Перайсці да зместу

Янка Жучка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Янка Жучка
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 15 красавіка 1928(1928-04-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 16 лістапада 2010(2010-11-16) (82 гады)
Грамадзянства
Альма-матар
Член у

Янка Жучка (15 красавіка 1928, в. Лучыцы, Нясвіжскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польшча, цяпер Клецкі раён Мінскай вобласці16 лістапада 2010) — беларускі грамадскі дзеяч у Бельгіі, інжынер-будаўнік і журналіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1928 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Лучыцы Нясвіжскага павета. Скончыў чатыры класы польскай вясковай школы. Затым працягваў вучобу ў Сіняўскай школе. Напярэдадні далучэння Заходняй Беларусі да БССР перайшоў у сёмы клас. Сіняўская школа была названа няпоўнай сярэдняй школай з беларускай мовай навучання, а сёмы клас быў пераведзены, паводле савецкай нормы, у пяты. У гэтай школе Янка скончыў пяты і шосты класы.

У час нямецкай акупацыі паступіў у няпоўна-сярэднюю тэхнічную школу ў Клецку, тут увайшоў у Саюз беларускай моладзі і Беларускую народную самапомач. Перад наступленнем Савецкай Арміі ў 1944 годзе выехаў у Германію. Спачатку жыў пры лагеры для перамешчаных асоб у Інгальштаце. Калі даведаўся аб утварэнні ў Рэгенсбургу беларускага лагера, перабраўся туды і паступіў у сёмы клас Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Неўзабаве беларускі лагер з Рэгенсбурга быў пераведзены ў Міхельсдорф, a paзам з ім і гімназія. Тут набывае размах скаўцкі рух, да кіраўніцтва якога належаў Янка Жучка. У 1947 годзе атрымаў пасведчанне сталасці, якое давала дазвол паступаць на вышэйшыя студыі.

Здаў уступныя экзамены ў Вышэйшую тэхнічную школу ў Карлсруэ, але да вучобы не прыступіў. На пачатку 1948 года, разам з сябрамі выехаў на работу ў вугальныя шахты ў Вялікабрытаніі. Займаўся грамадскай працай, удзельнічаў у выданні часопіса «Наперад!». Уступіў у Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Яму ўдалося атрымаць стыпендыі ў Лювенскім універсітэце, куды ў 1951 годзе Я. Жучка здаў уступныя экзамены, паступіўшы на політэхнічны факультэт. Па заканчэнні атрымаў дыплом інжынера-будаўніка. Працаваў у даследчым аддзеле кампаніі цэнтральнага ацяплення. Затым перайшоў у кампанію Сталёвай пабудовы індустрыяльных будынкаў і мастоў. Наступныя чатыры гады працаваў як тэхнічна-фінансавы дарадца пры пабудовах змяшаных сталёва-жалезабетонных канструкцый. У далейшым меў працу ў Бельгійска-Люксембургскім інфармацыйным цэнтры сталёвай прамысловасці. У 1968—1971 гады Я. Жучка працаваў як сябра рэдкалегіі і тэхнічны рэдактар міжнароднага часопіса «Acier-Stahl-Steel». У 1971 годзе быў прызначаны галоўным рэдактарам.

Апублікаваў вялікую колькасць артыкулаў па пытаннях сталёвых канструкцый. З 1985 года займаў пасаду дарадчыка па сваёй спецыяльнасці, прымаў удзел у журы пры выпуску архітэктараў, чытаў лекцыі і браў удзел у канферэнцыях інжынераў і архітэктараў.

Янка Жучка заставаўся актыўным удзельнікам беларускага грамадскага жыцця як сябра Рады БНР, Саюза беларусаў Бельгіі, Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а таксама як аўтар газет «Беларус», «Голас Радзімы» і інш.

Памёр у 2010 годзе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Тамільчык І. Жучка Янка // Беларусь — Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. «круглага стала». Мінск. 18—19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2002. — 240 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).