Перайсці да зместу

Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. К. Багушэвіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча
Месцазнаходжанне Ашмяны
Адрас 231103, Беларусь, Гродзенская вобласць, Ашмяны, вул. Савецкая, 128
oshmyany.museum.by/be
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. К. Багушэвіча — музей у Беларусі, заснаваны ў горадзе Ашмяны паводле пастановы Савета Міністраў БССР ад 27 верасня 1952 г. Адкрыты для наведвальнікаў 16 кастрычніка 1955 г. Плошча экспазіцыі на той час складала 144 м². Музеем кіравалі А. М. Кушнераў, В. У. Свенціхоўскі, Л.Дз. Яфімцава, М. Ф. Спірыдонаў, В. Р. Навумаў, Ю. М. Борд, М. М. Бараноўскі, А. Р. Каранеўскі, Д. І. Васілеўская. З 1998 г. дырэктар Ж. І. Іванова.

У 1981 годзе плошча экспазіцыі музея складала 248[1] м². Дзейнічалі аддзелы гісторыі дасавецкага перыяду, гісторыі савецкага перыяду і аддзел прыроды[1].

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 9144 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 9870 адзінак. У калекцыях музея старажытныя прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду XI—XVI ст., знойдзеныя пры археалагічных раскопках на Ашмяншчыне, манеты 18 — 19 ст., прадметы побыту, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабы народных майстроў, дакументы і фотаздымкі па гісторыі Ашмянскага краю. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гістарычных і рэвалюцыйных падзей М. С. Арэхву, Г. Дэмбінскага, А. Снядэцкага. У фондах музея зберагаюцца дакументы і матэрыялы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку аб партызанскай брыгадзе імя Гастэлы, якая дзейнічала на тэрыторыі раёна, друкарскі станок, партызанскія газеты і лістоўкі. Значная частка калекцыі прысвечана жыццю і творчасці Францішака Багушэвіча: асабістыя рэчы, выданні яго твораў, макет дома ў Кушлянах і інш. У музейнай бібліятэцы захоўваецца каля 1,5 тысячы тамоў каштоўных выданняў XIX—XX ст.

У 2000 г. музей пераведзены ў гістарычны будынак у цэнтры горада і закрыты для наведвальнікаў. З верасня 2006 г. вядзецца рэканструкцыя. Выставачная дзейнасць адбываецца ў навучальных установах, установах культуры, іншых музеях.

Зноскі

  1. а б Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.