Крыўя (цэнтр этнакасмалогіі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Kryŭja)
Лагатып Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя»
Лагатып Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя»

Цэнтр этнакасмалогіі «Крыўя» — даследчая ініцыятыва, якая ставіла за мэту пераасэнсаваць краіну Беларусь у рамках «балцка-крыўскага» і паўночна-еўрапейскага дыскурсу.

Стварэнне і сімволіка[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтр этнакасмалогіі «Крыўя» у 1988 годзе заснавалі філосаф (паводле адукацыі — фізік) Сяргей Іванавіч Санько (1962 г.н.) і мастак Тодар Арленавіч (Фёдар Арсеневіч) Кашкурэвіч (1963 г.н.).

Графічную айдэнтыку Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» (лагатып, сімвал) стварыў Тодар Кашкурэвіч.

  • Лагатып «Крыўя» перагукаўся з напісаннем назвы часопіса «Крывіч», які ў 1923—1927 выдаваў у даваенным літоўскім Каўнасе Вацлаў Ластоўскі (адрозненне — у рэзкасці / плаўнасці літараў, якія падобным чынам сплятаюцца адна з адной).
  • Сімвал «Крыўі» ўяўляў сабой геаметрычную стылізацыю Сусветнага дрэва з галлём уверсе, карэннем унізе і рэкамі пасярэдзіне, прычым пасярэдзіне закампанаваны «круковы» арнаментальны знак.

Дзейнасць у 1990-я[правіць | правіць зыходнік]

Першымі мерапрыемствамі, якія прайшлі пад эгідай Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя», былі «Балтыцкі дударскі фэст» (1992) і Міжнародная навуковая канферэнцыя «Балты і этнагенез беларусаў» (21-23 траўня 1993).

У 1994 годзе «Крыўя» ініцыюе навуковае выданне часопіс «Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica» (2-і і 3-і нумары выйшлі ў 1996 і 1998 гадах). Выданне мела навуковы кірунак, у ім друкаваліся тэксты прадстаўнікоў навукі[1].

Вокладка кнігі «Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі»
Вокладка кнігі «Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі»

У 1998 годзе Сяргей Санько як куратар «навуковага» кірунку ў дзейнасці «Крыўі» выдае кнігу «Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі» (190 старонак), зборнік яго філасофскіх і этнакультуралагічных даследаванняў, які, апроч іншага, уключаў і тэкст «Беларусь: паміж Поўднем і Поўначчу. Падставовыя складнікі аўтэнтычнага мэтапалітычнага дыскурсу», у якім закраналіся і пытанні паліталагічнага і геапалітычнага характару:

«УЕўрапейскім традыцыяналізьме апазыцыя Поўнач-Поўдзень разглядаецца як фундамэнтальная, прымардыяльная, тады як апазыцыя Захад-Усход мае другаснае, вытворнае ад першай паходжаньне. Пры гэтым, Поўнач разглядаецца як „чыстая“, „незьмяшаная“, а Поўдзень — як рэалізацыя прынцыпу зьмешваньня ўсяго і ўсякага. Поўнач — воласьць Быцьця, гэта сама поўня Быцьця. Поўдзень — воласьць Нішто (…). Натуральная арыентацыя Беларусі на Цыркумбалтыцкі рэгіён ёсьць адзінай аўтэнтычнай альтэрнатывай і мастрэхцкаму сцэнаруЕўрапейскай інтэграцыі (які, як вядома, падтрымліваецца далёка ня ўсімі эўрапейцамі), і рэінтэгратыўным посілкам мандыял-эўразыйцаў, і — зразумелая рэч — Новаму сусьветнаму парадку мандыял-атлянтыстаў».[2]

«Другое дыханне» і згасанне[правіць | правіць зыходнік]

З 2005 года Цэнтр этнакасмалогіі «Крыўя» пачаў выдаваць альманах «Druvis»[3] (2-і і 3-і нумары выйшлі ў 2008 і 2011 гадах). Аднайменны літоўскамоўны часопіс «Druvis» выходзіў у Літве з 1996 года (выдавец — Літоўская супольнасць балцкай веры «Рамува»).

1-ы і 2-і нумары часопіса «Druvis»
1-ы і 2-і нумары часопіса «Druvis»

Галоўным рэдактарам часопіса «Druvis» быў пазначаны Тодар Кашкурэвіч, навуковым рэдактарам — Сяргей Санько.

У 2006 годзе, на пачатку «другога дыхання» ў дзейнасці Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўі» і пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку, быў адноўлены «Дударскі фэст» (апошні раз, і ўжо даўно без патраніравання «Крыўі», прайшоў у 2017 годзе). У 2006 годзе таксама запачаткоўваецца музычны фэст «Crivia Aeterna» (апошні быў у 2013 годзе).

У 2008 годзе, прымеркавана да Дня адзінства балтаў 22 верасня, быў адкрыты сайт Цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» — kryuja.org, закрыты ў 2012 годзе.

У прадмове да 3-га, апошняга нумару часопіса «Druvis» (2011), прысвечанага тэме індаеўрапейцаў, пісалася:

«Нашыя продкі крышылі баявымі сякерамі чарапы ворагаў ды разам з каляснічнымі хвалямі святлявых барадатых барбараў пашыралі закон і парадак. Яны стварылі самыя велічныя і магутныя імперыі.

Паглыбляючы свае веды ў міфалогіі, касмалогіі, светаглядзе нашых індаеўрапейскіх прашчураў, якія запавялі нам свае структуры мыслення, арганізацыі грамадства, пакінулі ў спадчыну свой генафонд, здольнасці і тэхналогіі можна пэўна сказаць, што сучасны кшталт талерантнага, мультыкультурнага, ксенафільскага еўрапейца-пацыфіста — гэта поўная процілегласць таго, што шанавалася ў індаеўрапейцаў ад Ісландыі да Індыі.

Натуральна, войны і міжэтнічныя канфлікты не зніклі і не знікнуць. Гэта мы марнеем. Мы распесціліся, сталі надта далікатнымі, замілавана гуляемся ў самагубчыя гульні. Сёння, як і казалі даўнія прароцтвы, жалезны век дасягае свайго апагею, цывілізацыя напружылася перад сконам і перараджэннем, якое стане новым выпрабаваннем — скачком у касмічную бясконцасць, аплачаным ахвярнай крывёю незлічоных герояў у ззянні промняў вечнай славы…»[4]

Згасанне дзейнасці «Крыўі» звязана са спыненнем выдання часопіса «Druvis», апошнім нумарам якога быў трэці.

22 верасня 2016 года адбылася публічная дыскусія пад назвай «„Крыўя“ як нацыянальны праект (З гісторыі ідэй Беларусі)» з удзелам Сяргея Санько і Тодара Кашкурэвіча, на ёй прагучала, што «крыўскі праект» фактычна завершаны[5].

Станам на 2024 год, Сяргей Санько ўзначальвае Аддзел філасофіі культуры ў складзе Інстытута філасофіі Акадэміі навук Беларусі. Тодар Кашкурэвіч рэалізуе сябе як мастак і майстар па вырабе традыцыйных дудаў.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Валеры Пазнякоў. KRYŬJA. № 1-3 (1994—1998) // Беларускі гістарычны агляд. Том 7. Сшытак 1 (12). Чэрвень 2000 г. С. 228—234.
  2. Сяргей Санько. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі. Менск: БГАКЦ, 1998. С. 188—189.
  3. Андрэй Казакевіч. «Druvis»: праект балцкае ідэнтычнасці // Arche. № 1-2 (41-42). Студзень, 2006.
  4. Editorium // Druvis. Nr. 3. 2011. С. 5.
  5. Публічная дыскусыя «Крыўя» як нацыянальны праект (З гісторыі ідэй Беларусі)». 22 верасня 2016 года, прастора «Корпус8».(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2023. Праверана 16 кастрычніка 2023.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • KRYŬJA - Цэнтр. web.archive.org (7 студзеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 2010. Праверана 17 студзеня 2024.