Перайсці да зместу

Грогу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гро́гу (таксама вядомы як «Бэбі Ёда» сярод фанатаў і ў медыяпрасторы) — персанаж з арыгінальнага тэлесерыяла «Мандалорац», выпушчанага стрымінгавым сэрвісам Disney+[en] у межах франшызы «Зорныя войны».

Грогу належыць да той жа неназванай расы з сусвету «Зорных войнаў», што і гранд-майстар Ёда і майстар Ядль[nl]. Як і названыя джэдаі, ён мае вялікія здольнасці да Сілы[en]. На момант з’яўлення ў серыяле Грогу мае 50 гадоў, што па мерках яго расы адпавядае ясельнаму ўзросту ў людзей. Паводле сюжэту серыяла галоўны герой, вядомы як Мандалорац[en], быў наняты, каб высачыць і спаймаць Грогу, а затым перадаць прадстаўнікам паўшай Імперыі[en]. Аднак, падчас выканання задання Мандалорац пранікаецца сімпатыяй да малога і замест таго, каб аддаць дзіцёнка заказчыкам, прымае на сябе ролю прыёмнага таты і абараняе яго ад імперцаў. Перадгісторыя дзіцёнка заставалася цалкам невядомай да эпізода «Раздзел 13: Джэдай», дзе ўпершыню было названа яго імя, а таксама былі раскрыты некаторыя дэталі яго мінулага. Да гэтага моманту персанаж Грогу ў субтытрах і загалоўках зваўся проста «Дзіця».

Грогу з’яўляецца ў кожным эпізодзе першых двух сезонаў серыяла «Мандалорац», за выключэннем эпізода «Раздзел 15: Вернік». Персанаж Грогу быў створаны шоўранерам і стваральнікам серыяла — Джонам Фаўра, які жадаў развіць містычную гісторыю расы і персанажа Ёды. Персанаж Грогу быў зроблены больш глыбокім і развітым, дзякуючы размовам Фаўра з галоўным прадзюсарам Дэйвам Філоні[en] на пачатковым этапе стварэння серыялу. Знешні выгляд Грогу быў распрацаваны канцэпт-арт дызайнерам Крыштыянам Альзманам, сам жа персанаж быў створаны пры дапамозе аніматронікі і лялькавага мастацтва з нязначным ужываннем камп’ютарнай графікі для выяўлення больш глыбокіх акцэнтаў. Лялька была распрацавана кампаніяй Legacy Effects[en]. Акцёр Адам Палі[en], які сыграў Штурмавіка №2 у эпізодзе «Раздзел 8: Выратаванне», паведаміў, што па словах Джона Фаўра, лялька закаштавала каля 5 мільёнаў долараў[1]. Яна кантралюецца двума механікамі, адзін з якіх кіруе вачыма і вуснамі, а іншы — выразам эмоцый на твары. Голас персанажа быў утвораны з камбінацыі дарослага і дзіцячага галасоў, а таксама з запісу гукаў вялікавухай лісіцы і кінкажу.

Дынаміка зносін паміж Грогу і Мандалорцам увасабляе ў серыяле тэму бацькоўства ў цэлым і ў прыватнасці тэму выхавання татам. Таксама персанаж Грогу раскрывае пытанне дабра і зла, выхавання і інстынктаў.

Грогу атрымаў станоўчы прыём ад фанатаў і крытыкаў, набыў статус прарыўнога персанажа[2][3] і неўзабаве стаў інтэрнэт-мемам. «The Guardian» назваў яго «найвялікшым новым персанажам 2019 года»[4], а «The Hollywood Reporter» напісаў, што персанаж «увасабляе будучыню Галівуда»[5]. Многія аўтары апісвалі Грогу як ключавую фігуру ў поспеху Disney+. Персанаж Грогу трымаўся ў сакрэце і спецыяльна не ўзгадваўся ў маркетынгавых і мерчэндайз-кампаніях перад выпускам серыяла, каб пазбегнуць уцечкі інфармацыі. У выніку, мерчэндайз па Грогу не быў даступны на момант прэм’еры серыяла ў лістападзе 2019 года, што каштавала Дыснэю, паводле некаторых аналітыкаў, каля 2.7 мільёнаў долараў. Але Боб Айгер, дырэктар Дыснэй, на момант прэм’еры «Мандалорца», абараніў такую стратэгію.

  1. Dan Snierson.. Adam Pally on his punchy Mandalorian scene: 'Baby Yoda is a bit of a diva' (англ.). Сайт часопіса «Entertainment Weekly» (11 студзеня 2020). Праверана 1 ліпеня 2021.
  2. Joshua Yehl.. Baby Yoda Is an Acceptable Name for The Mandalorian's Breakout Star, Says Dave Filoni (англ.). Сайт «IGN» (22 лістапада 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.
  3. Gael Fashingbauer Cooper.. Baby Yoda: Everything we know about The Mandalorian star (англ.). Сайт «CNET[en]» (23 снежня 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.
  4. Zach Vasquez.. Big deal, he is: how Baby Yoda became 2019's biggest new character (англ.). Сайт газеты «The Guardian» (3 снежня 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.
  5. Rebecca Keegan.. In Baby Yoda, Hollywood Sees Its Past, Present and Meme-able Future (англ.). Сайт газеты «The Hollywood Reporter» (19 снежня 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.