Яўфімій (архіепіскап полацкі)
Яўфімій | |
---|---|
Дзейнасць | архіепіскап |
Нараджэнне | 1450 |
Смерць | не раней за 1511 і не пазней за 1516 |
Бацька | Акушка Каленікавіч[d] |
Яўфімій, свецкае імя невядома (сярэдзіна XV ст. — пасля 1511-да 1516) — архімандрыт (?-1508), архіепіскап полацкі і віцебскі (1508—1511/1516).
У літаратуры называецца Яўфіміем (Акушкавічам), а таксама Яўфіміем Акушкам і Яўфіміем Акушкавічам-Боскім. Імаверна, ён брат[1] Грыцкі або Грыгорыя Акушкавіча Бескага, холмскага епіскапа (да 1471 — да 1494) Герасіма[2].
Сын Акушкі Каленікавіча. Да 1508 года быў архімандрытам нейкага манастыра, на думку Васіля Вароніна, у Холмскай зямлі. Перад жніўнем 1508 года нарачоны архіепіскапам полацкім, 6 жніўня 1508 года як архіепіскап яшчэ карыстаўся архімандрыцкай пячаткай. Вядома пяць яго грамат да рыжскага магістрата, апублікаваных у «Полацкіх граматах» пад № 434, 447, 448, 456, 458. Граматы тычыліся адхілення ад Мікалаеўскай царквы ў Рызе святара Прошкі (Пракопія), прызначанага папярэднім архіепіскапам Лукой, і прызначэнне туды святара Мікіты. А таксама скаргі Прошкі, які выдаткаваў на рамонт царквы ўласныя і пазычаныя сродкі і разлічваў іх вярнуць на гэтым месцы, каралю Жыгімонту Старому, а потым высвятлення Яўфіміем матэрыяльнага стану названай царквы і акалічнасцяў усёй справы.
Пастаўлены на Віленскім саборы, які адбываўся з 25 снежня 1509 да 18 студзеня 1510 года, дзе ў Яўфімія здарыўся канфлікт за тытул і месца — полацкага ўладыку ў іерархіі запісалі епіскапам і чацвёртым пасля ўладзімірскага і берасцейскага Васіяна, смаленскага Варсанофія, луцкага і астрожскага Кірыла, а сам ён лічыў сябе архіепіскапам і другім. Скаргу Яўфімія на мітрапаліта кіеўскага Іосіфа (Солтана) і епіскапа ўладзімірскага Васіяна ў 1511 годзе на вялікім сейме ў Бярэсці разбіраў кароль Жыгімонт Стары. Васіян не захацеў стаць перад судом, а за Яўфімія сведчылі полацкія баяры і князі Друцкія, кароль выдаў вырак на яго карысць.
На тым жа сейме ў Бярэсці ў 1511 годзе кароль Жыгімонт Стары разбіраў справу архіепіскапа полацкага Яўфімія са смаленскім епіскапам Варсанофіем за права збору мсціслаўскай дзесяціны. У 1509—1510 гадах новапастаўлены смаленскі епіскап Варсанофій нейкім чынам атрымаў правы на збор мсціслаўскай дзесяціны, якую па сведчанні полацкіх баяр і князёў Друцкіх «здаўна» (прынамсі некалькі дзясяткаў гадоў перад тым) збіралі полацкія архіепіскапы. Апроч дзесяціны справа ішла пра «саборныя куніцы», прысуды і іншыя даходы, то бок агулам якой епархіі належаць абшары вакол Мсціслава. Кароль Жыгімонт Стары выдаў вырак на карысць архіепіскапа Яўфімія, хаця пэўна не вядома калі і якім чынам мсціслаўскія абшары перайшлі са смаленскай епархіі, дзе былі ад яе заснавання, да полацкай.
У 1511 годзе ў Бярэсці ж кароль Жыгімонт Стары надаў архіепіскапу Яўфімію «чалавека Бабра і з дзецьмі яго» у Чарсцвядскай воласці, які штогод мусіў даваць 1 пуд прэснага мёду — рэдкі вядомы прыклад зямельных наданняў вялікіх князёў літоўскіх праваслаўнай царкве.
На думку складальнікаў «Полацкіх грамат», Яўфімій для сваёй рэзідэнцыі аддаваў перавагу Віцебску.
У архіепіскапа Яўфімія быў брат Фёдар і сястра Марыя (у шлюбе з нейкім Германам). У 1516 годзе Фёдар Акушкавіч меў судовую справу з баярынам Рыгорам Служкам за пазыку нябожчыка брата-архіепіскапа. Фёдар меў некалькі сыноў і дачок, адна з іх была ў шлюбе з полацкім баярынам Фёдарам Епімахавічам.[3]
Зноскі
- ↑ Площанский 1899, с. 101.
- ↑ Площанский 1899, с. 94-102.
- ↑ Статкевіч-Чагабанаў 2011, с. 83.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ПГ — Т. 2. — 2015. — С. 271—273, 286—288, 290—291.
- Площанский В. М. Прошлое Холмской Руси: по архивным документам XV‒XVIII в. и др. источникам. ‒ Кн. 1: Духовенство. А: Холмская епархия православной и б. униатской церкви. І: 1428‒1630.. — Вильна, 1899. — С. 94-102. — 286 с.
- Статкевіч-Чагабанаў Анатоль Геталты і Тышкевічы з роду Каленікавічаў герба «Ляліва» // Роднае слова № 7, 2011. — С. 81-84.