Дрысвяцкі замак
Дрысвяцкі замак — замак, які ў XIV—XVII стагоддзях размяшчаўся на востраве Замак на возеры Дрысвяты (цяпер у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці). Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і эпохі Кіеўскай Русі X—XIII ст.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Пляцоўка замка (75 х 50 м) авальнай формы ўзвышаецца на 6—7 м над паверхняй возера і абкружана кальцавым валам. 3 напольных паўночнага і ўсходняга бакоў вышыня яго каля 5 м, з боку возера — 1—1,5 м. Ядро вала насыпана на рубяжы новай эры. На працягу X—XVI ст. вал 4 разы падсыпаўся з выбрукоўкай унутранага схілу камянямі. У канцы XIV — пач. XV ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вялікага князя ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, з 1542 ім валодаў маршалак ВКЛ Ян Юр’евіч Глябовіч. Дакументы 1557, 1561, часоў Лівонскай вайны 1558—83 і тагачасныя сведкі адзначылі ў Дрысвяцкім замку значны гарнізон. Захавалася апісанне замка за 1662: «на гары над возерам Дрысвяцкім ёсць тры вежы без дахаў, апалыя, згнілыя, ёсць трошкі сцен з боку фальварка, але і тыя трухлявыя і разбураюцца». 3 агнястрэльнай зброі ўпамінаюцца 2 гакаўніцы і 1 штурмачок. Пад аховай замка на востраве стаялі двор і мястэчка Дрысвяты з рынкам, трыма вуліцамі, але без абарончых збудаванняў. 3 берагам замак злучалі 2 масты. У 2-й пал. XVII ст. Дрысвяцкі замак перастаў існаваць, а жыхары паселішча пасля пажару перабраліся з вострава на ўсходні бераг возера.
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічныя даследаванні Дрысвяцкага замка праводзілі ў 1955—56 Л. Аляксееў, у 1970, 1976 і 1980 М. Ткачоў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — С. 323. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — С. 146—147. — 496 с., іл.
- Ткачоў М. А. Дрысвяцкі замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Дрысвя́цкі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 287—288. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дрысвяцкі замак
- Дрысвяцкі замак на сайце Radzima.org
- Дрысвяцкі замак на сайце Глобус Беларусі (руск.)