Перайсці да зместу

Будынак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Будынак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі
53°53′46″ пн. ш. 27°33′23″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктар П. Іваноў
перабудова — У. Вараксін і Г. Заборскі
Дата пабудовы 1952 год
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Будынак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі — будынак у Мінску, размешчаны па адрасе вул. Кірава, 15. Пабудаваны ў 1952 г. (архіт. П. Іваноў). Тут размяшчалася Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, у 19861991 — Дзяржаўны аграпрамысловы камітэт БССР. У наш час у будынку размяшчаецца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Будынак прыклад творчага выкарыстання класіцыстычнай спадчыны.

Галоўны фасад

Узведзены з цэглы. Чатырохпавярховы з высокім цокальным паверхам будынак спачатку меў Т-падобную ў плане форму з выступаючым у глыбіню забудовы двухсветлавым аб’ёмам залы пасяджэнняў. У 1974 г. часткова перапрацаваны фасады (архіт. У. Вараксін) і інтэр’еры (архіт. Г. Заборскі). Да дваровага фасада прыбудаваны пяціпавярховыя прамавугольныя крылы, што надало будынку Ш-падобную ў плане канфігурацыю. Перад уваходам — высокі мураваны ганак. Асноўны акцэнт зроблены на архітэктуры галоўнага фасада, цэнтральная частка якога вылучана радам магутных паўкалон на ўсю вышыню будынка. Сцены на вышыню 2 паверхаў расшыты дробным рустам і падзелены карнізным поясам. Развіты антаблемент паўтарае зубчасты абрыс выступаючых кубічных (вышыня больш за 2 м) баз калон і разам з буйнапамернымі капітэлямі надае збудаванпю манументальную строгасць. Моцна выступаючы карніз падтрымліваюць кранштэйны ў выглядзе валют. Плоскасць высокага глухога парапета, які праходзіць з трох бакоў будынка, апрацавана філёнгамі, у цэнтральнай частцы, над галоўным уваходам, рэльефная выява Дзяржаўнага герба БССР.

Унутраная планіроўка будынка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. Лесвічныя холы паверхаў аддзелены калонамі, якім адпавядаюць пілястры на процілеглых сценах. Столь упрыгожана ляпнымі разеткамі. Сцены залы пасяджэнняў таксама расчлянёны плоскімі пілястрамі з арачным поясам над імі. Падвесная столь уяўляе сабой суцэльнае поле ляпнога арнаменту з чаргаваннем васьмігранных і квадратных элементаў.