Часлава Браніславаўна Ашукоўская
Часлава Ашукоўская | |
---|---|
Род дзейнасці | удзельніца антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху |
Дата нараджэння | 8 кастрычніка 1932 (91 год) |
Месца нараджэння |
Часлава Ашукоўская (нар. 8 кастрычніка 1932) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належала да смаргонскай групы арганізацыі.[1]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 8 кастрычніка 1932 г. у Смаргоні ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Гродзенская вобласць). У 1940 г. бацьку арыштавалі і асудзілі да зняволення савецкія ўлады, якія ўсталяваліся ў верасні 1939 г. у Заходняй Беларусі. Часлава Ашукоўская засталася з маці, старэйшымі братам і сястрой.
Пасля Другой сусветнай вайны вучылася ў Смаргонскай сярэдняй школе. У 1949 пазнаёмілася ў школе з вучнямі-антыкамуністамі, стала сябрам мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, але да актыўнай дзейнасці далучыцца не паспела. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але ў будучыні планавалася перайсці і да больш актыўных дзеянняў.
23 сакавіка 1950 г. Чаславу Ашукоўскую, тады яшчэ дзевяцікласніцу, разам з Марыяй Барташэвіч арыштавалі органы МДБ. Утрымлівалася ў турме ў Маладзечне. У адрозненні ад многіх іншых удзельнікаў арганізацыі, Чаславу падчас допытаў не катавалі.
8 мая разам з групай удзельніц мядзельска-смаргонскага падполля была асуджана трыбуналам БВА да 8 гадоў канцлагераў «за неданясенне». Як малалетняя ўтрымлівалася першы год у дзіцячай калоніі ў Гомелі, працавала ў швейнай майстэрні. Далейшы тэрмін адбывала ў канцлагерах за Свярдлоўскам, дзе выкарыстоўвалася на розных цяжкіх работах: як толькі ёй споўнілася 18, яе адправілі па этапе ў Салікамскі канцлагер. Пра зняволенне ўспамінала так:
«Выходных ні разу не было.
Чытала я Салжаніцына. Углядалася. У іх і пасылкі былі, якія дапамагалі ім пратрымацца. І грошы ім выдавалі, на якія яны маглі купіць сабе што-небудзь. Проста казка нейкая ў параўнанні з намі. Санаторый проста. У нас усё было забаронена.
Ні пасылак, ні крамаў, ні грошай. У іх там на нарах і коўдры нейкія былі, хаваліся яны. А ў нас — голыя нары. Ватоўку з сябе сцягнеш — і ў сушылку. Спіш у тым, што пад ватоўкай было. У дзень давалі 200 грамаў хлеба — калі норму выканаем. Не выканаем — 100 грамаў. Раніцай і ўвечары рыба перамерзлая салёная. Хто дажываў да лета — ратаваўся ягадамі. Было шчасце, калі на маліннік набрыдзеш. Дасведчаныя траўку збіралі, нам давалі жаваць».
Некалькі разоў была скалечаная падчас цяжкіх прац:
«Нага саслізнула з каляіны і трапіла ў баразну, якой ішлі калёсы, а за ёй — прывязанае дрэва. Мяне зацягнула — і абедзве нагі — хрась! — як запалкі паламаліся. На крык прыбеглі дзяўчаты. Выцягнулі. Сякерай разрэзалі валёнкі, а ногі ўжо апухлі страшна. Паклалі. Змена скончылася, прыцягнулі ў барак, там і лячылі. У медсанчастку не аддалі, сказалі, самі выхадзім. Рабілі нейкія прымочкі, сцягвалі туга-туга ногі, падвязвалі іх дагары. Так я і ляжала, пакуль яны сыходзілі лес валіць. Пайку сваю са мной дзялілі, мне ж нельга было! І зраслося! Маладая была… Потым ізноў хадзіла на працу разам з усімі».
Летам 1954 вызвалена і вярнулася ў Смаргонь. Выйшла замуж за вайскоўца-армяніна на прозвішча Галумян, які ўсе гэтыя гады чакаў яе вяртання. З мужам і дзецьмі жыла ў розных мясцінах СССР, а таксама ў ГДР. Пасля гэтага Часлава марыла вярнуцца ў Беларусь, але сям'я пераехала на сталае месца жыхарства ў Туапсэ (цяпер Краснадарскі край, Расія). Там Часлава Ашуковіч скончыла вячэрняе аддзяленне гандлёвага тэхнікума, шмат гадоў працавала прадаўцом і засталася там жыць пасля смерці мужа. Удзельнічала у напісанні успамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».
Зноскі
- ↑ http://www.slounik.org/154738.html Біяграфія Чаславы Ашукоўскай
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Маракоў, Леанід. АШУКОЎСКАЯ Часлава . Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794—1991.
- Наша Ніва. Знайшлася новая сведка справы Лапіцкага: неймаверная гісторыя жыцця Чаславы Ашукоўскай .