Голас Расіі
Голас Расіі | |
---|---|
Горад | Масква |
Краіна | Расія |
Фармат | навінны |
Час вяшчання | кругласутачна |
Зона вяшчання | 34 краіны |
Дата пачатку вяшчання | 29 кастрычніка 1929 (95 гадоў таму) |
Дата канца вяшчання | 10 лістапада 2014 |
Заменены | Sputnik |
Заснавальнік | Народны камісарыят поштаў і тэлеграфаў СССР |
Сайт | sputniknews.com (англ.) |
Анлайн-трансляцыя | 95.81.162.158:8000/vsr.m… |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Расійская дзяржаўная радыёвяшчальная кампанія «Голас Расіі» (руск.: Российская государственная радиовещательная компания «Голос России») — расійская дзяржаўная радыёстанцыя, заснаваная ў кастрычніку 1929 года пад назвай «Маскоўскае радыё» для замежнага вяшчання. 22 снежня 1993 года атрымала сучасную назву «Голас Расіі». 10 лістапада 2014 года была ліквідавана.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]СССР
[правіць | правіць зыходнік]29 кастрычніка 1929 года «Маскоўскае радыё» пачало вяшчаць на нямецкай мове. 7 лістапада дадалося вяшчанне на французскай мове. Да канца года з’явілася англамоўнае вяшчанне. У 1930 г. перадачы сталі штодзённымі і пераважна ажыццяўляліся ў наўпроставым эфіры. У 1933 г. Міжнароднае маскоўскае радыё падпарадкавалі Дзяржаўнаму камітэту радыёфікацыі і радыёвяшчання СССР . Цягам 1930-х гадоў дадалі яшчэ 10 моў вяшчання[1].
На пачатку 1940 г. з’явілася расійская рэдакцыя «Гаворыць Масква». 1 ліпеня дадалося кітайскамоўнае вяшчанне, першыя перадачы якога чытала Дэн Інчаа, якая была жонкай прадстаўніка камуністаў пры ўрадзе Кітая Чжоў Эньлай (1937—1946). 14 красавіка 1942 г. з Хабараўска (Расійская СФСР) пачалося вяшчанне на Японію. Да 1945 г. штодзённае эфірнае вяшчанне вырасла да 152 перадач на 28 мовах. У 1946 г. дадалі вяшчанне на мангольскай мове, у 1957 г. — на пуштунскай (Афганістан). У 1956—1962 гг. у арабскай рэдакцыі радыё працаваў Яўген Прымакоў (1929—2015), дзе ўзняўся ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара. У 1961 г. пачалося вяшчанне на амхарскай (Эфіёпія), суахілі (Усходняя Афрыка) і хаўса (Заходняя Афрыка).
28 кастрычніка 1962 г. адбылася радыёперадача адказу старшыні Савета міністраў СССР Мікіты Хрушчова (1954—1964) на тэлеграму прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі (1961—1963) напярэдадні, што палагодзіла Кубінскі ракетны крызіс. У 1967 г. пачалося вяшчанне на дарыйскай мове (Афганістан). Да 1980-х гадоў дадалося вяшчанне на яшчэ 8 мовах Афрыкі.
23 мая 1983 г. дыктар англійскай рэдакцыі Уладзімір Данчаў у наўпроставым эфіры заявіў: «Насельніцтва Афганістана адыгрывае важную ролю ў абароне тэрыторыі краіны ад савецкіх захопнікаў». Заяў такога кшталту было яшчэ некалькі. Дадзеныя выступленнні Данчава трывалы час заставаліся незаўважанымі савецкімі ўладамі. Камітэт дзяржбяспекі звярнуў увагу на Данчава толькі пасля паведамлення BBC, пасля чаго апошняга накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў Ташкент (Узбекская ССР)[2].
Расія
[правіць | правіць зыходнік]22 снежня 1993 года ўказам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Барыса Ельцына № 2258 "Аб стварэнні холдынгавай кампаніі «Расійскі дзяржаўны тэлерадыётэхнічны цэнтр „Эфір“» і «Расійскай дзяржаўнай радыёвяшчальнай кампаніі „Голас Расіі“» на базе творча-вытворчага аб’яднання «Міжнароднае маскоўскае радыё» была створана Расійская дзяржаўная радыёвяшчальная кампанія «Голас Расіі»[3].
12 студзеня 1996 года пастановай Урада Расійскай Федэрацыі № 12 «Аб расійскай дзяржаўнай радыёвяшчальнай кампаніі „Голас Расіі“» радыёкампанія «Голас Расіі» была перададзена ў непасрэднае кіраванне Федэральнай службы РФ па тэлебачанні і радыёвяшчанні (ФСТР)[4].
У 1996 годзе пачалося сеціўнае радыёвяшчанне.
У 2000-х гадах з’явілася спадарожнікавае вяшчанне. На 2013 г. мясцовае радыёвяшчанне ажыццяўлялася ў 27 краінах, дзе налічвалася 109 млн штомесячных радыёслухачоў. Замежныя прадстаўніцтвы працавалі ў 6 краінах: Англія (Лондан), Бразілія (Рыа-дэ-Жанэйра), ЗША (Вашынгтон), Германія (Берлін), Турцыя (Стамбул) і Украіна (Кіеў). Радыёперадачы падаваліся на 31 мове. Вэб-сайты працавалі на 39 мовах. Радыёстанцыя выкарыстоўвала 30 радыёперадатчыкаў, большасцю на кароткіх хвалях у Расіі. За мяжой радыёстанцыя выкарыстоўвала 4 уласныя радыёперадатчыкі ў 4 краінах: Арменія (вёска Камо, Шыракская вобласць), Германія (Вахенбрун , зямля Цюрынгія; 1000 кілават, сярэднія хвалі), Таджыкістан (Душанбэ; 1000 кілават) і Узбекістан (Ташкент; 1000 кілават).
З пачатку 2013 года «Голас Расіі» па фінансавых прычынах удвая скараціў сумарны аб’ём вяшчання ў дыяпазоне кароткіх хваляў да 26 гадзін у суткі. З 1 студзеня 2014 года радыё спыніла сваё вяшчанне ў кароткахвалевым (КВ) дыяпазоне. Вяшчанне на замежныя краіны з расійскай тэрыторыі стала ажыццяўляцца толькі з трох сярэднехвалявых перадатчыкаў малой магутнасці, якія знаходзяцца ў Прыднястроўі, Южна-Сахалінску і Калінінградзе. Асноўны аб’ём вяшчання засяродзіўся на передатчыках FM-дыяпазону, размешчаных за мяжой[5].
9 снежня 2013 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб ліквідацыі федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы «Расійская дзяржаўная радыёвяшчальная кампанія „Голас Расіі“» (г. Масква) з наступнай перадачай замацаванай за ёй на праве аператыўнага кіравання маёмасці ў гаспадарчае вядзенне федэральнага дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Расія сёння»[6].
У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 2014 года передатчыкі «Голасу Расіі» на сярэдніх і кароткіх хвалях, частаце 171 ДВ і лічбавым вяшчанні ў стандарце DRM былі цалкам адключаныя. Рускамоўны сайт «Голасу Расіі» перастаў абнаўляцца.
10 лістапада 2014 года ў 14:00 «Голас Расіі» канчаткова спыніў сваё вяшчанне ў эфіры. Радыёстанцыя была ліквідавана, а яе частоты заняла радыё «Спутнік» (частка інфармацыйнага агенцтва «Sputnik»).
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Армен Аганесян (1992 — 23 кастрычніка 2008)
- Андрэй Быстрыцкі (з 2008 г.)
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Многія журналісты радыёстанцыі — лаўрэаты расійскіх і міжнародных прэмій. Праграмы «Голасу Расіі» неаднаразова станавіліся пераможцамі нацыянальнага конкурсу ў галіне радыёвяшчання «Радыёманія». Так, у 2013 годзе перадача «Тэорыя зману» вядомага расійскага прапагандыста, радыёвядучага, аўтара гістарычных даследаванняў Армена Гаспарана была ўдастоена галоўнага прыза конкурсу ў намінацыі «Асветніцкая праграма». У 2012 годзе «Голас Расіі» атрымаў штогадовую прэмію Саюза журналістаў Турцыі за «найлепшую інфармацыйную праграму» — «Вячэрняя пошта з Атылай Гюнерам». У 2008 годзе радыёкампанія стала лаўрэатам «Прэміі Рунэту» ў намінацыі «Рунэт за межамі RU».
Зноскі
- ↑ Йентофт М. Гуд даг! Говорит Москва! Радио Коминтерна, советская пропаганда и норвежцы. — М.: Политическая энциклопедия, 2013. — С. 39.
- ↑ By Stephen Ennis. «Vladimir Danchev: The broadcaster who defied Moscow». // bbc.com, 8 March 2014 (англ.)
- ↑ Указ Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Б. Ельцына ад 22 снежня 1993 года № 2258 "Аб стварэнні холдынгавай кампаніі «Расійскі дзяржаўны тэлерадыётэхнічны цэнтр „Эфір“» і «Расійскай дзяржаўнай радыёвяшчальнай кампаніі „Голас Расіі“»" Архівавана 10 снежня 2014. // innovbusiness.ru, 22 снежня 1993 (руск.)
- ↑ Пастанова Урада Расійскай Федэрацыі ад 12 студзеня 1996 года № 12 «Аб Расійскай дзяржаўнай радыёвяшчальнай кампаніі „Голас Расіі“» Архівавана 12 снежня 2019. // innovbusiness.ru, 12 студзеня 1996 (руск.)
- ↑ Радио «Голос России» прекращает КВ-вещание с российской территории. Архівавана 7 ліпеня 2015. — Радыёстанцыя «Весці ФМ», 21 жніўня 2013 (руск.)
- ↑ Указ Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 9 снежня 2013 года «Аб некаторых мерах па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі», Афіцыйны сайт Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі // news.kremlin.ru, 9 снежня 2013 (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт радыёкампаніі «Голас Расіі»
- Поўны частотны расклад трансляцый «Голасу Расіі»
- Першы міжнародны фестываль рускамоўных радыёстанцый
- Прамы эфір (Руская служба)(недаступная спасылка)
- Перадача Асіі Хайрэтдзінавай аб Ганне Марлі — «Голас Расіі»
- 80 гадоў споўнілася савецкаму інавяшчанню // mirtv.ru
- Данііл Туроўскі. Теперь их слышат только небеса. Прощальный взгляд на радиостанцию «Голос России» // lenta.ru (18 снежня 2013) (руск.)
- Мортен Йентофт: «Это не была журналистика в нынешнем понимании» // Интервью с автором книги о «Голосе России» (руск.)
- Інавяшчанне (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
- Радыёстанцыі паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1929 годзе
- Зніклі ў 2014 годзе
- Міжнародныя радыёстанцыі
- Сродкі масавай інфармацыі Расіі
- Радыёвяшчальныя арганізацыі
- Інтэрнэт-СМІ
- Арганізацыі СССР
- Радыёстанцыі на рускай мове
- Радыёстанцыі на англійскай мове
- Радыёстанцыі на нямецкай мове
- Радыёстанцыі на французскай мове
- Члены Еўрапейскага радыёвяшчальнага саюза