Лявон Маджарскі
Лявон Маджарскі | |
---|---|
| |
Род дзейнасці | ткач, рамеснік, тэкстыльны дызайнер |
Дата нараджэння | каля 1740[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1811[2] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Ян Маджарскі |
Жонка | Марыяна са Станішэўскіх[d] |
Дзеці | Антон Маджарскі[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лявон (Леў) Маджарскі (Лявон Маджаранц) (польск.: Leon Madżarski; каля 1740, Стамбул — 1811, Слуцк) — ткач, мастак, кіраўнік і арандатар Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў[3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын Яна Маджарскага і яго жонкі Армінэ. Нарадзіўся ў Стамбуле, пасля пераехаў з бацькамі ў Слуцк[3].
Навучыўся ткацкай справе ў бацькі і заняўся сямейнай справай. Працаваў на Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, пазней стаў яе арандатарам, а потым і кіраўніком[3]. У 1793 годзе там было 28 станкоў розных тыпаў і 60 супрацоўнікаў. Але дзейнасць «персіярні» ўжо не набірала тыя абароты, як калісьці. Мода на слуцкія паясы адчувальна знізілася. У 1795 годзе Лявон вырашыў ад адмовіцца ад фабрыкі, але з-за агульнай неўрэгуляванасці радзівілаўскіх спраў яму давялося займацца ёй да 1807 года. У якасці расплаты па запазычанасцях Маджарскія займелі маёнтачак Манькаў[4].
У 1790 годзе падчас Вялікага сойма Лявон Маджарскі атрымаў шляхецкую годнасць за немалыя заслугі перад Айчынай і 500 дукатаў. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў у 1791 годзе яму герб «Дар». Праўда, адсутнасць афіцыйнай набілітацыі не замінала Маджарскім пісацца шляхтай яшчэ ў 1770-я гг[4].
Палітычныя ўмовы, якія неспрыяльна склаліся для Польшчы, прымусілі Лявона Маджарскага спачатку згарнуць вытворчасць напалавіну, а затым, у 1792 годзе зусім ад яе адмовіцца[5].
Памёр у Слуцку ў 1811 годзе, быў пахаваны побач з бацькам ў тамтэйшых бернардзінаў[4].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Стварыў новую сістэму дэкаратыўнага аздаблення сярэднікаў, бардзюраў і галоў паясоў са складанай, шматколернай арнаментацыяй; распрацаваў і відазмяніў вырашэнне галоў паясоў з выявамі букетаў, вазонаў[3].
Дазваляў сваім палітычным сімпатыям адбівацца на прадукцыі Слуцкай персіярні. Пасля знішчэння аўтаноміі Літвы, у склад якой уваходзілі і беларускія землі, і поўнага аб’яднання яе з Польшчай, Слуцкая фабрыка выпусціла паясы з меткай у выглядзе польскага дзяржаўнага герба — аднагаловага арла з каронай[5]. Адмена канстытуцыі 3 мая 1791 года была адзначана выпускам зялёных паясоў, затканых серабром. Зялёны колер сімвалізаваў надзею і месяц май. Такія паясы насіліся прыхільнікамі канстытуцыі ў знак пратэсту і называліся «пазітыўкамі». Пасля II падзелу Рэчы Паспалітай гэтыя зялёныя паясы былі забаронены[5].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Ажаніўся 29 чэрвеня 1768 года ў слуцкім касцёле[4] з Марыянай са Станішэўскіх, прадстаўніцай дробнага шляхецкага роду са Случчыны[6]. У шлюбе з ёй нарадзіўся сын Антон-Ігнат, ахрышчаны 15 мая 1770 года, яго хроснымі сталі дзед Ян Маджарскі і Алена Станкевіч. Праз год, 25 траўня 1771 года, быў ахрышчаны другі сын — Ян-Францішак, 23 сакавіка 1773 — Разалія-Язафата, а 25 жніўня 1774 — Анжэла[4].
Пасля смерці першай жонкі Лявон ажаніўся з Марыяй Латкоўскай, таксама з дробнай слуцкай шляхты, якая яшчэ ў XVII ст. вызнавала кальвінскую веру.
Сын Антон 21 чэрвеня 1799[4] года ў маёнтку Каўпеніца пад Баранавічамі ажаніўся з Тэафіліяй з Алізаровічаў, прадстаўніцай вельмі старога гарадзенскага шляхецкага роду. Яе бацькам быў ротмістр Гарадзенскага павета Францішак-Канстанцін Алізаровіч, які на той момант ужо памёр, у шлюбе з Петранэлай з Кандыбаў ён меў таксама Юзафа, Антона, Францішку, Ганну-Караліну і Юзафату[6]. Петранэла з Кандыбаў пасля смерці мужа пабралася другім шлюбам з Антонам Ваўкавыцкім, гродзенскім гараднічым. Тэафілія памерла маладой ва ўзросце 26 гадоў[6]. Ад яе Антон Маджарскі меў толькі дваіх дзетак. Па ўсей верагоднасці, першай была Альжбета — будучая маці Станіслава Манюшкі, якая з’явілася на свет у 1800 годзе. Яе брат Лявон-Юзаф-Ігнат быў ахрышчаны 20 жніўня 1801 года. Ён застаўся халастым. Вядомы праз свой гумар і востры розум, у 1824 годзе быў абраны межавым суддзёй наваградскага павета. Апошняя згадка яго імя прыпадае на 1859 год[4].
Сын Ян ажаніўся з Фаўстынай з Корсакаў, таксама шляхцянкай са Случчыны. Жыў папераменна то ў Красевічах, то ў Драгобылі. Ягоны сын Эдвард памёр малым. Дочкі дасягнулі паўналецця і пайшлі замуж. Юзэфа ў шлюбе з Трацэвічам нашчадкаў не мела. Вікторыя (1815—1886), якая стала жонкай Крушынскага і нарадзіла ад яго пяць сыноў і тры дачкі. Трэцяя дачка, Марыя, выйшла за Юльяна Шпіхальскага, ад якога мела дзяцей. Вікторыя пахаваныя на Кальварыйскіх могілках, дзе ў двайной магіле пахаваныя таксама яе дзеці — Каміла з Крушынскіх Жаба (1848—1892) і Яўген Крушынскі (1852—1904)[4].
Зноскі
- ↑ Sejm-Wielki.pl — 2002. Праверана 16 лютага 2023.
- ↑ Leon Madżarski // https://wiki.ormianie.pl/index.php?title=Leon_Mad%C5%BCarski
- ↑ а б в г Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с. ISBN 978-985-01-1080-0. С. 126.
- ↑ а б в г д е ё ж Зміцер Юркевіч. Таямніцы Манюшкаў. Частка XVI. Маджарскія. № 31 (1470) 01.08.2020 — 08.08.2020 г Архівавана 14 лістапада 2021.
- ↑ а б в Якуніна 1960, с. 30.
- ↑ а б в Зміцер Юркевіч. Дакументальныя крыніцы да радаводу Станіслава Манюшкі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.