Васіль Паўлавіч (пісар гаспадарскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Паўлавіч
Род дзейнасці дзяржаўны служачы
Грамадзянства
Бацька Павел Мішкавіч[d]
Дзеці Васіль Васілевіч Нікольскі

Васіль Паўлавіч (да 1430 — да 1496) — пісар гаспадарскі за часам вялікага князя Казіміра.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З чарнігаўскіх баяр, сын Паўла Мішкавіча.[1]

З «маладых гадоў» служыў вялікаму князю Казіміру[2], з 1448 года вядомы як пісар гаспадарскі, у запісах Літоўскай Метрыкі падпісваўся як «Васко Павлович»[3].

За службу вялікі князь Казімір даў Васілю Паўлавічу маёнтак у Дзярэчынскай воласці (10 «службаў» пазнейшага сяла Кочын), калі ён ажаніўся з удавой былога ўладальніка.[2]  

«Палажыў сваю галаву» на гаспадарскай службе.[2]

Меў сына Нікольскага Васілевіча, таксама пісара гаспадарскага.[2]

Паходжанне і сваяцтва[правіць | правіць зыходнік]

Бацька — Павел Мішкавіч, вядомы толькі абменам у 1437 годзе свайго маёнтка Сноўск на Хальч з вялікім князем Свідрыгайлам. Ёсць думка, што Павел брат іншага набліжанага вялікага князя Свідрыгайлы — Каленіка Мішкавіча. Вядомы сыны Паўла, браты Васіля — падключы троцкі Андрэй, падключы віленскі Багдан Паўлавічы, а таксама, магчыма, гараднічы рэчыцкі Яўстафій.[1]

Пачынаючы з Антона Ясінскага, які ўсе згадкі ў крыніцах «Васка пісара», «Васка Паўлавіча» і «Васка Любіча» атаясняў з менскім баярынам і пісарам гаспадарскім Васілём Любічам, дзве асобы — Васіля Паўлавіча і Васіля Любіча — у літаратуры часта злучаюць у гібрыдную постаць.[4]

Вотчыны Васіля, Багдана і Андрэя Паўлавічаў былі ў Чарнігаўскім павеце. Станам на 1496 год, там маёнткамі Свібрыж (цяпер Сыбэрэж) і Забалавіссе, селішчам Ргошч (цяпер Рогашчы), ловішчам і бортнай зямлёй Замглай валодаў Багдан Паўлавіч. Паміж 1500—1506 гадамі, на замену чарнігаўскай вотчыны, захопленай маскоўскімі войскамі, атрымаў двор Вакінікі ў Троцкім павеце і сын Васіля Паўлавіча — Нікольскі Васілевіч. Андрэй Паўлавіч у 1502 годзе таксама атрымаў у «хлебакармленне» двор Краснае, напэўна, замест захопленай маскоўцамі чарнігаўскай вотчыны. Хто з Паўлавічаў валодаў Хальчам, як і калі адбыўся раздзел бацькоўскай маёмасці, пэўна не вядома.[1]

Вялікі князь Аляксандр, пры наданні Чарнігаўскага княства збегламу ў ВКЛ мажайскаму князю Сямёну, лістом ад 1 ліпеня 1496 года «выняў на сябе» некалькіх баяр, якія мелі маёнткі ў Чарнігаўскім павеце, але служылі гаспадару — сярод іх названы Андрэй Паўлавіч з «братанічамі» — пляменнікамі з боку брата — (Міхаілам) Халецкім і (Васілём) Нікольскім.[2]

Зноскі

  1. а б в Русина О. Василь Никольський… С. 49.
  2. а б в г д Русина О. Василь Никольський… С. 45.
  3. Русина О. Василь Никольський… С. 46.
  4. Русина О. Василь Никольський… С. 48-49.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Русина О. Василь Никольський — невідомий книжник XVI століття і його творчість // Записки Наукового товариства імені Шевченка. Том 240 (CCXL). Праці Комісії спеціальних (допоміжних) історичних дисциплін. Львів, 2000. — С. 43—52.