Калімантан
Калімантан (Барнеа) | |
---|---|
індан. Kalimantan, малайск. Borneo | |
Характарыстыкі | |
Плошча |
|
Насельніцтва |
|
Размяшчэнне | |
1° пн. ш. 114° у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Малайскі архіпелаг |
Краіны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Каліманта́н — (інданез. Kalimantan; таксама Барнеа, малайск. Borneo) — трэці па велічыні востраў у свеце. Знаходзіцца ў цэнтры Малайскага архіпелага, уваходзіць у склад Вялікіх Зондскіх астравоў. Плошча — 743 330 км².
Адзіны востраў, які падзелены адразу паміж трыма дзяржавамі: Інданезіяй, Малайзіяй і Брунеем. Востраў абмываюць Паўднёва-Кітайскае мора, мора Сулу, мора Сулавесі, Яванскае мора, пралівы Макасарскі і Карымата. Плошча з прыбярэжнымі астравамі 746,5 тыс. км². Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход каля 1100 км. Берагі слаба расчлянёныя, нізінныя, забалочаныя. Бухтаў мала.
Рэльеф вострава пераважна горны. У цэнтральнай частцы і на паўночным усходзе глыбавыя нагор’і (гара Кінабалу, 4101 м) і ўзгоркавыя плато. На ўзбярэжжах поўдня і захаду нізіны. Геалагічную будову Калімантана складаюць на паўночным захадзе старажытная дамезазойская Зондская платформа, на поўдні і ўсходзе кімерыйская і альпійская складкавасці. Горы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышталічных сланцаў, нізіны — з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю, жалезнай і поліметалічных руд.
Клімат экватарыяльны. Тэмпература на раўнінах 25—27 °C. Ападкаў 2000—3500 мм, у гарах да 5000 мм за год. Рэкі кароткія, паўнаводныя (найбольшыя Капуас, Барыта, Махакам), у верхняй частцы парожыстыя, з вялікімі запасамі гідраэнергіі, у ніжняй — суднаходныя.
Значная частка вострава занятая экватарыяльнымі лясамі (гілеямі) да вышыні 1200—1500 м. Сярод лясной расліннасці пераважаюць дыптэракарпавыя, фікусы, пальмы, дрэвападобныя папараці, бамбук. Шмат ліян і эпіфітаў. Вышэй 1500 м — субтрапічная і барэальная флора. Уздоўж узбярэжжаў мангравыя зараснікі. Сярод фаўны трапляюцца чалавекападобныя (арангутангі) і іншыя малпы, сланы, насарогі, тапіры, дзікі, птушкі, паўзуны і земнаводныя.
Насельніцтва каля 10 млн чал. Вырошчваюць рыс, каўчуканосы, алейныя пальмы. Буйныя гарады: Пантыянак, Банджармасін (Інданезія), Кучынг (Малайзія), Бандар-Серы-Бегаван (Бруней).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лаўрыновіч М. Калімантан // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Gudgeon, L. W. W. 1913. British North Borneo. Adam and Charles Black, London. (An early well-illustrated book on «British North Borneo», now known as Sabah.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Borneo: Eco Warriors Архівавана 17 мая 2006. — Online documentary
- Відэасюжэт пра алмазную здабычу на поўдні Калімантана (ням.)