Юліюш Бардах
| Юліюш Бардах | |
|---|---|
| польск.: Juliusz Bardach | |
| | |
| Дата нараджэння | 3 лістапада 1914[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 26 студзеня 2010[1] (95 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Род дзейнасці | адвакат, гісторык права, выкладчык універсітэта, афіцэр |
| Месца працы | |
| Альма-матар | |
| Навуковы кіраўнік | Adam Vetulani[d] |
| Партыя | |
| Член у | |
| Узнагароды | |
Юліюш Бардах (польск.: Juliusz Bardach; 3 лістапада 1914, Адэса — 26 студзеня 2010, Варшава) — вядомы польскі навуковец, даследчык праўнай, гістарычнай і палітычнай культуры, прызнаны аўтарытэт сярод юрыстаў і гісторыкаў. Класік гісторыка-прававой думкі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Юнацтва Ю. Бардаха прайшло ў Вільні. Вывучаў права ва Універсітэце Стэфана Баторыя, быў вучнем вядомых прафесараў Стэфана Эрэнкройца і Генрыха Лаўмянскага. Перад атрыманнем дыплома (верасень 1935) дэбютаваў на VI Усеагульным з'ездзе польскіх гісторыкаў удзелам у дыскусіі «Траціна ў старадаўнім літоўскім праве». У Вільні Ю. Бардах напісаў і апублікаваў у «Ateneum Wileńskiе» і «Wiadomości Studium Prawa Litewskiego USB» некалькі рэцэнзій. Таксама ў Вільні была апублікавана амаль 100-старонкавая праца «Адопцыя ў літоўскім праве XV і XVI ст.» (1938), якая стала асновай доктарскай дысертацыі, абароненай у Ягелонскім універсітэце толькі пасля вайны, у 1948 г. У часы 2-й сусветнай вайны ваяваў у шэрагах Арміі Людовай у СССР. У 1945—1947 гг. быў ваенным аташэ польскага пасольства ў Маскве. З 1950 года Ю. Бардах — прафесар Варшаўскага ўніверсітэта. Член аўтарытэтных польскіх навуковых пляцовак, у тым ліку Польскай Акадэміі Навук (з 1983), доктар honoris causa польскіх і замежных навучальных устаноў. Меў шырокае прызнанне сярод універсітэцкай моладзі.
Кірункі дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]Кірункі навуковай дзейнасці: стан права — спосаб стварэння і ўспрыняцце; праўная думка, дактрыны, ідэі, навучанне праву; функцыянаванне права ў практыцы; ацэнкі, стаўленне да права. Часавы дыяпазон Ю. Бардаха вялізарны — ад ранняга Сярэднявечча да сучаснасці. Асаблівае месца ў яго дзейнасці займае гістарычная і этнічная Літва, перадусім XV—XVIII ст. Пра гэта сведчаць фундаментальныя зборы, апублікаваныя ў палітычнай сітуацыі, калі польская літуаністыка працавала ў вельмі складаных умовах. Тагачасны працы гэтай тэматыкі ўяўлялі сабою адносна някідкія для цэнзуры доследы, апублікаваныя ў часопісах і памятных кнігах. Сапраўднай падзеяй стала выданне асобнага тома даследаванняў Ю. Бардаха «Штудыі з дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVIII ст.» (Беласток — Варшава, 1970), адзначанага больш чым дзесяткам рэцэнзентаў, у тым ліку найвыдатнейшым на тыя часы знаўцам тэмы Г. Лаўмянскім. Памяці Г. Лаўмянскага, які трагічна загінуў у 1984 г., Ю. Бардах прысвяціў чарговы фундаментальны збор «Пра даўнюю і нядаўнюю Літву» (Познань, 1988), дзе закранаюцца, згодна з назвай, яшчэ і XIX — пачатак XX ст. Выданне таксама было адзначана шматлікімі водгукамі, гэтым разам збольшага суайчыннікаў.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бібліяграфія Ю. Бардаха налічвае 564 пазіцыі. Сярод іх — шматтомавая «Гісторыя дзяржавы і права Польшчы» (галоўны рэдактара і аўтар значнай часткі тэкстаў, датычных перыяду да падзелаў Рэчы Паспалітай); яе шмат разоў перавыдадзеная аднатомавая версія (напісаная сумесна з Багуславам Леснадорскім і Міхалам Петшакам); аднатомавая сінтэза «Гісторыя польскага сойму» (галоўны рэдактар і тэкст, прысвечаны перыяду да 1795 г.); манаграфія «Вацлаў Мацяёўскі і яго сучаснікі» (Варшава, 1971); зборы: «Літоўскія статуты і рымскае права» (Варшава, 1999), «Themis і Klio, або права і гісторыя» (Варшава, 2001), «У аб'ектыве навукі і ў люстэрку памяці (пра вучоных, пісьменнікаў, палітыкаў XIX і XX ст.)» (2004). Таксама нельга не згадаць шматкроць перавыдадзены, смелы для свайго часу (1954) падручнік «Гісторыя Польшчы па 1466 г.» (сумесна з А. Гейштарам, Г. Лаўмянскім, Э. Малечынскай), які давялося абараняць ад тагачаснай навуковай марксісцкай моладзі, якая «мысліла правільна».
Ю. Бардах высока ацэнены як на Захадзе, так і на Усходзе, асабліва ў Вільні, Кіеве і Мінску. У Мінску Ю. Бардах уваходзіць у склад рэдакцыйнай рады «Беларускага Гістарычнага Агляду», дзе ў 2002 г. па-беларуску выйшаў том выбраных прац Ю. Бардаха «Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага».
Зноскі
- ↑ а б в г Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 23 снежня 2025.
- ↑ http://czlonkowie.pan.pl/czlonkowie/sites/WynikiWyszukiwania.html?s=BARDACH,%20Juliusz%20 Праверана 26 сакавіка 2019.
- ↑ (unspecified title) — doi:10.5281/ZENODO.18315206 Праверана 20 студзеня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Z dziejów kultury prawnej. Studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesięciolecie urodzin. — Warszawa: Liber, 2004.
- Косман М. Юліуш Бардах як даследчык ВКЛ і яго спадкаемцаў / Перакл. С. Петрыкевіча // Беларускі гістарычны агляд. 2010, Т. 17, Сш. 1-2.
- Нарадзіліся 3 лістапада
- Нарадзіліся ў 1914 годзе
- Нарадзіліся ў Адэсе
- Памерлі 26 студзеня
- Памерлі ў 2010 годзе
- Памерлі ў Варшаве
- Пахаваныя на Вайсковых Павонзках
- Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Універсітэта Стэфана Баторыя
- Выпускнікі Ягелонскага ўніверсітэта
- Члены ПАРП
- Члены Акадэміі дэі Лінчэі
- Узнагароджаныя Залатым Крыжам Заслугі
- Узнагароджаныя сярэбраным крыжам Заслугі
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Адраджэння Польшчы
- Камандоры ордэна Адраджэння Польшчы
- Афіцэры ордэна Адраджэння Польшчы
- Кавалеры ордэна Адраджэння Польшчы
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Гісторыкі Польшчы
- Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта