Мікалай Іванавіч Дзямідаў
| Мікалай Іванавіч Дзямідаў | |
|---|---|
| Мікола Дзямідаў сярод грамады беларуска-літоўскіх дзеячаў у Горадні. 1919 | |
| Нараджэнне |
27 лістапада (9 снежня) 1889 |
| Смерць |
23 мая 1967 (77 гадоў) |
| Месца пахавання | |
| Бацька |
Станіслаў Катнароўскі (біялагічны) Іван Дзямідаў (айчым) |
| Маці | Аляксандра з Каліноўскіх |
| Жонка |
Алена Гаўрылаўна Паўчар Анэля Латанс |
| Дзеці | сын Рыгор |
| Веравызнанне | праваслаўе, пазней грэка-каталіцтва |
| Член у | |
| Дзейнасць | ваенны, палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, настаўнік |
| Ваенная служба | |
| Гады службы | 1914—1921 |
| Прыналежнасць |
|
| Род войскаў | пяхота |
| Званне | палкоўнік |
| Камандаваў | асобны батальён гродзенскай камендатуры, батальён у арміі С. Булак-Балаховіча |
| Бітвы |
Першая сусветная вайна Палескі паход |
| Узнагароды |
Сярэбраны медаль «За стараннасць» на Станіслаўскай стужцы (1916) Медаль «У памяць 300-годдзя валадарання дома Раманавых» (1913) |
Мікала́й Іва́навіч Дзямі́даў (9 снежня 1889 (27 лістапада), Гарадок, Беластоцкі павет, Гродзенская губерня — 23 чэрвеня 1967, Чыкага, ЗША) — беларускі ваенны, палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, настаўнік. Адзін з лідараў беларускай дыяспары ў міжваеннай Латвіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 27 лістапада 1889 года старога стылю[1], што адпавядае 9 снежня 1889 года новага стылю, паводле даследчыка Алега Латышонка, у Гарадку Беластоцкага павета Гродзенскай губерні. Гродзенская губерня пазначана як месца нараджэння і ў анкеце 1916 года[1]. У пазнейшым латвійскім пашпарце як месца нараджэння пазначаны Даўгаўпілс і датай 10 снежня 1889 года[2], напэўна, такія звесткі пра месца даў сам Дзямідаў, каб яго не выслалі з Латвіі ў Польшчу, а дата — памылка пералічэння на новы стыль.
Сын Станіслава Катнароўскага (пам. 1889) і Аляксандры з Каліноўскіх герба «Калінова». Дзед з боку маці — Аляксандр Каліноўскі, брат Канстанціна Каліноўскага. Прозвішча і імя па бацьку меў па айчыме, другім мужы маці — акцызным чыноўніку[1] Іване Дзямідаве, які ўсынавіў яго з маленства.
З 18 лістапада 1906 года прыняты на службу Упраўленнем паўднёва-заходніх чыгунак як канторшчык на станцыі Ковель, затым працаваў у канторы начальніка Ровенскага аддзялення службы руху. З 1 студзеня 1908 года працаваў канторшчыкам грузавога аддзела службы руху ўпраўлення Прывіслінскіх чыгунак, з 1 чэрвеня 1910 года — канторшчыкам на станцыі Брэст[1]. З 1 лютага 1911 года канцылярскі служыцель Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў[1].
Скончыў курс у Беластоцкім гарадскім 4-класным вучылішчы, вытрымаў іспыты на званне настаўніка двухкласных пачатковых вучылішчаў у Сакольскім гарадскім чатырохкласным вучылішчы (16 верасня 1911). З 1 кастрычніка 1911 года працаваў настаўнікам Гродзенскага прыватнага двухкласнага вучылішча Аляхновіча, з 1 лістапада 1912 года — настаўнікам Паўшскага аднакласнага вучылішча ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні, з 1 лістапада 1913 года — настаўнікам Дукштанскага двухкласнага народнага вучылішча ў Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні[1].
Ваенная служба і Кастрычніцкая рэвалюцыя
[правіць | правіць зыходнік]Прыняты на ваенную службу Новааляксандраўскім павятовым воінскім начальнікам і залічаны ў 383-ю Ковенскую пешую дружыну дзяржаўнага апалчэння (18 ліпеня 1914). З 29 ліпеня 1914 года прызначаны справаводам дружыны па гаспадарчай частцы, з 15 студзеня 1915 года — выканавец абавязкаў справавода ўпраўлення Панявежскага павятовага воінскага начальніка. З'яўляўся часовым справаводам 7-га запаснога кавалерыйскага палка ў Тамбове (з 19 лістапада 1915 года, вярнуўся з камандзіроўкі 11 лютага 1916 года). З 10 ліпеня 1916 года быў часовым выканаўцам абавязкаў справавода гаспадарчага аддзялення Упраўлення Петраградскага павятовага воінскага начальніка[1]. Узнагароджаны светла-бронзавым медалём у памяць 300-годдзя Дома Раманавых (7 снежня 1913), 100 рублямі «за вельмі руплівую службу і нясомыя пасіленныя труды» выдадзена ва ўзнагароду (20 снежня 1914), сярэбраным медалём на Станіслаўскай стужцы «за выдатна-руплівую і асабліва дбайную службу» (28 сакавіка 1916)[1].
У літаратуры часам сцвярджаецца, што 1 лютага 1917 года Мікалай Дзямідаў скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе. У «Загадах арміі і флоту» ад 1 мая 1917 года згаданы Мікалай Дзямідаў, які скончыў Паўлаўскае вучылішча 29 сакавіка 1917 года[1]. Аднак няма пэўнасці ў датычнасці абедзвюх згадак менавіта да Мікалая Іванавіча Дзямідава.
Удзельнічаў у кастрычніцкім перавароце, быў Наваградскім акруговым камісарам. На пачатку сакавіка 1918 года ў Дзвінску трапіў да нямецкага палону ў лагер да ваеннапалонных, дзе знаходзіўся да лістапада 1918 года.
Удзел у беларускім ваенным руху
[правіць | правіць зыходнік]
Пасля вайны пад канец 1918 года быў вызвалены і пераехаў да Вільні, там займаўся арганізацыяй беларускіх ваенных часцей у літоўскай арміі для барацьбы з Чырвонай Арміяй. 1 снежня 1918 года быў адкамандаваны ў годнасці паручніка ў Міністэрства абароны Літвы. З 20 снежня 1918 года быў камендантам Гродна, прадстаўляў у камендатуры Раду БНР. Актыўна займаўся стварэннем беларускіх ваенных аддзелаў, сфармаваў 350-асабовы асобны батальён гродзенскай камендатуры. Быў ініцыятарам стварэння мабілізацыйных пунктаў у 10 месцах у Беларусі.

1 чэрвеня 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, з канца ліпеня — ў лагеры для інтэрнаваных у Беластоку, адкуль быў выпушчаны ў верасні. У тым жа годзе прайшоў настаўніцкія курсы і адначасова ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі ў Вільні, дзейнасць якой была афіцыйна легалізавана 22 кастрычніка 1919 года дэкрэтам Юзафа Пілсудскага. На пачатку снежня разам з іншымі членамі Камісіі прыбыў у Мінск, потым быў скіраваны да беларускай школы падхарунжых у Варшаве.

Летам 1920 года ў ваколіцах Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек, па іншых звестках — каля 700) і ўступіў у армію С. Булак-Балаховіча, дзе быў камандзірам свайго батальёна. У кастрычніку таго ж года Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў яго камендантам усіх беларускіх ваенных аддзелаў на тэрыторыі Беларусі. Браў удзел у лістападаўскай кампаніі балахоўцаў у раёне Мазыра. Яго батальён у складзе астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі Рускай народнай добраахвотніцкай арміі 10—14 лістапада 1920 года вёў зацятыя баі за Калінкавічы. 21 лістапада 1920 года разам з беларускім батальёнам смаленскага пяхотнага палка ўдзельнічаў у баях над Прыпяццю, пасля чаго дапамагаў галоўным сілам генерала Балаховіча, які адступаў з-пад Рэчыцы. Са сваім 400-асабовым батальёнам працягваў барацьбу таксама пасля адступлення арміі Булак-Балаховіча на польскую тэрыторыю, знаходзіўся на нейтральнай тэрыторыі паміж польскімі і савецкімі войскамі. 29 лістапада 1920 года ўдзельнічаў у баях з савецкім 40-м палком, 3 снежня змагаўся ў баі з іншымі бальшавіцкімі часткам. Вёў баі да студзеня 1921 года, пасля чаго адышоў на польскі бок фронту і быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім аддзелам, які ў адкрытым баі аказваў супраціў савецкім войскам.
З пачатку 1921 года знаходзіўся ў Польшчы, дзе ў студзені быў дэмабілізаваны. Трапіў у лагер для інтэрнаваных у Радаме, адкуль быў выпушчаны 1 чэрвеня 1921 года. У 1921—1922 гадах быў настаўнікам у Гарадку, быў актыўным дзеячам беларускага нацыянальнага руху. У 1922 годзе балатаваўся да польскага Сейма як кандыдат ад Блока нацыянальных меншасцяў. У выніку ягоных публічных выступленняў дайшло да пратэстаў беларускай меншасці, што спавадавала кароткатэрміновы арышт Мікалая Дзямідава польскімі ўладамі. Падчас працэсу збёг у Вільню ў Літву, а адтуль — да Дзвінска ў Латвію.
Міжваенны перыяд у Латвіі (1923—1940)
[правіць | правіць зыходнік]З 1923 года Дзямідаў знаходзіўся ў Латвіі, дзе працаваў настаўнікам у беларускай школе ў раёне Дзвінска. З 1924 года жыў у Рызе, актыўна супрацоўнічаў з беларускім генералам Кастусём Езавітавым. Прымаў удзел у арганізацыі культурна-асветных таварыстваў «Беларуская хата» і «Рунь», працаваў у іншых беларускіх грамадскіх установах і супрацоўнічаў з беларускім аддзелам Міністэрства асветы Латвіі. У 1930 годзе рэдагаваў часопіс «Школа і жыццё».
З 1929 года Мікалай Дзямідаў працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі. Аднак ужо ў красавіку 1930 года быў звольнены з пасады паводле загаду Беларускага школьнага аддзела за тое, што «дыскрэдытаваў сябе перад вучнямі» і «непедагагічна трымаецца з вучнямі»[3][4]. У ліпені 1930 года ён балатаваўся на пасаду інспектара беларускіх школ Латвіі, але прайграў выбары іншаму беларускаму дзеячу Пятру Журкоўскаму[5]. Дзямідаў здолеў вярнуцца на пасаду настаўніка ў гімназіі толькі ў ліпені 1934 года, пасля таго як адтуль па палітычных матывах быў звольнены Кастусь Езавітаў[6].
Дзяржаўны пераварот 15 мая 1934 года і ўсталяванне аўтарытарнага рэжыму Карліса Улманіса прывялі да масавых рэпрэсій супраць нацыянальных меншасцей. Аднак, у адрозненне ад многіх іншых беларускіх дзеячаў (такіх як К. Езавітаў ці Уладзімір Пігулеўскі), Мікалай Дзямідаў пазбег пераследу. Гэта тлумачылася тым, што ён не меў дачынення да левых палітычных сіл (яшчэ ў 1928 годзе ён выйшаў з Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі), а таксама здолеў наладзіць таемнае супрацоўніцтва з латвійскай палітычнай паліцыяй[7].
З 1934 да 1939 года Дзямідаў з'яўляўся інфарматарам латвійскай палітычнай паліцыі. Яго сувязным быў іншы беларус, агент паліцыі Віктар Корці, які адказваў за вярбоўку сярод нацыянальных меншасцей. Дзямідаў не лічыўся штатным агентам, не меў псеўданіма і не атрымліваў фіксаванага заробку. Замест гэтага ён перыядычна «пазычаў» грошы ў Корці і наведваў з ім рэстараны, дзе выдаткі аплачваў паліцэйскі агент[8][7]. Гэтае супрацоўніцтва дазволіла Дзямідаву ўмацаваць свой уплыў. З 1936 года ён узначальваў Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі (ТБНЛ) — адзіную легальную беларускую арганізацыю, якая засталася ў краіне. Праз паліцыю ён дапамагаў некаторым сябрам ТБНЛ атрымліваць пасведчанні аб палітычнай добранадзейнасці, што дазваляла ім працягваць працаваць у школах[9]. З-за такога «суперлаяльнага» стаўлення да ўлад Улманіса большасць іншых беларускіх дзеячаў у Латвіі і за мяжой ставіліся да Дзямідава з моцнай насцярожанасцю і нават пагардай[10], а К. Езавітаў і У. Пігулеўскі адкрыта вінавацілі яго ў тым, што ён дапамагае латышскім нацыяналістам асіміляваць беларускую моладзь[11].
Пад канец 1930-х гадоў Мікалай Дзямідаў апынуўся ў цэнтры буйнога фінансавага скандалу. Калі ў 1939 годзе ТБНЛ было пераўтворана ў «Таварыства беларусаў у Латвіі», высветлілася, што грашовыя фонды арганізацыі зніклі. Спецыяльная рэвізійная камісія (У. Пігулеўскі, К. Езавітаў, Я. Кукель) выявіла, што Дзямідаў падчас свайго кіраўніцтва бяспраўна захапіў значную частку сродкаў таварыства і былы стыпендыяльны фонд. У выніку скандалу ён быў вымушаны часова пакінуць Латвію і не ўвайшоў у кіраўніцтва новай арганізацыі[12].
Адначасова з гэтымі падзеямі Дзямідаў пачаў актыўна шукаць кантакты з нямецкай разведкай. У 1938 годзе ён двойчы сустракаўся з прафесарам Яўгенам фон Энгельгартам, які курыраваў беларускае пытанне ў Замежным аддзеле НСДАП. 8 ліпеня 1939 года Дзямідаў прыбыў у Берлін, дзе сустракаўся з лідарам беларускіхцыянал-сацыялістаў Фабіянам Акінчыцам і Анатолем Шкуткам. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася арганізацыя беларускіх радыёперадач і стварэнне беларускага ўніверсітэта ў Германіі. Аднак Дзямідаў адмовіўся падпісваць афіцыйны пратакол з Акінчыцам, западозрыўшы яго ў карыслівых матывах. Таксама ён сустракаўся з прафесарам Гергардам фон Мэндэ з Берлінскага ўніверсітэта[13]. Вярнуўшыся ў Рыгу, Дзямідаў, верагодна па заданні Абвера, разгарнуў вярбоўку сярод маладых беларусаў (былых вайскоўцаў Войска Польскага, якія працавалі ў Латвіі) для накіравання іх у дыверсійныя школы Трэцяга Рэйха. Вярбовачны пункт знаходзіўсяў сядзібе ТБНЛ. Хоць Дзямідаў інфармаваў аб гэтым латвійскую паліцыю, запэўніваючы, што маладыя людзі едуць вучыцца, гэтая дзейнасць выклікала моцную занепакоенасць польскай амбасады, якая ў ліпені 1939 года нават дамаглася ад латвійскіх улад затрымання карабля з завербаванымі эмігрантамі. Пазней Дзямідаў прызнаваў, што паспеў пераправіць у Германію чатырох чалавек[14].
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]
У 1940 годзе пасля акупацыі Латвіі савецкімі войскамі Мікалай Дзямідаў быў арыштаваны НКУС і этапаваны на Лубянку. Адтуль неўзабаве яго вызвалілі, і ён вярнуўся ў Латвію. Пасля пачатку нямецкай акупацыі Латвіі ў 1941 годзе працаваў інспектарам беларускіх школ на Дзвіншчыне, дзе ў некалькіх школах увёў беларускую мову як асноўную мову навучання. Кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Дзвінску, потым увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рызе. У 1942 годзе пераехаў у Беларусь, працаваў інспектарам Генеральнага камісарыята, потым рэферэнтам па школьных справах. У 1943 годзе — акруговы школьны інспектар[15]. Алесь Змагар пазней пісаў: «У Ліду па пасаду акруговага школьнага інспектара быў накіраваны Нікандар Мядзейка, які доўга ў Лідзе не пабыў, а, ратуючы ад польскіх тэрарыстаў сваё жыццё, вярнуўся назад у Менск, а на ягонае месца быў прысланы палкоўнік Мікола Дзямідаў, шчыры беларускі патрыёт». Дзямідаў удзельнічаў у фармаванні батальёна Беларускай краёвай абароны ў Лідзе. У 1944 годзе вярнуўся ў Рыгу. У чэрвені 1944 года эвакуяваўся ў Германію, дзе з 12 кастрычніка працаваў камендантам курсаў малодшых афіцэраў пры Першым школьным батальёне БКА. 27 кастрычніка быў адкамандаваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў і Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады.
Эміграцыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны апынуўся ў французскай акупацыйнай зоне. У 1948 годзе быў адным з ініцыятараў склікання сабора Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Канстанцы (Заходняя Германія).
З 1950 года жыў у ЗША. Належаў да кіраўніцтва Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады (БАНР), адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў. Адстойваў пункт гледжання аб прыярытэце ў нацыянальным руху інтэлігенцыі, у прыватнасці настаўніцтва. З 1950 года Мікалай Дзямідаў вёў таксама беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Быў актыўным дзеячам Згуртавання беларусаў штату Ілінойс, заснаванага ў 1953 годзе дзеячамі, якія былі нязгодныя з палітыкай БАНР. Быў таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі Святога Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазней, аднак, Мікалай Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.
Апошнія гады свайго жыцця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасці ў 1967 годзе. Пахаваны грэка-каталіцкім святаром на могілках Святога Адальберта ў прыгарадзе Чыкага[16][17].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Станам на 1916 год, быў жанаты з Аленай Гаўрылаўнай Паўчар, праваслаўнага веравызнання, дзяцей не мелі[1]. У 1918 годзе ў Рызе нарадзіўся сын Рыгор[2].
У 1932 годзе ажаніўся з Анэллю Латанс, разам з мужам яна эмігравала ў ЗША ў 1949 годзе, памерла там у 1975 годзе[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Баринов 2023.
- 1 2 3 Коровченко 2023.
- ↑ Latvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 3175, ap. 1, l. 9, lp. 13.
- ↑ Грыбоўскі 2024, с. 64.
- ↑ Грыбоўскі 2024, с. 46.
- ↑ Грыбоўскі 2024, с. 73.
- 1 2 Грыбоўскі 2022, с. 597.
- ↑ Latvijas Valsts arhīvs (LVA). F. 1986, ap. 2, p. 10551, lp. 88—97.
- ↑ Грыбоўскі 2022, с. 597—598.
- ↑ Грыбоўскі 2022, с. 598.
- ↑ Грыбоўскі 2022, с. 610.
- ↑ Грыбоўскі 2022, с. 619.
- ↑ Грыбоўскі 2022, с. 613—614.
- ↑ Грыбоўскі 2022, с. 614—615.
- ↑ «Пагоня». 1998, снеж.
- ↑ У Чыкага знойдзена магіла першага прэм’ер-міністра БНР Язэпа Варонкі
- ↑ Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Латышонак А. Мікола Дзямідаў — беларускі нацыянальны дзеяч з роду Каліноўскіх (1888—1967) Архівавана 4 сакавіка 2016. // Лідскі летапісец, № 17;
- Oleg Łatyszonek Mikołaj Demidow (1888-1967) // Białoruskie Zeszyty Historyczne = Беларускі гістарычны зборнік № 1 (3), 1995. -- 214 с., 23 см. -- ISSN 1232-7468;
- Лідскія юбіляры 2008 года // Лідскі летапісец, № 41, 42.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- «Пагоня». 1998, снеж.
- Салаўёў А. К. Беларуская цэнтральная рада. Мінск, 1995. С. 152.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
- Грыбоўскі Ю. Беларусы Латвіі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму Карліса Улманіса (1934—1940 гг.) // Запісы БІНіМ : часопіс. — 2022. — № 42. — С. 589—621.
- Грыбоўскі Ю. Рыжская прыватная гімназія Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі: стварэнне і дзейнасць (1929–1936) // Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі : часопіс. — 2024. — В. 13. — С. 58—74.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Баринов И. Николай Демидов — организатор белорусских воинских частей (по материалам Военно-исторического архива) // Запісы беларусаведа, 12.05.2023.
- Коровченко Е. Демидов Николай Иванович из вчерашнего поста администратора группы Igor Barinov // Запісы беларусаведа, 13.05.2023.
- Нарадзіліся 9 снежня
- Нарадзіліся ў 1889 годзе
- Нарадзіліся ў Беластоцкім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 23 мая
- Памерлі ў 1967 годзе
- Памерлі ў Чыкага
- Пахаваныя на могілках Святога Адальберта
- Члены Беларускай вайсковай камісіі
- Асобы
- Памерлі 23 чэрвеня
- Педагогі Беларусі
- Публіцысты Беларусі
- Публіцысты паводле алфавіта
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Постаці беларускай эміграцыі
- Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
- Члены Беларускай краёвай абароны
- Нарадзіліся ў Падляскім ваяводстве
- Пахаваныя на могілках Святога Адальберта (Найлс)