Перайсці да зместу

Анамбас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анамбас
індан. Anambas
Знешні выгляд
Знешні выгляд
Характарыстыкі
Колькасць астравоў238 
Агульная плошча637,1 км²
Насельніцтва37 493 чал. (2010)
Шчыльнасць насельніцтва58,85 чал./км²
Размяшчэнне
3°05′ пн. ш. 106°02′ у. д.HGЯO
АкваторыяПаўднёва-Кітайскае мора
Краіна
Анамбас (Інданезія)
Анамбас
Анамбас
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы


Анамбас (індан.: Kepulauan Anambas) — архіпелаг у Паўднёва-Кітайскім моры. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Рыау. Агульная плошча — 637,1 км². Насельніцтва (2010 г.) — 37 493 чал.

Анамбас уяўляюць сабою групу з 238 дробных астравоў, якія размешчаны ў Паўднёва-Кітайскім моры за 350 км на паўночны захад ад вострава Калімантан, за 980 км на поўнач ад Джакарты, за 8955 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. Астравы з’яўляюцца часткай кантынентальнага шэльфа. Утвораны каля 8 тысячагоддзя да н. э. у выніку павышэння ўзроўню акіяна. Узбярэжжа большасці астравоў атачаюць каралавыя рыфы. На шэльфе каля Анамбас знойдзены значныя запасы прыроднага газу.

Карта астравоў Анамбас і Натуна

Клімат трапічны вільготны. На астравах захаваліся густыя першародныя лясы. Жывёльны свет прадстаўлены мноствам птушак, яшчаркамі, марскімі чарапахамі.

Дакладны час з’яўлення першых людзей на Анамбас не вядомы. У XVI — XVII стст. астравы занялі малайцы, перасяленцы з поўдня Малакскага паўвострава. Тут сфарміравалася манархічная дзяржава з цэнтрам на востраве Сіянтан. Яе ўладары былі сваякамі султанаў Джохар-Бару. Захавалася магільня аднаго з іх.

У 1949 г. астравы Анамбас увайшлі ў склад Інданезіі. У 1974 г. на іх з’явілася шмат бежанцаў з В’етнама, якія дабіраліся да далёкіх астравоў на звычайных лодках. Да 1992 г. большасць в’етнамцаў пакінула Анамбас, аднак засталіся нашчадкі ад сумесных шлюбаў і родавыя магільні.

З-за геаграфічнай аддаленасці эканамічнае развіццё астравоў Анамбас адбываецца павольна. У апошнія дзесяцігоддзі найбольшую значнасць набыла здабыча прыроднага газу. Мясцовае насельніцтва традыцыйна займаецца земляробствам і рыбалоўствам. Улады імкнуцца развіваць турызм. На астравах пабудаваны аэрапорт.