Канвар
(कंवर) | |
Агульная колькасць | 984000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | чхатысгархі, хіндзі |
Рэлігія | індуізм, анімізм |
Блізкія этнічныя групы | хіндустанцы, байга |
Канва́р, таксам кава́р (саманазва: कंवर) — народ у Індыі, карэннае насельніцтва Чхатысгарха і сумежных рэгіёнаў. Агульная колькасць (2021 г.) — 984 000 чалавек[1]. У Індыі маюць статус малой племянной і каставай супольнасці.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Канвар — індаарыйскі народ. Размаўляюць на мове чхатысгархі, якая часам разглядаецца як усходні дыялект хіндзі. Згодна міфам саміх канвар, яны паходзяць ад старажытнага валадарскага роду Каўраваў, што паводле «Махабхараты» былі пераможаны сваякамі Пандавамі. Толькі 2 цяжарныя жанчыны выжылі і далі пачатак канвар.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйна канвар займаюцца земляробствам. Вырошчваюць рыс, проса, гародніну і іншыя культуры. Жывёлагадоўля мае другарадны характар, хаця наяўнасць свойскай жывёлы з’яўляецца прыкметай заможнасці. Трымаюць кароў і коз. Ялавічына не ўжываецца ў ежу, аднак канвар высока цэняць малочныя прадукты, асабліва сыр. Каровы выкарыстоўваюцца ў рытуальных мэтах. У мінулым быкі былі распаўсюджанымі цяглавымі жывёламі. Козы выкарыстоўваюцца як мясныя і малочныя жывёлы, а таксама сродак абмену. Занятак рамяством разглядаецца як прыкмета нізкага сацыяльнага статусу, таму большасць рамесных вырабаў купляюць звонку. Здаўна пачэснай справамі мужчын лічыліся ваенная, а таксама паляванне. З пачатку XX ст. многія канвар займаюцца адыходніцтвам, працуюць у гарадах, на камерцыйных плантацыях, сякуць лес.
У большасці выпадкаў канвар селяцца ў вялікіх вёсках на раўнінах разам з прадстаўнікамі іншых народаў і каст, але імкнуцца стварыць унутранае паселішча, адасобленае ад прадстаўнікоў ніжэйшых каставых груп. На чале яго стаіць рада з дарослых мужчын і стараста пардхан. Распаўсюджаны падворкі з замкнёнай планіроўкай.
Вопратка і ўпрыгожванні адлюстроўваюць сацыяльнае становішча ўладальніка. Мужчыны звычайна апранаюць штаны і доўгую кашулю, жанчыны — сары. Жанчыны носяць на нагах упрыгожванні з волава, срэбраныя і алавянныя кольцы на шыі. Пасля вяселля прынята рабіць татуіроўкі з выявай Крышны на грудзях, аленя — на руках, з рознымі ўзорамі — на нагах.
Канвар адасабляюць сябе як асобная каста з высокім статусам, блізкім да кшатрыяў, звычайна захоўваюць эндагамію ў дачыненні да суседзей. Яны падзяляюцца на 8 тэрытарыяльных і 25 буйных родавых груп, шлюбы знутры якіх забаронены. Для захавання каставай чысціні ўведзены шматлікія табу, у тым ліку забаронены паўторныя жаночыя шлюбы, ужыванне алкагольных напояў і некаторых відаў мяса. Да часовай страты чысціні могуць прывесці гнойныя раненні, дробныя злачынствы, парушэнне рытуалаў. Яны патрабуюць абавязковыя абрады ачышчэння, інакш «забруджаны» ігнаруецца іншымі канвар.
Канвар амаль не вядомы дзіцячыя шлюбы. Падрыхтоўка да вяселля пачынаецца з заручынаў па ініцыятыве бацькоў жаніха. Пры гэтым дамаўляюцца пра выкуп за нявесту. Звычайна ён фармальны, але можа быць істотным для ўдаўцоў. Дазваляецца палігінія, калі жанаты мужчына бярэ шлюб з малодшымі сёстрамі жонкі. На чале сям’і заўсёды стаіць бацька. Болей за палову спадчыны атрымоўвае яго старэйшы сын. Раней некаторыя тэрытарыяльныя групы канвар практыкавалі саці для ўдоў. Разводы не забараняюцца, але з’яўляюцца вельмі рэдкімі.
Канвар славяцца маляўнічымі мужчынскімі і жаночымі танцамі, што арганізуюцца падчас святаў і адрозніваюцца ад танцавальных традыцый суседніх народаў. Папулярны паляўнічыя і ваенныя забавы, якія падкрэсліваюць спрыт і трапнасць мужчын.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Канвар — індуісты, аднак захоўваюць шматлікія рэлігійныя адрозненні. У прыватнасці, культ сонца, ахвярапрынашэнні птушак, анімізм і татэмізм. Лічыцца, што кожная рэч мае свой дух. Асабліва шануюцца духі зброі. Канвар вераць у святуы моц міфічнага мяча «Джагра Кханд». Падчас пахавання разам з памерлымі ў зямлю кладуць прыватныя рэчы і харч. У багатых сем’ях нябожчыкаў крэміруюць.