Перайсці да зместу

Ян Цадроўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Цадроўскі
Адрованж
Адрованж
падчашы новагародскі[d]
13 жніўня 1650 — 29 студзеня 1688
Папярэднік Станіслаў Маклок[d]

Нараджэнне 3 сакавіка 1617(1617-03-03) ці 13 сакавіка 1617(1617-03-13)[1]
Смерць 29 студзеня 1688(1688-01-29)[1] (70 гадоў)
Род Цадроўскія[d]
Бацька Ян Цадроўскі[d]
Маці Сафія з Камароўскіх[d]
Жонка Ганна з Мірскіх[d][1] і Соф’я з Рымвідаў[d][1]
Дзеці Тэафіла з Цадроўскіх[d]
Веравызнанне кальвінізм[1]
Адукацыя

Ян Цадроўскі (3 сакавіка 1617, в. Пагост каля Слуцка — пасля 1682) — падчашы новагародскі[2], мемуарыст.

Нарадзіўся ў шляхецкай кальвінісцкай сям’і Цадроўскіх герба «Адрованж»[3] Яна Цадроўскага і Сафіі Цёлкаўны Камароўскай. Браты — Тамаш, Аляксандр, блізнец Стэфан; сястра Ганна.

Вучыўся разам з братам-блізнюком Стафанам у Кёнігсбергу, затым у Кракаўскай акадэміі. У 1637 г. іх бацька даручыў сваіх сыноў Багуславу Радзівілу, пры двары якога яны служылі на працягу 32 гадоў, да самай смерці князя ў 1669 годзе. Шмат вандраваў разам з князем па Заходняй Еўропе. Выконваў розныя даручэнні Багуслава Радзівіла[4]. У 1655 годзе, падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667), уцёк з сям’ёй на Жамойць пад пратэкцыю шведаў. Вярнуўся, вазіў цару Аляксею Міхайлавічу пад Друю петыцыю менскай шляхты. У 1658 годзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях менскай шляхты супраць маскоўскага войска, у 1660 годзе правёў дывізію Чарнецкага ад Свержаня да ракі Бярэзіны.

Меў вялікі аўтарытэт сярод шляхты Менскага ваяводства, быў электарам Яна Казіміра і Яна III Сабескага, соймавым паслом[4].

Пакінуў каштоўны дыярыуш, у якім апісаў не толькі сямейныя справы, але і падзеі, відавочцам якіх ён быў або аб якіх чуў. Апошні эпізод, апісаны ў дыярыушы, — жудаснае знішчэнне ў 1682 годзе Віленскага кальвінскага збору[4].

Быў жанаты першым шлюбам з Марыянай Швыкоўскай, другім — з Ганнай Мірскай, дачкой Рыгора Мірскага, вялікага стражніка літоўскага, трэцім — з Соф’яй Рымвідаўнай. У другім шлюбе меў сына Рыгора (нар. 1651) і дачку Соф’ю (нар. 1653).

  1. а б в г д Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VI, Ziemia nowogródzka i województwo nowogródzkie XV–XVIII wiek / пад рэд. A. RachubaWarszawa: Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk, 2024. — С. 147. — 524 с. — ISBN 978-83-66911-67-3
  2. Сагановіч, 1995, с. 144
  3. Цадроўскія — адзін са значных шляхецкіх родаў Наваградскага павета і Мінскага ваяводства. Трымаліся кальвінізму нават у найцяжкі для Рэфармацыі перыяд. Пра род у 2-й палове XVII і XVIII ст. гл. падр. Konarski S. Szlachta kalwińska w Polsce; z przedmową S. Kętrzyńskiego. — Warszawa, 1936. — S. 38-43.
  4. а б в Юркевіч 2018.