рэдактараў зборніка ўспамінаў «Боль сквозь годы: Свидетельства жертв политических репрессий в 1930―1950 г.г.» (2004). Часопіс «Лідскі летапісец» апублікаваў успаміны Ф. Кардаша «У цянётах акупацыі».

Асабовая справа Кардаша № 21033-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў, Леанід. Кардаш Фёдар // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том I. Мінск, 2003. С. 420—421.
  • Маракоў, Леанід. Кардаш Фёдар Іванавіч // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том III. Кніга II. Мінск, 2005. C. 594.
  • Тарас, Валянцін. На высьпе ўспамінаў. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. С. 324-325.
  • Чарняўскі, Міхась. Кардаш Фёдар // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск, 1999.
  • Чарняўскі, Міхась. Кардаш Фёдар // Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985. Даведнік. Том 1 / Укладальнік Алег Дзярновіч. Мінск, 2004. С. 94-95.