Mirage 2000

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Mirage 2000
фр.: Dassault Mirage 2000
Mirage 2000 ВПС Францыі, 2008 год
Mirage 2000 ВПС Францыі, 2008 год
Тып знішчальнік
Распрацоўшчык Сцяг Францыі Dassault Aviation
Вытворца Сцяг Францыі Dassault Aviation
Першы палёт 10 сакавіка 1978 год
Пачатак эксплуатацыі 2 ліпеня 1984 год
Статус выкарыстоўваецца
Эксплуатанты
Гады вытворчасці 1983 - 2007
Адзінак выраблена 614
Кошт адзінкі 23 млн долараў ЗША
Базавая мадэль Mirage III
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Dassault Mirage 2000 — французскі шматмэтавы знішчальнік чацвёртага пакалення, распрацаваны ў 1970-х гадах фірмай Даcа. Асноўны баявы самалёт ВПС Францыі ў канцы XX — пачатку XXI. Знаходзіцца на ўзбраенні некалькіх краін Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Зборачная лінія Mirage 2000 была спынена ў 2007 года пасля пастаўкі апошняга самалёта. Апошні Mirage 2000 быў пастаўлены ВПС Грэцыі 23 лістапада 2007. ВПС Францыі замяняюць Mirage 2000 шматмэтавым знішчальнікам Dassault Rafale, прынятым на ўзбраенне ВПС 27 чэрвеня 2006 года.

Mirage 2000 C/B/D/N/5F

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

На трэцім пакаленні «Mirage» канструктары кампаніі «Dassault» захавалі трохкутнае крыло, але з мэтай ліквідацыі наяўных недахопаў зрабілі самалёт няўстойлівым па канале тангажу і ўсталявалі электрадыстанцыйнную сістэму кіравання. Ад сваіх папярэднікаў Mirage 2000 успадкаваў крыло вялікай плошчы (Mirage 2000—541,00 м²) і планёр са значнымі ўнутранымі аб'ёмамі (для паліва і бартавога абсталявання). Распрацоўка самалёта пачалася ў 1972 годзе ў нізкапрыярытэтнай праграме «Delta 1000». Афіцыйнае тактыка-тэхнічнае заданне на новы самалёт было выдадзена ў сакавіку 1976 года. Пастаўкі ў армію аднамесных перахопнікаў Mirage 2000С пачаліся ў красавіку 1983 года, стану першаснай боегатоўнасці самалёты дасягнулі ў ліпені 1984 года.

У 1979 годзе «Dassault» заключыла кантракт на пабудову двух прататыпаў ўдарнага знішчальніка, якія атрымалі абазначэнне Mirage 2000Р, якое неўзабаве змянілі на Mirage 2000N. Ударны варыянт адрозніваўся ўзмоцненым планёрам, аптымізаваным для палётаў з высокай хуткасцю на малых вышынях. Істотныя адрозненні меліся і ў БРЭА, самае значнае — ўсталяванне РЛС Dasault Electronique / Thompson-CSF Antilope 5, здольнай працаваць у рэжымах картаграфавання, навігацыі, рэжыме прытрымання рэльефу мясцовасці, а таксама навядзення на цэль ракет «паветра-паветра» і «паветра-паверхня». РЛС забяспечвае аўтаматычны палёт з абмінаннем рэльефу мясцовасці на вышыні каля 90 м з хуткасцю да 1112 км/г.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Міраж 2000 ВПС Францыі на вучэннях Red Flag, база ВПС ЗША «Нэліс», жнівень 2006 года.

Самалёт спраектаваны па схеме «безхвостка» з нізкаразмешчаным трохкутным ў плане крылом, які мае кут стрэлападобнасці па пярэдняй абзе 58 градусаў, з адным кілем. Шасі трохстойкавае, з насавой апорай. Канструктыўнымі асаблівасцямі самалёта, з'яўляюцца магутная і развітая механізацыя крыла (аўтаматычна кіраваныя прадкрылкі па ўсёй пярэдняй абзе і двухсекцыйныя элевоны па ўсім размаху), а таксама шырокае прымяненне кампазіцыйных матэрыялаў. Зверху і знізу на кожнай кансолі крыла размешчаны паветраныя тармазы. Паветразаборнікі ТРДДФ SNECMA M53 маюць традыцыйную для «Mirage» канструкцыю з рухомым паўконусам і усталяванымі на знешніх паверхнях невялікімі генератарамі віхур.

Крыло шматланжэроннае суцэльнаметалічнай канструкцыі з нізкай удзельнай нагрузкай; абшыўка элевона выканана з вугляпластыку, запаўняльнік — сотавай канструкцыі з алюмініевага сплаву AG5. Панэлі адсеку радыёэлектроннага абсталявання таксама слаістай канструкцыі з абшыўкай з вугляпластыку і сотавым запаўняльнікам. Практычна ўся абшыўка кіля і ўся абшыўка руля кірунку выканана з эпаксідных бора- і вугляпластыкаў. Запаўняльнік руля кірунку сотавы з алюмініевага сплаву.

Бартавыя сістэмы[правіць | правіць зыходнік]

Сістэма кіравання самалётам электрадыстанцыйная, з чатырохразовым дубліраваннем. Апроч таго, ёсць аварыйны канал, сілкаванне якога ажыццяўляецца ад асобнай акумулятарнай батарэі. Яна забяспечвае дастатковую ўстойлівасць і кіравальнасць па ўсім дыяпазоне вышынь і хуткасцей, уключаючы палёты на лімітавана малых вышынях і на высокіх хуткасцях, а таксама ў экстрэмальных умовах на малых хуткасцях пры вялікіх вуглах атакі.

Дзве незалежныя гідраўлічныя сістэмы з працоўным ціскам 280 атм забяспечваюць працу прыводаў паверхняў кіравання, выпуск і прыбіранне шасі і паветраных тармазоў. Крыніцамі электраэнергіі з'яўляюцца два генератары зменнага току на 20 ква і акумулятарная батарэя ёмістасцю 40 ампергадзін.

Варыянты[правіць | правіць зыходнік]

  • Mirage 2000 — базавая мадыфікацыя.
  • Mirage 2000В — двухмесны навучальна-баявы варыянт мадыфікацыі 2000С.
  • Mirage 2000С — аднамесны знішчальнік-перахопнік.
  • Mirage 2000D — ударны знішчальнік-бамбардзіроўшчык, носьбіт звычайнага ўзбраення.
  • Mirage 2000Е — шматмэтавы знішчальнік, прызначаны для экспарту.
  • Mirage 2000ED — двухмесны навучальна-баявы варыянт мадыфікацыі 2000Е.
  • Mirage 2000N — ударны знішчальнік-бамбардзіроўшчык, з магчымасцю несці ядзерную зброю.
  • Mirage 2000R — аднамесны разведчык.
  • Mirage 2000S — экспартная версія 2000D, вырабляецца з 1994 года.
  • Mirage 2000-5 — мадэрнізаваная экспартная версія.
Абломкі французскага «Міраж 2000», страчанага ў Афганістане

Mirage 2000D[правіць | правіць зыходнік]

Першы палёт мадыфікацыі Mirage 2000D адбыўся 19 лютага 1991 года, першы палёт серыйнай машыны — 31 сакавіка 1993 года. Уведзены ў баявы склад французскіх ВПС у сакавіку 1994 года. Машына з'яўляецца першым французскім знішчальнікам, прызначаным для пераадолення сістэмы СПА на малых вышынях і нанясення ўдараў па наземных цэлях у кожных умовах надвор'я і ноччу з выкарыстаннем як ядзернай, так і звычайнай высокадакладнай кіраванай авіяцыйнай зброі з лазернымі сістэмамі навядзення. Іншымі асаблівасцямі самалёта, адрознымі ад яго папярэдняй мадыфікацыі («Міраж-2000N»), з'яўляецца наяўнасць удасканаленага бартавога радыёэлектроннага абсталявання, што ўключае сістэмы кіравання палётам і прыцэльна-навігацыйную, сродкі РЭБ, а таксама магчымасць ужывання перспектыўных КР класа паветра-зямля «Апаш».[1] Пабудавана 86 машын.

Mirage 2000E[правіць | правіць зыходнік]

Агульная назва экспартнай мадыфікацыі самалёта Mirage 2000. Машына абсталёўвалася рухавіком M53-P2, удасканаленай РЛС RDM+ фірмы Thomson-CSF і станцыяй лазернага падсвятлення наземных цэляў ATLIS II[en], якая размяшчаецца ў падвесным кантэйнеры.

Баявое ўжыванне[правіць | правіць зыходнік]

30 жніўня 1995 года французскі знішчальнік Mirage 2000 быў збіты з ПЗРК «Ігла» СПА Сербіі.[2][3]

8 кастрычніка 1996 года грэчаскі Mirage 2000 збіў у паветраным баі над Эгейскім морам турэцкі знішчальнік F-16 Fighting Falcon.[4][5]

Індыйскія Mirage 2000 ужываліся ў Каргільскім канфлікце 1999 года. «Міражы» здзейснілі больш за 500 вылетаў — 274 вылетаў зрабілі самалёты 1-й эскадрыллі, якія вырашалі задачы СПА і эскорту ўдарных самалётаў; болей 240 вылетаў зрабілі самалёты 7-й эскадрыллі, якія наносілі ўдары па наземных цэлях пад прыкрыццём знішчальнікаў МіГ-29, імі было скінута больш 55 тон бомбаў. Сярод вылетаў 7-й эскадрыллі характэрныя ўдары па Манто-Дало, Тайгер-Хіл і вышыні 4388 у сектары Драс. На гары Манто-Дало ў сектары Баталік 17-га чэрвеня 1999 года ўдарам самалётаў 7-й эскадрыллі, якія выкарысталі некіраваныя бомбы, быў знішчаны галоўны пункт забеспячэння праціўніка, было ліквідавана больш 50 будынкаў і 100 чалавек. 24-га чэрвеня 1999 года на вяршыні гары Тайгер-Хіл кіраванымі авіябомбамі з лазерным навядзеннем, скінутымі з двух знішчальнікаў Mirage-2000, быў знішчаны штаб батальёна праціўніка — гэта быў першы выпадак баявога ўжывання КАБ індыйскімі ВПС. Тым жа днём быў здзейснены ўдар па гэтай жа цэлі некіраванымі бомбамі. 4-га ліпеня ўдар некіраванымі бомбамі быў упершыню нанесены па артылерыйскіх пазіцыях і лагеры забеспячэння на вышыні 4388 у сектары Драс. Наступная атака была выканана чатырма Mirage-2000 6-а ліпеня, было скінута 24 бомбы, а 10-га ліпеня тры самалёты скінулі яшчэ 15 некіраваных бомбаў. Гэтыя ўдары зламалі супраціў праціўніка, з-за высокіх страт сярод афіцэрскага складу істотна паслабілі яго кіраўніцтва.[6]

19 сакавіка 2011 года 4 самалёты Mirage 2000 у складзе французскіх ВПС ужываліся ў аперацыі «Odyssey Dawn» супраць войскаў Кадафі ў Лівіі.

Зноскі

  1. Французский тактический истребитель «Мираж-2000D» // Зарубежное военное обозрение № 8, 1994. — С. 40-44.
  2.  Serbs shot down Mirage 2000
  3. Валецкий О. Югославия в войне. — Белград, 2004.
  4.  Greek Airforce Mirage 2000 Humiliates Turkish F16
  5. Greek & Turkish Air-to-Air Victories // ACIG.org [Электронны рэсурс] — Рэжым доступу: http://www.acig.info — Дата доступу: 09.09.2014
  6. Philip Camp. The Mirage-2000 at Kargil Архівавана 7 жніўня 2011. // Bharat Rakshak — The Consortium of Indian Military Websites [Электронны рэсурс] — Рэжым доступу: http://www.bharat-rakshak.com/ — Дата доступу: 09.09.2014