Пахаванне стралы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Пахаванне стралы (Страла, Стряла, Сула) — старажытны народны абрад, які здаўна спраўляўся на Гомельшчыне, па захадзе Браншчыны (дзе жылі этнічныя беларусы) і на паўночным усходзе Украіны. Суправаджаўся песнямі, карагодам і пахаваннем ”стралы” - грошэй, лялькі або металічнага прадмета. Правозіўся з мэтай выклікаць дождж і надаць зямлі ўрадлівасць. Мае язычніцкае паходжанне і, верагодна, у старажытнасці спраўляўся ў гонар Пяруна - бога маланак. Уласна ”страла” ў даўніну азначала менавіта маланку.

Пасля ”Пахавання” лічылася, што вясна ўжо скончылася, і спяваць веснавыя песні болей было нельга.

Штогадовы абрад «Пахавання стралы», што і сёння праводзіцца ў вёсцы Казацкія Балсуны, занесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Даты праводжання[правіць | правіць зыходнік]

У ”Пахавання стралы” не было канкрэтнай даты. У розных мясцінах ”стралу” маглі вадзіць:

Змест абраду[правіць | правіць зыходнік]

Ваджэнне стралы[правіць | правіць зыходнік]

Перад ”Пахаваннем стралы” адбывалася ”Ваджэнне”. Жанчыны збіраліся і ішлі працэсіяй праз усю вёску, спяваючы рытуальныя («стрэльныя») песні. У старыя часы, па ўспамінах бабуль, у працэсіі магло сабрацца да трохсот жанчын.

Я пушчу стралу па ўсім сялу,
Да й уздоўж сяла ў канец вуліцы.
Як уб’е страла добра моладца,
Па том моладцу некаму плакаці:
Матка старэнька, сястра маленька,
Дзеткі дробныя да й усе роўныя,
Жана молада кола горада.
Дзе матка плача – там рэчка цячэ,
Дзе сястра плача – там калодзезі,
Дзе дзеткі плачуць – ручайкі бягуць,
Дзе жана плача – там расы няма.
А матка плача да смерці,
Сястра плача да замужжа…

[1].

У вёсцы Неглюбка сярод жанчын ішлі два пераапранутых камічных персанажа - Дзед і Баба. Ролю Дзеда выконвала дзяўчына, ролю Бабы - хлопец. Дзеля камічнага эфекту на ролю Дзеда абіралі дзяўчыну невысокага росту, а ролю Бабы - высокага худога хлопца. Абодва персанажы смяшылі людзей, ганяліся за дзецьмі. У даўніну да пояса Дзеда прышпільвалася вялізная морква, якая ўвасабляла палавы орган. Гэта паказвае глыбока язычніцкае паходжанне персанажа.

Пахаванне стралы[правіць | правіць зыходнік]

Працэсія рухалася ў месца будучага ”пахавання” стралы. У розных вёсках гэта была:

У дадзеным месцы ”страла” (лялька з саломы, грошы, шпілька ці іншы прадмет) ўрачыста хавалася ў зямлю. Там, дзе ”пахаванне” святкавалася ў траўні-чэрвені, яно ўспрымалася як развітанне з вясною. У многіх вёсках ляльку, якую закопвалі, звалі Вясна. У час рытуалу жанчыны спявалі:

Лялечка мая мілая,
Да схавала я цябе к Ушэсцейку,
К Ушэсцейку, к налецейку,
К такому врэмю, як сёлета,
Прыйду к табе з сахою,
Да буду гаварыць з табою,
Мая міленькая лялечка...

[2].

Пасля гэтага ладзілі вясёлыя карагоды, спевы і танцы. У некаторых вёсках ”стралу” кідалі ў рэчку ці ў калодзеж. У іншых мясцінах ніякага пахавання наогул не было, людзі адразу распачыналі карагоды і танцы.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

У словах песні ”Як уб’е страла добра моладца...” Галіна Нячаева бачыць сведчанне аб тым, што ў старажытнасці, у язычніцкі час абрад скончваўся забойствам маладога хлопца, прынясеннем яго ў ахвяру. Персанажы Дзеда і Бабы згадваюцца ў многіх мясцінах Беларусі, у сувязі з многімі святамі. Дзед - адзін з персанажаў-калядоўшчыкаў. Пры гэтым ў даўніну ён таксама прывязваў сабе да пояса моркву, якая сімвалізавала мужчынскі орган. Калядны Дзед сімвалізуе першапродка, а таксама, магчыма, нейкага забытага язычніцкага бога ўраджаю. Аналагічны персанаж прысутніцае і ў абрадзе ”Пахаванне Дзеда”.

Магчыма, абрад базуецца на старажытным міфе аб тым, што бог-грамабой Пярун - муж багіні зямлі, якую апладняў дажджамі і маланкамі, і якая народжвала ад яго ўсё жывое, у тым ліку ўраджай.

У адказ на пытанне, дзеля чаго водзяць ”стралу”, вясковыя жанчыны адказваюць: каб дождж пайшоў, каб ураджай быў добры. Таксама абрад ахоўваў людзей ад маланак і пажараў. М.П. Кондрыкава (жыхарка вёскі Нісімкавічы) прыгадвала, што аднойчы рытуал не праводзілі, і летам ад маланкі здарыўся пажар (”...як толькі хмара найшла, як трэсь, так і загарылася”).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Час з’яўлення абраду ўсталяваць нельга, хаця ён, несумненна, старажытны. Стараверы, што беглі з Маскоўскай дзяржавы ў XVII ст. і перасяляліся ў Беларусь, успрымалі гэтую традыцыю як грэх.

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхарак, Ваджэнне і пахаванне ”стралы” не перарывалася нават у час вайны. Але абрад паступова згасаў, насельніцтва вёсак скарачалася, вяскоўцы старэлі. Вялізны ўдар па культуры Гомельшчыны нанесла Чарнобыльская катастрофа 1986 г. Насельніцтва вёсак Ліпа, Барталамееўка і іншых было цалкам эвакуяванае, іх традыцыя зніклі назаўсёды.

Новая хваля інтэрэсу да Ваджэння ”стралы” ўзнікла ў пачатку 2000-х гг. У вёскі Стаўбун, Казацкія Балсуны, Неглюбка і іншыя стала прызджаць моладзь з гарадоў, журналісты, даследчыкі са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. У абрадавай працэсіі, якую ўжо шмат год складалі толькі вясковыя бабулькі, з кожным годам усё болей пажылыя, сталі з’яўляцца і маладыя дзяўчыны - як мясцовыя так і студэнткі з гарадоў. Вяскоўцы атрымалі дадатковы стымул да адраджэння традыцыі: іх, з большасці адзінокіх старых людзей, вельмі цешыць, што нехта прызджае да іх, нехта дорыць ім сваю ўвагу.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кухаронак, Т. І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т. І. Кухаронак — Мінск: Ураджай, 2001.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • [http://nashkraj.info/pahavanne-straly-regiyanalna-adm/ «Пахаванне стралы” — рэгіянальна адметная абрадавая з’ява фальклору ўсходняга Палесся]
  • [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]