1-ы беларускі полк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з 1-ы Беларускі полк пяхоты)
1-ы беларускі полк
Гады існавання 1918—1919
Краіна
Падпарадкаванне Міністэрства беларускіх спраў Літвы
Тып воінскае фарміраванне
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры М. Лаўрэнцьеў, К. Езавітаў

1-ы беларускі полк — беларускае нацыянальнае вайсковае фарміраванне ў складзе арміі Літоўскай Рэспублікі ў 1918—1919 гадах, кіравалася Міністэрствам беларускіх спраў Літвы. Штаб палка і сам полк у розныя часы дыслакаваліся ў Менску, Вільні, Гродне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ганаровая варта Першага беларускага палка каля камендатуры Гродна. Будынак колішняга Палаца віцэ-адміністратара.
Кавалерыя Першага беларускага палка каля камендатуры Гродна.

У лістападзе 1918 года нямецкая акупацыйная адміністрацыя забараніла Народнаму сакратарыяту БНР фарміраваць 1-ы полк.

23 лістапада 1918 года Народны сакратарыят Беларусі дамовіўся з уладамі Літоўскай Рэспублікі, якую нямецкая адміністрацыя фармальна прызнавала, аб пераходзе штаба 1-га палка БНР пад літоўскае камандаванне. Пры гэтым, прызнаючы фармальна Літоўскую Рэспубліку, нямецкая адміністрацыя забараняла і літоўцам ствараць уласную армію, таму і іх штабы былі нелегальнымі. Асноўная прычыны пераходу 1-га палка БНР пад літоўскае камандаванне — фінансаванне і лаяльнейшае стаўленне нямецкай адміністрацыі да літоўцаў. Камандаванне Антанты збіралася фінансаваць стварэнне літоўскай арміі, у Народным сакратарыяце Беларусі спадзяваліся, што праз гэта і беларусы нешта атрымаюць. У сувязі з магчымай акупацыяй Менска бальшавікамі на пачатку снежня 1918 года штаб палка з урадам БНР пакінуў горад і перадыслакаваўся у Вільню. 10 снежня 1918 года Менск занялі бальшавіцкія войскі. У снежні 1918 года ў Вільні нелегальна працягвалася фарміраванне 1-га беларускай палка, а таксама і 2-га беларускага палка арміі Літоўскай Рэспублікі. З Вільні, якую 27 снежня 1918 года занялі бальшавіцкія войскі, Рада БНР пераехала ў Гродна, разам з ёй і штабы 1-га і 2-га беларускіх палкоў.

Афіцыйна 1-ы беларускі полк створаны 21 снежня 1918 года загадам Рады дзяржаўнай абароны Літвы ў складзе літоўскіх узброеных сіл. У розны час палком камандавалі палкоўнікі М. Лаўрэнцьеў і Канстанцін Езавітаў (з сакавіка 1919); начальнікі штаба — палкоўнік П. Равіч-Шчэрба, капітан Мікола Дзямідаў; камандзір кавалерыйскага эскадрона ротмістр М. Глінскі; камандзіры рот — палкоўнікі А. Успенскі, А. Янсан, паручнікі У. Талькоўскі, Т. Жываткевіч; кіраўнік гаспадарчай часткі палкоўнік У. Юшкевіч.

3 студзеня 1919 года створана вярбовачная камісія па прыёме добраахвотнікаў. Паводле інфармацыі Дзямідава вясной 1919 года 1-ы беларускі полк налічваў 1057 чалавек, у тым ліку 600 стралкоў, батальён пры гарадской камендатуры (200 чалавек), кавалерыйскі эскадрон (157 чалавек), кулямётны ўзвод (40 чалавек), узвод грэнадзёраў (60 чалалавек), сярод іх 70 афіцэраў. Паводле звестак Станіслава Іваноўскага — 456 чалавек, паводле гісторыка Алега Латышонка — 800 чал. У складзе палка былі беларусы, рускія, літоўцы, паводле ініцыятывы Кастуся Езавітава пачалося фарміраванне яўрэйскай нацыянальнай роты.

Пасля адыходу з Гродна нямецкіх войск 19 красавіка 1919 года полк узяў пад ахову турму, чыгуначны вакзал, электрастанцыю, арганізаваў у горадзе вайсковы патруль. 27 красавіка 1919 года штурмавыя атрады Польскай вайсковай арганізацыі без бою авалодалі галоўнымі аб’ектамі горада, раззброілі кавалерыйскі эскадрон 1-га беларускага палка. 29 красавіка 1919 года полк перайшоў пад загад польскага гарнізона. Частка беларускіх вайскоўцаў (кавалерыйскі эскадрон і 5-я рота) перайшла на тэрыторыю Літвы і ўвайшлі ў склад беларускіх часцей літоўскіх узброеных сіл. 12 чэрвеня 1919 года полк расфарміраваны польскімі ўладамі. Былыя афіцэры і салдаты палка 27 чэрвеня 1919 года стварылі Таварыства беларускіх вайскоўцаў у Гродне, якое пазней склала гродзенскую секцыю Беларускай вайсковай арганізацыі ў Вільні (старшыня А. Фохт).

Строй[правіць | правіць зыходнік]

Камендатура Гродна, 18 красавіка 1919 года. Стаяць сябры надзвычайнай літоўскай місіі ў Варшаве: Канстанцін Езавітаў (камандзір 1-га беларускага палка), сябра Літоўскай Тарыбы і кіраўнік надзвычайнай літоўскай місіі ў Варшаве Юргіс Шаўліс, былы міністр абароны Літвы Міколас Велікіс, старшыня французскай вайскова-палітычнай місіі ў Коўне палкоўнік Канстанцін Рэбуль.
Другі здымак камендатуры.

Паводле ўспамінаў Аляксандра Ружанцова ў 1-м беларускім палку насілі мундзіры з белымі кантамі. Паводле гісторыка Алега Латышонка ў пяхоты пятліцы чырвоныя, але версія ні чым не пацвярджаецца. Мундзіры выкарыстоўваліся расійскія, нямецкія, брытанскія, амерыканскія, літоўска-беларускія колеру хакі ці шэра-зялёныя.

Цэшкі літоўскія ўзору 21 лютага 1919 года — жоўтае сонца, цэнтр у колерах літоўскага нацыянальнага сцяга, на ім Пагоня.

За 1919—1923 гады пятліцы ў беларускіх падраздзяленнях літоўскай арміі мяняліся тройчы. У афіцэраў-літоўцаў, пачынаючы з маёра, кант на пятліцах быў колераў родаў войскаў: жоўты — пяхота, белы — кавалерыя, ружовы — сапёры, чырвоны — артылерыя, блакітны — штаб. Потым кант на пятліцах замянілі галуном. Пазней пятліцы замест чорных сталі каляровымі.

Да мундзіра беларусы прыладжвалі таксама бела-чырвона-белыя стужкі ў колер беларускага нацыянальнага сцяга.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. — Białystok, 1995.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]