SPIEVY z-pad mosta
SPIEVY z-pad mosta | |
---|---|
![]() | |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | фолк-музыка |
Краіны | |
Горад | Варшава |
Мова песень | беларуская |
SPIEVY z-pad mosta — жаночы хор, які складаецца з эмігрантак з Беларусі і Украіны. У рэпертуары традыцыйныя беларускія спевы і спевы памежных славянскіх зямель (Польшчы, Украіны, Літвы)[1].
Хор займаецца захаваннем і папулярызацыяй беларускай мовы і традыцыйных песень, падтрымкай беларускіх жанчын у эміграцыі, інтэграцыяй культурных традыцый Беларусі ў кантэкст памежных краін, праводзіць адукацыйныя і тэрапеўтычныя мерапрыемствы[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Хор SPIEVY z-pad mosta створаны групай сябровак, якія пачалі сустракацца пад Свентакшыскім мостам у Варшаве вясной 2023 года. Ініцыятаркамі сталі мастачка Караліна Палякова і вакалістка і вакальная тэрапеўтка Руся[1].
Станам на вясну 2024 года хор складаецца з каля 20 асоб, сярод якіх мастачкі, спявачкі, фатографкі, рэжысёркі, дызайнеркі і іншыя прадстаўніцы крэатыўнага класу. За першы год дзейнасці хор зладзіў больш за 20 публічных выступаў і зрабіў некалькі рэканструкцый старажытных беларускіх абрадаў, напрыклад, Пахавання стралы, Каляд (Шчодрыка), Купалля[1].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Хор SPIEVY z-pad mosta стварае музычны кантэнт (запісы спеваў) для міжнародных культурных калабарацый; ладзіць адкрытыя спеўныя колы, у тым ліку ў Адукацыйным павільёне «Kamień» і Калектыўнай установе «Prześwit», «гукавыя ванны» — прыватныя тэрапеўтычныя сесіі з выкарыстаннем спеваў, лекцыі пра беларускую традыцыйную культуру, канцэрты ў супрацоўніцтве з электроннымі і класічнымі музыкамі, напрыклад, з Вольгай Падгайскай. Хор выступае на фестывалях, у тым ліку на фестывалі VARUŠNIAK у Варшаве[1].
Удзельніцы хору лічаць, што традыцыйныя беларускія спевы маюць не толькі культурна-гістарычную каштоўнасць, але і тэрапеўтычнае значэнне. На іхнюю думку спевы дапамагаюць з уласнымі складанымі ўнутранымі станамі, перажываннямі, эмоцыямі, а таксама з’яўляюцца псіхаэмацыйнай падтрымкай для эмігрантаў[1].
Рэпертуар
[правіць | правіць зыходнік]Рэпертуар хору складаецца з традыцыйных беларускіх песень, якія спявалі жанчыны падчас паганскіх абрадаў і рытуалаў. Гэтыя песні простымі словамі перадаюць сімвалічныя схемы ўзаемадзеяння чалавека з прыродай і іншымі людзьмі, адзначаюць важныя вехі жыццёвага шляху і ініцыяцыі: сепарацыя з маці, пераход з вольнай дзяўчыны ў замужжа, нараджэнне дзіця, пахаванне і так далей[1].
Лагатып
[правіць | правіць зыходнік]Лагатып хору распрацаваны дызайнеркай Настассяй Безручонак, натхнёнай беларускімі арнаментамі і вышыўкай, у прыватнасці арнаментам жанчыны Масленіцы. У дызайне прысутнічаюць палі моста, пад якім збіраўся хор, і сілуэт жанчыны, намаляваны ў стылі традыцыйнай вышыўкі. Лагатып складаецца з квадратных формаў, характэрных для беларускіх узораў на вопратцы[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]