Перайсці да зместу

Юліус Фром

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юліус Фром
Julius Fromm
Род дзейнасці прадпрымальнік, вынаходнік
Дата нараджэння 4 сакавіка 1883(1883-03-04)
Месца нараджэння Конін, Царства Польскае, Расійская імперыя
Дата смерці 12 мая 1945(1945-05-12) (62 гады)
Месца смерці Лондан, Вялікабрытанія
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юліус Фром (ням.: Julius Fromm, 1883—1945) — нямецкі прадпрымальнік польска-яўрэйскага паходжання, хімік і вынаходнік спосабу вырабу прэзерватываў з гумы.

Нарадзіўся ў Коніне (у той час — тэрыторыя Расійскай імперыі, у наш час — Велікапольскае ваяводства, Польшча) у яўрэйскай сям’і. Калі Юліусу было дзесяць гадоў, яго сям’я пераехала ў Берлін. Бацькі Юліуса памерлі маладымі, і ён з 15-гадовага ўзросту быў вымушаны клапаціцца пра сябе і сваіх шасцярых братоў і сясцёр. Наведваючы вячэрнюю школу, ён надаваў вялікую ўвагу хіміі.

Пасля Першай сусветнай вайны Германія перажыла хуткую лібералізацыю сексуальных адносін, што выклікала шырокае распаўсюджванне венерычных захворванняў. Тым часам большасць прэзерватываў выраблялася са «скуры»: хімічна апрацаваных кішак ці мачавога пузыра жывёл[1]. Вырабляліся таксама і гумавыя прэзерватывы, але тэхналогія іх вытворчасці была недасканалай: лісты гумы абгортваліся вакол формы і акуналіся ў раствор для вулканізацыі[2]. У 1912 годзе Фром вынайшаў новую тэхналогію вырабу прэзерватываў[3], сутнасць якой зводзілася да таго, што замест цвёрдай гумы выкарыстоўвалася вадкая сумесь гумы з бензінам ці бензолам, што дазваляла вырабляць прэзерватывы бясшвоўнымі і больш тонкімі[4]. Фром запатэнтаваў сваё вынаходства ў 1916 годзе, а з 1922 года пачалася іх масавая вытворчасць. Новы від прэзерватываў, які атрымаў неафіцыйную назву Fromms Act, хутка заваяваў папулярнасць у Еўропе, слова Fromms у Германіі стала сінонімам прэзерватыва[5], Фром неўзабаве стварыў сетку прадпрыемстваў па вытворчасці прэзерватываў у Даніі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Нідэрландах. У 1920 годзе Фром атрымаў грамадзянства Германіі. У 1928 годзе кампаніяй Фрома былі ўсталяваны першыя кандаматы, але міністэрства ўнутраных спраў Германіі дапушчала іх толькі для рэкламы гігіенічных пераваг прэзерватываў, паколькі асцерагалася зніжэння нараджальнасці.

Пасля прыходу да ўлады нацыстаў у 1933 годзе быў прыняты закон, які дазваў продаж прэзерватываў толькі ў простай карычневай паперы і толькі ў аптэках. Нягледзячы на гэтыя абмежаванні, да пачатку Другой сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі 72 млн прэзерватываў у год[6]. Па меры разгортвання ганенняў на яўрэяў, у 1938 годзе, Фром вымушаны быў прадаць свае заводы па вытворчасці прэзерватываў баранэсе Элізабет фон Эпенштайн, хросныя маці Германа Герынга за 116 тысяч рэйхсмарак — мізэрную частку іх рэальнага кошту. Годам пазней Фром эміграваў у Лондан, дзе і памёр 12 мая 1945 года. Маёмасць Фрома, уключаючы раяль і асабістую бібліятэку, якая каштавала ў сучасных коштах парадку 30 мільёнаў еўра, была прададзена з аўкцыёну 17 мая 1943 года за 2255 рэйхсмарак.

Завод Фрома ў Кёпеніку быў амаль цалкам разбураны авіяцыяй саюзнікаў, а пасля заняцця Берліна савецкімі войскамі ацалелае абсталяванне заводу было вывезена ў Савецкі Саюз. Іншы завод Фрома, у Фрыдрыхсгагене[de] працягваў выпускаць прэзерватывы, асабліва для патрэб Чырвонай Арміі. Пасля вайны кампанія Фрома была нацыяналізавана ўрадам ГДР[5], і рэарганізавана ў VEB «Plastina», а марка прэзерватываў была пераназвана ў «Mondos»[5].

Гандлёвая марка прадукцыі Фрома

У Заходняй Германіі Герберт Фром, сын Юліуса Фрома, распачаў спробы аднавіць правы на гандлёвую марку бацькі, для чаго быў вымушаны заплаціць 174 тысячы марак Ота Метц-Ранду, які прысвоіў гэтыя правы пасля смерці хроснай маці Герынга[5]. Герберт Фром адкрыў у Брэмене кампанію па вытворчасці прэзерватываў Fromms, якія пад брэндам Mapa[de] вырабляюцца дагэтуль.

Зноскі

  1. Collier, Aine (2007). The Humble Little Condom: A History. Amherst, NY: Prometheus Books. pp. 134–135, 157, 219. ISBN 978-1-59102-556-6.
  2. Collier, з.148.
  3. Rubbers haven't always been made of rubber. Billy Boy: The excitingly different condom. Праверана 9 верасня 2006.
  4. Collier, з.200.
  5. а б в г The Great Rubber Robbery: How Julius Fromm’s Condom Empire Fell to the Nazis Архівавана 2 лютага 2011.
  6. Collier, стар. 252