Цэнтр Пяцідзясятніцкага Руху

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтр Пяцідзясятніцкага Руху
Месца знаходжання Сцяг БССР БССР (СССР)
Тып арганізацыі нелегальная
Кіраўнікі
Кіраўнік Іван Панько
Сяргей Вашкевіч
Заснаванне
Дата заснавання 1944 год
Ліквідацыя
Дата скасавання снежань 1950 года

«Цэнтр Пяцідзясятніцкага Руху»беларуская евангельская арганізацыя, якая дзейнічала ў 1944—1950 гадах.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 1944 года на Беларусь прыйшлі савецкія войскі, разам з вызваленнем ад немцаў прыйшоў новы рэлігійны прыгнёт.

Разам з найбліжэйшымі памочнікамі (сакратаром духоўнай кансысторыі Сяргеем Вашкевічам і дзяканам Нічыпарам Касніковічам) Іван Панько стварыў Нелегальны кіраўнічы «Цэнтр Пяцідзясятніцкага Руху», які сам і ўзначаліў. Зыходзячы з царкоўных дагматаў, Цэнтр ставіў сваёй мэтай вызваленне прэсвітарскага актыву ад мабілізацыі ў войска. У 1945 г.одзе быў праведзены нелегальны сход прэсвітараў, на якім былі вызначаныя формы дзейнасці і збіраліся грошы на далейшую дзейнасць. За 1945—1947 годы ад мабілізацыі ў войска былі вызваленыя каля 100 чалавек.

Другая палова 1940-х гадоў характарызавалася ростам актыўнасці пратэстанцкіх цэркваў. У кастрычніку 1944 года адбылося аб'яднанне баптыстаў з евангельскімі хрысьціянамі. Аб'яднаннем царквы заняўся «Усесаюзны савет евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў» (УСЭХБ), які меў сядзібу ў Маскве. У 1945 годзе кіраўнічы цэнтр баптыстаў стаў выдаваць часопіс «Брацкі веснік».

У жніўні 1945 года кіраўнікі хрысціянаў веры евангельскай з Беларусі Іван Панько і Сяргей Вашкевіч разам з украінскімі пяцідзясятнікамі звярнуліся з просьбай абмеркаваць магчымасці і ўмовы іх уваходжання ў Саюз хрысціянаў веры евангельскай. 29 жніўня 1945 года быў прыняты адпаведны дакумент, вядомы як Жнівеньскае пагадненне. Пасля яго падпісання пачалася кампанія аб’яднання. Аднак незадаволеныя былі як з аднаго, так і з другога боку. Супраць выступалі прэсвітары евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў Р. Барушка (в. Глудня Бярозаўскага раёну), І. Саковіч (в. Голкава Антопальскага раёну), І. Кірылюк (в. Матвеевічы Жабінкаўскага раёну). Былі праціўнікі і з боку пяцідзясятнікаў (хрысціяне веры евангельскай). Яны адмовіліся праходзіць перарэгістрацыю, не прызнавалі кіраўніцтва УСЭХБ, абвінавачвалі яго ў тым, што яно прадалося Антыхрысту. Пяцідзясятнікі адмаўляліся падпарадкоўвацца кіраўніцтву, праводзілі «па-старому» абрады.

Увесну 1949 года былі арыштаваныя прэсвітары Паляновіч (кіраўнік вернікаў Лагішынскага раёну), Тур (Любчанскага раёну), Кульбіцкі (Радашкаўскага раёну), Сяргей Вашкевіч, а ў снежні 1950 года быў арыштаваны і Іван Панько. Суд абвінаваціў іх у антысавецкай прапагандзе, распаўсюджванні рэлігійнага «дурману» сярод шырокіх масаў насельніцтва, і найперш моладзі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]