Перайсці да зместу

Бензін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўтамабільны 80-ы бензін у 720 мл. шкляным слоіку

Бензі́н — сумесь лёгкіх вуглевадародаў з тэмпературай кіпення ад 30 да 200 °C. Шчыльнасць каля 0,75 г/см². Цеплатворная здольнасць прыкладна 10500 ккал/кг (46 МДж/кг). Гаручая вадкасць. Прызначаны для ўжывання ў якасці паліва. Атрымліваецца шляхам перагонкі нафты, гідракрэкінгам і, пры неабходнасці далейшай араматызацыі — каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Для адмысловых бензінаў характэрна дадатковая ачыстка ад непажаданых кампанентаў і змешванне з карыснымі дадаткамі.

Вядомы асобныя выпадкі, калі для вытворчасці бензінаў ужываецца і іншая вуглевадародная сыравіна. Магчымы адгон бензінавых фракцый са смол паўкаксавання і каксавання з дадатковай іх ачысткай (напрыклад у Эстонскай ССР бензін вырабляўся з гаручых сланцаў). Вырабляюцца бензіны і з сінтэз-газу (прадукт газіфікацыі вугля, канверсіі метану) пры дапамозе сінтын-працэсу (сінтэз Фішэра - Тропша), прадукты такой тэхналогіі — сінтын і кагазіны.

«Класічная» тэхналогія вытворчасці аўтамабільнага бензіну на сучасных НПЗ прадугледжвае яго кампаўндаванне (змешванне) з некалькіх складнікаў, галоўнымі з якіх з'яўляюцца:

Найпростая схема атрымання аўтамабільнага бензіну ўлучае адбор лёгкіх фракцый падчас грубай перагонкі нафты саматужным спосабам (у т.зв. «самаварах») з наступным падвышэннем актанавага ліку даданнем вялікай колькасці прысадак («бадзяжніцтва»).

Пад канец 19 стагоддзя, бензін не знаходзіў лепшага ўжывання, чым антысептычны сродак (бензін прадаваўся ў аптэках) і паліва для прымусаў. Часцяком з нафты адганялі толькі газу, а ўсё астатняе, бензін улучна, або спальвалі, або проста выкідвалі. Аднак са з'яўленнем РУЗ, што працаваў па цыклу Ота, бензін стаў адным з галоўных прадуктаў нафтаперапрацоўкі.

Бензін ужываецца як паліва для карбюратарных і інжэктарных рухавікоў, высакаімпульснае ракетнае паліва (Сінтын), у вытворчасці парафіну, як растваральнік, як гаручы матэрыял, сыравіна для нафтахіміі.

Паліўныя бензіны

[правіць | правіць зыходнік]

Маторныя бензіны

[правіць | правіць зыходнік]
АЗС у ЗША

Асноўнымі якаснымі паказчыкамі маторных бензінаў з'яўляюцца:

  • Выпаральнасць і сумесеўтварэнне
  • Дэтанацыйная ўстойлівасць
  • Схільнасць да некіраванага ўзгарання (напальнае запальванне)
  • Нагараўтварэнне і схільнасць да адкладаў
  • Хімічная стабільнасць (індукцыйны перыяд)
  • Каразійная актыўнасць
  • Экалагічнасць
  • Таксічнасць

Асноўнымі характарыстыкамі, што ўплываюць на дадзеныя паказчыкі, з'яўляюцца:

  • Фракцыйны склад бензіну, вызначаны тэмпературамі пачатку і канца кіпення, выкіпання 10, 50 і 90 % бензіну
  • Вуглевадародны склад (улічваючы і іх будову)
  • Утрыманне серы, кіслародзмяшчальных злучэнняў, раствораных смол, металаў

Маторныя бензіны падзяляюцца на аўтамабільныя (А) і авіяцыйныя (Б). Авіяцыйныя бензіны адрозніваюцца тым, што ўлучаюць больш лёгкіх фракцый і маюць больш высокі актанавы лік. Адрозніваюць таксама летнія і зімовыя гатункі аўтамабільных бензінаў. У зімовых гатунках больш лёгкакіпячых фракцый, што паляпшае халодны пуск рухавіка. У падмурак класіфікацыі бензінаў пакладзены так званы актанавы лік. Бензіны з вялікім лікам валодаюць больш высокай устойлівасцю да дэтанацыі і дазваляюць выкарыстоўваць рухавікі з больш высокай ступенню сціску. thumb Прамагонны бензін, атрыманы шляхам перагонкі нафты, не валодае дэтанацыйнай устойлівасцю, неабходнай для працы сучаснага рухавіка. Бензін маркі А-72 і ніжэй выкарыстоўваўся толькі ў маторах, распрацаваных да 1950 года.

Асноўныя кампаненты высокаактанавых бензінаў атрымліваюць каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Дадаткова выкарыстоўваюцца розныя прысадкі і антыдэтанатары. Іх выкарыстанне абмежавана стандартамі, абмежавана ўтрыманне свінцу (таксічны тэтраэтылсвінец), марганцу і жалеза (нагараўтваральныя трыкарбанілмарганец і ферацэн), смалаўтваральнага монаметыланіліну (да 1,3 %). Гэтак жа магчыма ўжыванне дадаткаў, што падвышаюць актанавы лік сумесі. Такімі дадаткамі з'яўляюцца кіслародзмяшчальныя злучэнні (спірты і эфіры). Так напрыклад: актанавы лік этылавага спірту каля 120 пунктаў, а МТБЭ каля 130 пунктаў. Аднак іх утрыманне абмежавана з-за нізкай цеплатворнай здольнасці і тэмпературы кіпення да 15 %. Часта для падвышэння актанавага ліку выкарыстоўваюць пабочны прадукт нафтахіміі талуол з АЛ роўным 115 пунктаў.

У Беларусі ўжываюцца наступныя маркі аўтамабільных бензінаў:

  • Нармаль-80 (А-76)
  • АІ-92 («рэгуляр»)
  • АІ-93 («рэгуляр»)
  • АІ-95 («прэміум»)
  • АІ-98 («супер»)

На беларускім рынку сустракаюцца розныя па якасцях бензіны, напрыклад на Нафтане па тэхнічных умовах выпускаюцца бензіны марак Нармаль-80 2-га класа, А-92 неэтыляваны, АІ-95 неэтыляваны з палепшанымі экалагічнымі паказчыкамі. А на Мозырскім нафтаперапрацоўчым заводзе вырабляюць бензіны марак Нармаль-80 класы 1-5, А-92 (АІ-92), А-95 (АІ-95).

У ЗША шырокае ўжыванне атрымалі сумесі бензінаў з этанолам да 20 % (марка Е20) (гл. біяэтанол). А ў Бразіліі 20 % утрыманне этанолу з'яўляецца агульнапрынятым і даволі распаўсюджаныя сумесі з чыстым спіртам, якія ўжываюцца на аўтамабілях з адаптаванымі рухавікамі.

Пазначэнне бензінаў: «А» — аўтамабільны бензін; «Б» — авіяцыйны бензін; «76» — лікавы індэкс — актанавы лік; «І» — метад вызначэння актанавага ліку (даследчы). Калі літара І адсутнічае — маторны метад.

Бензіны-растваральнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Знайшлі ўжыванне вузкія лёгкакіпячыя прадукты каталітычнага рыформінгу (БР-2) ці прамой перагонкі маласярністых нафтаў (БР-1) (ДАСТ 443-76) у якасці растваральніка для падрыхтоўкі гумовых клеяў пры вытворчасці друкарскіх фарбаў, масцік; для абястлушчвання электраабсталявання, тканін, скуры, паверхні металаў перад нанясеннем металічных пакрыццяў; для прамывання падшыпнікаў, арматуры перад кансервацыяй, у вытворчасці штучных мяхоў; для вырабу хуткасохлых алейных фарбаў і электраізаляцыйных лакаў; для вымання каніфолі з драўніны, падрыхтоўкі спірта-бензінавай сумесі для прамывання друкаваных плат у электратэхнічнай вытворчасці.

Экстракцыйныя бензіны (тэмпература кіпення 70—95 °C) прамой перагонкі маласярністых нафтаў ужываюцца для экстракцыі алеяў, вымання тлушча з костак, нікатыну з махоркавага ліста, як растваральнік у гумовай і лакафарбавай прамысловасці.

Маласярністы дэараматызаваны экстракцыйны бензін (тэмпература кіпення 70—85 °C) ужываецца для выпрацоўкі маслаў у раёнах з гарачым кліматам (высокай выпаральнасцю).

Атрыманы з рафінату каталітычнага рыформінгу (тэмпература кіпення 105—125 °C), растваральнік БЛХ утрымоўвае галоўным чынам парафінавыя вуглевадароды лінейнай і ізамернай будовы, вырабляецца адмыслова для лесахімічнай прамысловасці, і ўжываецца для вымання каніфолі з драўнянай дранкі, часам пры падрыхтоўцы гумовых клеяў і лакавых рэцэптур друкарскіх фарбаў.

Вузкую фракцыю прамой перагонкі (тэмпература кіпення 110—185 °C) (азакерытавы растваральнік) ужываюць для экстракцыі азакерыту з руд.

Шырокае ўжыванне атрымаў Нефрас З 50/170 (ДАСТ 8505-80) (шырокая фракцыя прамой перагонкі маласярністых нафтаў ці рафінату каталітычнага рыформінгу), у якасці растваральніка пры вытворчасці штучных скур, для хімічнай чысткі тканін, прамыванні дэталяў перад рамонтам, для змывання з дэталяў супрацькаразійных пакрыццяў і інш.

Ксілольны рафінат каталітычнага рыформінгу і талуолу з утрыманнем араматыкі да 30 % — Нефрас САР ужываецца пры вытворчасці маналітных кандэнсатараў.

Асабліва распаўсюджаны бензін-растваральнік для лакафарбавай прамысловасці — Уайт-спірыт.

Нефрас З 150/200 вузкай фракцыі прамой перагонкі сярністых нафтаў, блізкі па ўласцівасцях і ўжываецца таксама як і Уайт-спірыт, аднак утрымоўвае больш серы і мае больш рэзкі пах.

У народзе лёгкакіпячыя бензіны растваральнікі побытавага ўжывання часта завуць «Галёш», акрамя таго на расійскім рынку сустракаецца прадукт Нефрас С2 80/120 падобны па складу на БР1 і таварным найменнем «Галёш».

Вытворчасць, спажыванне і экспарт з Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Аб'ём вытворчасці аўтамабільнага бензіну ў 2008 годзе на прадпрыемствах галіны павялічыўся ў параўнанні з 2007 годам на 4,8 % і дасягнуў 3,33 млн.т.[1]

Запасы гатовага аўтамабільнага бензіну на прадпрыемствах на 1 студзеня 2009 года склалі 10,5 % да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, дызельнага паліва — 1,1 %, топачнага мазуту — 3,2 %, маслаў — 92,1 %.

У 2008 годзе Беларусь экспартавала 15.2 млн.т. нафтапрадуктаў.[2]. Пры гэтым амаль увесь экспарт нафтапрадуктаў адбываецца праз сістэму электроннага гандлю канцэрна «Белнафтахім». Галоўнай прадукцыяй у агульным аб'ёме рэалізацыі праз гэту гандлёвую пляцоўку з'яўляюцца нафтапрадукты (41 % складае дызпаліва, 23 % — мазут, 17 % — бензін, 19 % размяркоўваюцца паміж рэшткавымі прадуктамі нафтаперапрацоўкі). 96 % прадукцыі «Нафтана» сыходзіць на прыбалтыйскія порты. Прадукцыя Мазырскага НПЗ галоўным чынам таксама ідзе на Прыбалтыку, але гэта 81 %. 19 % застаецца на ўнутраных рынках найблізкіх краін — Украіны, дзяржаў Усходняй Еўропы[3].

Зноскі

  1. БелТА Производство продукции нефтепереработки в Беларуси возросло в 2008 году на 15,5 %
  2. Белстат Таблица «Экспорт важнейших видов продукции»
  3. Белта(недаступная спасылка) Весь экспорт белорусских нефтепродуктов осуществляется через систему электронных торгов