Юзаф Анджаліні

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юзаф Анджаліні
польск.: Józef Angiolini, лац.: Angiolini Josephus, італ.: Giuseppe Angiolini
Дата нараджэння 14 лістапада 1747(1747-11-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 28 сакавіка 1814(1814-03-28) (66 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці філосаф
Навуковая сфера тэалогія
Месца працы
Навуковае званне прафесар


Юзаф Анджаліні (таксама бел.: Джузэпэ Анджаліні; польск.: Józef Angiolini, лац.: Angiolini Josephus, італ.: Giuseppe Angiolini; 14 кастрычніка 1747, П’ячэнца, Італія — 28 сакавіка 1814, Полацк) — педагог, прафесар Полацкай езуіцкай акадэміі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і шчырых вернікаў. Далучыўся да Таварыства Ісуса ў Італіі (Венецыянская правінцыя) у 1762 г. Бацькоўскае выхаванне і асяроддзе спрыяла таму, што і астатнія яго дзвяць братоў звязалі сваё жыццё з касцёлам, а чацвёра з іх — Антаніна (Алесандра), Гаэтана (Каэтан), Франчэска і Луіджы, як і ён сам сталі езуітамі. Праз некаторы час пасля скасавання ордэна, у 1783 г. разам з роднымі братамі Гаэтана Анджаліні (1748—1816) і Франчэска Анджаліні (1750—1788) прыехаў у Беларусь[1].

Спачатку выкладаў філасофію і матэматыку (1785-1794), а потым - тэалогію і кананічнае права (1794-1806) у Полацкім езуіцкім калегіуме. З 1806 па 1809 гг. быў рэктарам калегіума ў Пецярбургу[2]. Пасля вяртання у Полацк займаў пасаду прафесара тэалогіі. У дзень адкрыцця Полацкай езуіцкай акадэміі, 10 чэрвеня 1812 г., біскуп Якуб Ігнацій Дзядзерка прысвоіў яму ступень доктара тэалогіі і кананічнага права[3]. Потым стаў першым канцлерам (прарэктарам) у гісторыі акадэміі (1813—1814), а таксама кансультантам правінцыяла Беларускай правінцыі Таварыства Ісуса[2].

Філасофскія погляды[правіць | правіць зыходнік]

У 1819 г. у Полацку пасмяротна была выдадзена яго праца Institutiones philosophicae ad usum studiosorum Academiae Polocensis. Яна складалася з трох частак, першая з якіх была прысвечана логіцы, а другая і трэцяя - адпаведна агульнай і прыватнай метафізіцы.

Анджаліні разумеў філасофію як "навуку, што спасцігаецца розумам", а навуку - як бясспрэчныя і даказаныя веды. На яго думку філасофія складаецца з пяці галінаў: логікі, якая вучыць чалавека разважаць разумным і лагічным чынам; метафізікі, якая засяроджваецца на развагах пра існае і сусвет у цэлым, асабліва пра нематэрыяльную субстанцыю; матэматыкі, якая вымярае колькасць; фізікі, якая вывучае натуральныя з'явы і іх прычыны; этыкі або хутчэй філасофіі маральнасці, што скіраваная на фармаванні звычак чалавека у адпаведнасці з законамі дабрадзейнасці[4].

Зноскі

  1. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – с. 134.
  2. 2,0 2,1 Catalogs SJ 1774-1829. Russiae.
  3. Darowski, Roman. Giuseppe (Joseph) Angiolini, SJ. (1747-1814) Professor of Philosophy at the / Roman Darowski // Forum Philosophicum. 11 (2006). – p. 230.
  4. Darowski, Roman. Giuseppe (Joseph) Angiolini, SJ. (1747-1814) Professor of Philosophy at the / Roman Darowski // Forum Philosophicum. 11 (2006). – p. 231.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всём мире. М., 2004.
  • Darowski, Roman. Giuseppe (Joseph) Angiolini, SJ. (1747-1814) Professor of Philosophy at the Polotsk Academy. Forum Philosophicum. 11 (2006). – p. 230-233.
  • Giżycki, J.-M., Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych, 1905 - s. 115.