Перайсці да зместу

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Бабруйск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла

53°08′12,72″ пн. ш. 29°14′54,24″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Бабруйск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Архітэктурны стыль Барока
Архітэктар гл. тэкст
Будаўніцтва 17461780 гады
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцё́л Святы́х Апосталаў Пятра́ і Па́ўла — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў, былы езуіцкі касцёл. Разам з кляштарам быў цэнтрам Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі.

Пачатковы выгляд касцёла, з абмернага рысунка XVIII ст.

Заснаваны ў 1615 годзе фундацыяй бабруйскага старосты Пятра Трызны. У 1625 годзе касцёл перададзены езуітам. Сярод архітэктараў касцёла вядомы Уладзіслаў Дзягілевіч (1699—1700), Казімір Мацелякоўскі (1735—1736), Тамаш Жаброўскі (1746), Габрыэль Лянкевіч (1747—1748) і Францішак Карава (1757—1758). Вядома таксама пра ўдзел у будаўніцтве ў 1732—1747 гадах муляра Якуба Руофа.

Падчас будаўніцтве ў ХІХ стагоддзі Бабруйскай крэпасці вежы касцёла знесены, а будынак агулам значна перабудаваны пад цэйхгаўз. У 1885 годзе будынак таксама пацярпеў ад пажару. За савецкім часам у будынку былога касцёла была гаўптвахта.

  • Паводле[1]
  • 1630—1633 — Андрэй Баболя, пазней кананізаваны
  • 1632 — Якуб Брэнт і Станіслаў Альшэўскі, а таксама настаўнікі — клерыкі Ян Прушынскі і Сымон Дэмбоўскі.
  • 1633—1637 — Бабруйскую езуіцкую рэзідэнцыю ўзначальваў айцец Марцін Рыдзеўскі
  • 1755 — бабруйскім дэканам і, напэўна, пробашчам у быў ксёндз Юзаф Крыцкі.
  • У 2-й палове 1760-х гадоў пробашчам парафіі быў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, будучы мітрапаліт, арцыбіскуп Магілёўскай архіепархіі.
  • 1789 — пробашч Ян Грыневіч. Таксама ў гэты час у парафіі працаваў ксёндз Георгій Адамовіч.
  • 1818—1821 — віцэ-пробашчам быў ксёндз Стракоўскі.
  • 1843 — пробашч Барталамей Віснёўскі OP, вікарыям пры ім быў ксёндз Юзаф Буткевіч[2]
  • канец 1840-х — ліпень 1859 — пробашчам і Бабруйскім дэканам быў ксёндз Казімір Шышко
  • 1874 — вікарый ксёндз Клімент Трашчэўскі.
  • У 1870-я гады з парафіі працавалі святары Вінцэнт Бабіцкі, Віктар Анджаеўскі, Кіпрыян Жаброўскі, Адольф Пласкавіцкі, Банавентура Лаўрыновіч, Ян Рымовіч і Яраслаў Расінскі.
  • 1890-я — вікарый ксёндз Ільдэфонс Раманоўскі
  • 1898 — ксёндз Міхал Аляхновіч
  • 1898—1901 — часовы адміністратар а. Аляксандр Плятнір[3].
  • 1901 — адміністратар ксёндз Ян Красоўскі
Сучасны стан (выгляд з боку)

Касцёл пабудаваны ў стылі барока як трохнефавая базіліка без трансепту, меў дзве вежы, на адной з іх быў гадзіннік з боем, на другой — матэматычны компас. Вежы падзяліліся на тры ярусы, паміж верхнімі чацверыкамі змяшчаўся фігурны франтон з валютамі. Прэзбітэрый меў паўкруглае завяршэнне, па баках вімы размяшчаліся дзве сіметрычныя сакрысціі.

Унутры нефы былі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на здвоеных папружных арках, якім на фасадах адпавядалі здвоеныя пілястры, у чым можна бачыць прыкмету позняга барока. Пры ўваходзе мясціўся «хор мураваны на 2 філярах са сходамі з абодвух бакоў». Невялікія хоры размяшчаліся таксама над сакрысціямі. Галоўны аўтар, які ўключаў 8 познебарочных скульптур святых (у тым ліку Ігната, Бергіяша, Ксаверыя, Станіслава), 6 бакавых алтароў, амбону, усё сакральнае начынне інтэр’еру былі драўлянае і зроблена майстрамі Іосіфам Шылам і Антонам Марціноўскім. На сценах быў фрэскавы жывапіс, апроч абразоў былі сармацкія данатарскія партрэты караля Жыгімонта Вазы і Пятра Трызны.

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 158—159.