Цецеравец (Клецкі раён)
Вёска
Цецеравец
| ||||||||||||||||||||||||
Цецераве́ц[1] (трансліт.: Ciecieraviec, руск.: Тетеревец) — вёска ў Клецкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Морацкага сельсавета.
У 1940—1954 гадах цэнтр Цецеравецкага сельсавета. Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Нагорнаўскага сельсавета[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядома ў ВКЛ з XVI стагоддзя. У 1552 годзе — двор (фальварак) Клецкага княства, уласнасць каралевы Боны Сфорца. Пры двары на 4 валоках зямлі жылі 14 чалавек паднявольных, мелася 8 валок зямлі гаспадарскай. Да Цецераўскага двара адносіліся сёлы Ёдчыцы, Цыцкавічы, Караневічы, Сакалятычы, востраў сяла Балванскага і востраў у Калодзежніках[3]. У 1577 годзе двор (12 валок зямлі) і сяло Цецеравец (8 гаспадароў) знаходзіліся ва ўладанні Радзівілаў, якія ў XVII—XVIII стагоддзях неаднаразова аддавалі Цецераўскі двор разам з сёламі ў заставу розным прадстаўнікам шляхты (П. Міноцкаму, М. Шафарэвічу, Вендорфам і іншым)[3].
З 1793 года — у складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе вёска і фальварак, ветраны млын, уладанне Радзівілаў, у складзе Слуцкага павета Мінскай губерні[3]. У 1809 годзе ў фальварку Цецеравец налічвалася 15 дымоў[3]. У 1850 годзе ў межах фальварка Цецеравец Клецкай ардынацыі Радзівілаў уваходзілі вёскі Цецеравец (13 двароў, 107 жыхароў) і Ёдчыцы. Усяго ў фальварку ў гэты час налічвалася 58 сялянскіх двароў (з іх цяглых 51 двор), 372 селяніны, ворыўнай зямлі 508 моргаў, 117 прутоў. Фальваркавыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы былі драўлянымі, у т.л. вінакурня (пабудавана ў 1832 г.) і ветраны млын (перабудаваны ў 1829 г.). Пры фальварку меўся сад (330 дрэў) і сажалка, у вёсцы Цецеравец — карчма[3]. Паводле перапісу 1897 года на месцы сучаснай вёскі ў складзе Грыцэвіцкай воласці знаходзіліся вёска Цецеравец (36 двароў, 244 жыхары), фальварак Стары Цецеравец (1 двор, 7 жыхароў) і фальварак Новы Цецеравец (4 двары, 35 жыхароў)[3]. У 1908 годзе вёска (35 двароў, 255 жыхароў) і аднайменны маёнтак (6 жыхароў)[3].
З лютага да снежня 1918 года акупавана германскімі войскамі. З 1 студзеня 1919 года — у складзе БССР, з лютага — у Літ.-Бел. ССР, у красавіку — у БССР. З 1919 года да ліпеня і з кастрычніка 1920 года акупавана польскімі войскамі. З 29 ліпеня 1920 года — у Нясвіжскім павеце Мінскай губерні, з 31 ліпеня 1920 года — у складзе БССР[3]. З 1921—1939 гады — у складзе Польшчы, у Грыцэвіцкай гміне Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства: вёска (54 двары, 298 жыхароў) і фальварак (1 двор, 24 жыхары) (1921 г.)[3]. З 3 лістапада 1939 года — у складзе БССР, з 15 студзеня 1940 года — у Клецкім раёне Баранавіцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр Цецераўскага с/с таго ж р-на і вобл.[3]. З 8 студзеня 1954 года — у Мінскай вобласці, з 16 ліпеня 1954 года — у Нагорнаўскім сельсавеце[3]. З 25 снежня 1962 года да 30 ліпеня 1966 года — у Нясвіжскім раёне[3]. У 1940 годзе вёска (104 двары, 586 жыхароў), клуб, 1 асада (7 двароў, 38 жыхароў)[3]. Утвораны калгас імя Дзяржынскага, які абслугоўваўся Клецкай МТС. Будынак былой польскай заставы меркавалася перабудаваць пад пачатковую школу. На тэрыторыі Цецераўскага с/с знаходзілася 7 населеных пунктаў (2399 жыхароў), 458 двароў (у тым ліку 200 хутароў), 1 сярэдняя школа[3].
У Вялікую Айчынную вайну акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі з 26 чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года. На франтах вайны ў баях з ворагамі загінулі 16 вяскоўцаў. Пасля вайны адноўлены даваенны калгас[3]. З 1953 года вёска ў складзе калгаса «Чырвоны Сцяг» (цяпер СВК «Лазавічы»; цэнтр в. Лазавічы)[3].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1850 — 107 жыхароў, 13 двароў (вёска); 1897 — 244 жыхары, 36 двароў (вёска); 7 жыхароў, 1 двор (фальварак Стары Цецеравец); 35 жыхароў, 4 двары (фальварак Новы Цецеравец)[3].
- XX стагоддзе: 1908 — 255 жыхароў, 35 двароў (вёска); 6 жыхароў (маёнтак); 1921 — 298 жыхароў, 54 двары (вёска); 24 жыхары, 1 двор (фальварак); 1940 — 586 жыхароў, 104 двары (вёска); 38 жыхароў, 7 двароў (асада); 1959 — 565 жыхароў; 1970 — 527 жыхароў; 1988 — 301 жыхар, 127 гаспадарак; 1998 — 227 жыхароў, 110 двароў[3].
- XXI стагоддзе: 2009 — 96 жыхароў, 82 гаспадаркі[3].
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]У сучаснай вёсцы знаходзіцца машынны двор, свінаферма, ферма буйной рагатай жывёлы, магазін[3].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Наталля Віктараўна Манько (нар. 1956) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — С. 464. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0554-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цецеравец (Клецкі раён)