Ян Маджарскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Маджарскі
Род дзейнасці ткач, рамеснік, тэкстыльны дызайнер
Дата нараджэння XVIII стагоддзе
Месца нараджэння
Дата смерці 16 студзеня 1785(1785-01-16)
Месца смерці
Месца пахавання
Дзеці Лявон Маджарскі

Ян Маджарскі (Аванес Маджаранц) (пачатак XVIII стагоддзя, Стамбул або Сяміграддзе — 16 студзеня 1785, ф. Сёлка, цяпер Слуцк[1]) — ткач, мастак, кіраўнік і арандатар Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Стамбуле або Сяміграддзі ў сям’і венгра па імені Нума (сына Міхала[3]) і армянкі[2]. Бацька служыў у аўстрыйскім войску і патрапіў у турэцкі палон[3].

Ткацкаму рамяству навучаўся ў Стамбуле. У 1740-х вырабляў паясы на мануфактуры князёў Патоцкіх у Станіславе. У 1758 годзе быў запрошаны ваяводам віленскім Міхалам Казімірам Радзівілам (Рыбанькам) у Нясвіж, потым працаваў у Слуцку, дзе кіраваў мануфактурай шаўковых паясоў (персіярняй)[2]. Бурлівая дзейнасць слуцкай персіярні прыносіла Маджарскаму вялікі прыбытак. Ён набыў за 30 тысяч злотых фальварак Сёлка (які цяпер увайшоў у паўночныя гарадскія межы Слуцка), а потым нават змог дамовіцца з сынам аб арэндзе фабрыкі[4] ў 1776—1780 гадах[2].

Некаторы час лічылася, што Ян Маджарскі памёр неўзабаве пасля вандроўкі ў Стамбул у 1780 г. У пачатку XX ст. былі адшуканы звесткі, паводле якіх Ян Маджарскі ў 1796 г. прадстаўляў у Навагрудскі земскі суд дакументы Леана Маджарскага, што ссоўвала дату смерці Яна на 1800—1801 гг. Аднак апошнія даследаванні паказалі, што дакументы падаваў Ян Францішак, сын Леана. Ян Маджарскі памёр 16 студзеня 1785 года ў сваім маёнтку Сёлка пад Слуцкам. Пра гэта ў лісце Каралю Станіславу Радзівілу ад 17 студзеня 1785 г. паведаміў генеральны аканом Слуцкага княства Барталамей Непакайчыцкі: «Учорашняга дня стары мэтр персіяр развітаўся з гэтым светам» (Na dniu wczorayszym staruszek metr persjarz z tym się swiatem pożegnał)[1].

Быў пахаваны ў слуцкіх бернардзінаў[4].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Распрацаваў кампазіцыйную структуру, віды паясоў (двухбаковыя, чатырохчастковыя) і асноўныя тыпы дэкору паясоў[2].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

З жонкай Армінэ (магчыма, яе імя Разалія[3]) мелі сына Лявона і некалькі дачок[5].

Зноскі

  1. а б Маджарские: армянский род в истории Беларуси / Д. В. Лисейчиков, Е. С. Глинский, при участии Г. А. Берестового, К. И. Карлюка; редкол.: А. В. Хечоян (председатель) [и др.]. — Ереван ; Минск : Фонд «АНИВ» ; НИАБ, 2023. — ISBN 978-985-90566-5-9
  2. а б в г д Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с. ISBN 978-985-01-1080-0. С. 126.
  3. а б в Зміцер Юркевіч. Дакументальныя крыніцы да радаводу Станіслава Манюшкі
  4. а б Зміцер Юркевіч. Таямніцы Манюшкаў. Частка XVI. Маджарскія. № 31 (1470) 01.08.2020 — 08.08.2020 г
  5. Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с. ISBN 978-985-01-1080-0. С. 23.