Перайсці да зместу

Анкока

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анкока
англ. Ankoko, ісп. Anacoco
Венесуэльская ваенная база на востраве Анкока
Венесуэльская ваенная база на востраве Анкока
Характарыстыкі
Плошча28 км²
Размяшчэнне
6°43′34,10″ пн. ш. 61°09′02,10″ з. д.HGЯO
АкваторыяРака Куюні
Краіна
Анкока (Паўднёвая Амерыка)
Анкока
Анкока
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анкока (англ.: Ankoko, ісп.: Anacoco) — востраў на рацэ Куюні на мяжы паміж Венесуэлай і Гаянай. Згодна з пазіцыяй Гаяны, большая частка вострава належыць гэтай дзяржаве. Згодна з пазіцыяй Венесуэлы, востраў Анкока — частка яе тэрыторый. З 1966 г. востраў знаходзіцца пад кантролем Венесуэлы. Плошча — 28 км². На Анкока дзейнічае венесуэльская ваенная база.

Востраў Анкока месціцца на рацэ Куюні на мяжы паміж Венесуэлай і Гаянай. Утвораны ў выніку зліцця Куюні з яе прытокамі. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 4,7 км. Найбольшая шырыня — 3,1 км. Большая частка вострава пакрыта лесам і хмызнякамі. Знойдзены невялікія радовішчы золата.

Тэрытарыяльныя спрэчкі

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльныя прэтэнзіі Венесуэлы ў дачыненні да заходняй часткі сучаснай Гаяны выказваліся з пачатку 1840-х гг. Пры гэтым Венесуэла абапіралася на той факт, што землі на захад ад ракі Эсекіба раней уключаліся ў склад віцэ-каралеўства Новая Гранада. Гэта пацвярджаў дагавор 1648 г. аб размежаванні паміж Іспаніяй і Нідэрландамі. У 1814 г. частка галандскіх калоній у Гвіяне перайшла ў падпарадкаванне Вялікабрытаніі. У 1831 г. яны былі аб’яднаны ў адзіную калонію Брытанскую Гвіяну, якая ў 1966 г. была абвешчана незалежнай дзяржавай Гаянай. На месцы іспанскай Новай Гранады ў 1821 г. узнікла Вялікая Калумбія, у 1830 г. яе ўсходняя частка стала вядома як незалежная Венесуэла. Спрэчкі паміж Венесуэлай і Вялікабрытаніяй былі разгледжаны міжнародным Парыжскім арбітражным судом. У 1899 г. ён зацвердзіў мяжу, якая фармальна да нашага часу падзяляе Венесуэлу і Гаяну. У Венесуэле рашэнне Парыжскага арбітражнага суда выклікала незадаволенасць. У 1963 г., напярэдадні абвяшчэння незалежнасці Гаяны, Венесуэла зноў высунула тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У лютым 1966 г. у Жэневе адбылася канферэнцыя, у якой прымалі ўдзел з аднаго боку Гаяна і Вялікабрытанія, з іншага — Венесуэла. Была створана сумесная міжнародная камісія. Венесуэла абавязвалася ў час працы камісіі не высоўваць новых тэрытарыяльных патрабаванняў.

Востраў Анкока быў незаселены і разглядаўся ў Гаяне як падзелены на 2 часткі паміж краінамі. Венесуэльцы лічылі, што ён цалкам належыць Венесуэле, паколькі пратока з боку асноўных венесуэльскіх тэрыторый вельмі вузкая, а з боку Гаяны — шырокая. Да таго ж грамадзяне Венесуэлы перыядычна вялі на ім гаспадарчую дзейнасць. 12 кастрычніка 1966 г., калі армія Вялікабрытаніі пакінула Гаяну, венесуэльскія ваенныя і грамадзянскае насельніцтва занялі гаянскую частку Анкока, пачалі будаўніцтва аэрадрома і здабычу карысных выкапняў. У Гаяне гэтую акцыю палічылі адным з крокаў Венесуэлы для развязвання канфлікту і ціску на працу міжнароднай камісіі. У пачатку 1970 г. у раёне Анкока адбылася перастрэлка з двух бакоў.

18 чэрвеня 1970 г. па выніках працы камісіі быў падпісаны дагавор у Порт-оф-Спейне паміж Венесуэлай з аднаго боку, Вялікабрытаніяй і Гаянай — з іншага. Ён адсоўваў рашэнне тэрытарыяльнай праблемы на 12 гадоў і мог узнаўляцца на новы 12-гадовы тэрмін, пакуль не будзе прапанавана іншае рашэнне. Нягледзячы на паляпшэнне адносін паміж Гаянай і Венесуэлай у 1970-я — 1980-я гг., апошняя не адмовілася ад планаў уключэння заходняй Гаяны ў свой склад і не пакінула ўсходнюю частку вострава Анкока. Наяўнасць праблемы пацвердзілі перагаворы паміж прэзідэнтамі дзвюх дзяржаў у ліпені 2009 г. у Каракасе.