Геапалітыка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Геапалітыка (ад грэч.: γη — зямля + πολιτική — мастацтва кіравання дзяржавай) — палітычная канцэпцыя (дактрына), якая адлюстроўвае складаную залежнасць і сувязь знешняй палітыкі дзяржавы з яе геаграфічным становішчам — кліматам, прыроднымі рэсурсамі, тэрыторыяй і г.д.

Гэта вучэнне аб геаграфічнай абумоўленасці палітычных з’яў, асаблівая галіна ведаў, якая вывучае сувязь паміж зямлёй, геаграфічным асяроддзем і палітыкай дзяржаў. Геапалітыка з’яўляецца адным з тэарэтычных абгрунтаванняў палітыкі дзяржавы як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.

Прадмет і задачы[правіць | правіць зыходнік]

Прадмет геапалітыкі — актуальныя праблемы нацыянальных інтарэсаў, заканамерная ўзаемасувязь палітыкі; дзейнасці дзяржавы і геаграфічных фактараў жыццёвай прасторы.

Асноўнае пытанне геапалітыкі — вывучэнне палітычнай практыкі дзяржавы, натуральнага асяроддзя жыцця і якасці жыцця свайго народу; адносіны з палітычнымі сіламі суседніх і іншых краін. Вывучэнне яго неабходна каб умацаваць свае палітычныя пазіцыі і сваё права на жыццёвую прастору ў даным рэгіёне, каб мець магчымасць на ўласную ўнутраную і знешнюю суверэнную палітыку, каб своечасова ліквідаваць магчымыя перашкоды на шляху сацыяльна-эканамічнага развіцця сваёй нацыі.

Фактары геапалітыкі[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэй раскрываецца сутнасць асноўных фактараў геапалітыкі:[1]

  • Светапоглядны, рэлігійны і ідэалагічны — гэтыя тры паняцці блізкія па сваёй сутнасці, кожны з іх уяўляе з сябе пэўную сістэму поглядаў на свет, чалавека, грамадства. Фактар адыгрывае ролю ў сцвярджэнні вобраза, жыцця і аказвае ўплыў на міжнародныя адносіны і знешнюю палітыку.
  • Геаграфічны фактар — адзін з галоўных, выражае прадметную сутнасць геапалітыкі, сувязь паміж зямлёй, геаграфічным асяроддзем і палітыкай дзяржавы.
  • Дэмаграфічны фактар — гэта людскі рэзерв палітычнай улады любой краіны. Актуальны сёння, калі ў пэўных краінах ідзе працэс скарачэння насельніцтва, а ў іншых рост — «дэмаграфічны выбух».
  • Ваенна-палітычны фактар — моцны ваенны патэнцыял дзяржавы (саюзу дзяржаў) ва ўмовах НТП дазваляе дыктаваць сваю волю на міжнароднай арэне, дамагацца сваіх палітычных мэтаў.
  • Эканамічны фактар — уплыў дзяржавы грунтуецца на яе эканамічным патэнцыяле.
  • Этна-нацыянальны фактар — этнічныя і нацыянальныя супольнасці краін з’яўляюцца цэласнымі, адносна аўтаномнымі ўтварэннямі са сваімі інтарэсамі, культурай і памкненнямі, таму іх існаванне ўмацоўвае альбо разбурае ўклад суверэнных дзяржаў.
  • Фактар прыродных рэсурсаў і экалогіі. Прыродныя рэсурсы складаюць умовы жыцця чалавека і грамадства. У сувязі з павелічэннем спажывання рэсурсаў і іх скарачэннем абвастраюцца супярэчнасці паміж дзяржавамі. Выкарыстоўванне рэсурсаў прывяло да экалагічных праблем. Рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, усталяванне гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з навакольным асяроддзем магчыма дасягнуць толькі намаганнямі ўсяго чалавецтва.

Канцэпцыі геапалітыкі[правіць | правіць зыходнік]

Можна выявіць шэраг складовых элементаў (канцэпцый) геапалітыкі. Сярод іх:[2]

  • геаграфічны дэтэрмізм — канцэпцыя, якая імкнецца патлумачыць месца краіны ў сістэме міжнародных адносін, яе знешнепалітычную дзейнасць зыходзячы з асаблівасцей геаграфічнага асяроддзя;
  • канцэпцыя ўтварэння дзяржаўнасці — зыходзіць з таго, што палітычны лёс краіны залежыць ад часу ўзнікнення дзяржавы;
  • палітычная прастора і палітычны час — канцэпцыя зыходзіць з таго, што па-за прасторай і часам не бывае палітычнай дзейнасці; вывучаючы вымярэнні прасторы мы лепш будзем разумець перадумовы палітычных рашэнняў. Прастора з’яўляецца не толькі тэрыторыяй дзяржавы, але і атрыбутам яго палітычнай моцы;
  • канцэпцыя жыццёвай прасторы прадугледжавае, што менавіта ў прасторы людзі знаходзяць сродкі існавання, арэну сваёй дзейнасці і бяспекі;
  • «сфера жыццёвых інтарэсаў» — канцэпцыя аб зямной прасторы, якая неабходна якой-небудзь краіне, як вельмі важны, стратэгічны ўчастак, аб’ект, установа і г.д. Геапалітыка даследуе і сферы ўплыву — тэрыторыі залежных і незалежных краін, якія знаходзяцца пад палітычным ці эканамічным кантролем адной з «вялікіх» дзяржаў;
  • насельніцтва, дэмаграфічныя праблемы — аб’ектам геапалітыкі з’яўляецца насельніцтва краіны, яго адукаванасць, культура, менталітэт, тэмпы росту і г.д.; дэмаграфічныя праблемы (напрыклад, перавышэнне смяротнасці над нараджаемасцю) разглядаюцца як частка геапалітычнай стратэгіі дзяржавы;
  • канцэпцыя нацыянальнай бяспекі зыходзіць з існуючага баланса сіл у свеце, вымушае бараніць свае нацыянальныя інтарэсы з улікам нацыянальных інтарэсаў суседзяў.

Зноскі

  1. Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў, 2006. — С. 170—171.
  2. Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў, 2006. — С. 171—172.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 176 с.
  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7