Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Антушы)
Славутасць | |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
53°00′03″ пн. ш. 29°48′16″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата пабудовы | XIX стагоддзе |
Дата скасавання | 1990-я |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні каталіцкі храм у в. Антушы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.
Знаходзіўся на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Быў пабудаваны ў пачатку XIX ст. з дрэва. У савецкі час выкарыстоўваўся медыцынскай установай. Зруйнаваны ў 1990-я гг.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя звесткі аб касцѐле ў Антушах адносяцца да пачатку ХІХ ст. і звязаны з іменем ксяндза Канстанціна Антушэвіча. Ён у 1800 г. фундаваў у Антушах касцѐл, які ў 1802 г. асвечаны пад тытулам Унебаўшэсця Пана.
Касцѐл у Антушах спачатку быў філіяльным у дачыненні да касцѐла ў мястэчку Карпілаўцы (цяпер Карпілаўка знаходзіцца ў межах г. Жлобіна).
У 1843 г. касцѐл у Антушах стаў парафіяльным. Гэта адбылося дзякуючы захадам пробашча Карпілаўскага касцѐла Марціна Вашкевіча. У 1839 г. Карпілаўскі касцѐл мусіў быць ліквідаваны, і Вашкевіч дамогся, каб парафіяльным касцѐлам стаў касцѐл у Антушах. Урадавы Сенат 12 красавіка 1838 г. даў міністру ўнутраных спраў такі дазвол.
У 1841 г. стары касцѐл у Антушах быў цалкам перабудаваны звонку, а ў 1843 г. і знутры. З таго часу касцѐл вядомы пад назваю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Антушаўская парафія да 1882 г. уваходзіла ў Рагачоўска-Быхаўскі дэканат.
У 1910 г. святаром Аляксадрам Болтуцем быў капітальна адрамантаваны будынак касцѐла, а ў 1911 г. касцѐл як звонку, так і ўсярэдзіне пафарбаваны алейнымі фарбамі.
Касцѐл у Антушах не захаваўся. Пасля закрыцця ў ім быў дзіцячы дом, потым бальніца. Калі бальніцу перавялі ў вѐску Побалава, будынак аказаўся закінуты. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. яго разабралі. Захаваліся толькі прыступкі касцѐла.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Твор архітэктуры класіцызму. Быў вырашаны прамавугольнымі ў плане нефам і апсідай, аб’яднанымі агульным 2-схільным дахам з застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў. Па баках да апсіды далучаліся нізкія сакрысціі. Фасад быў атынкаваны і завершаны трохвугольным франтонам з трыгліфным фрызам. Вертыкальна ашаляваныя бакавыя фасады чляніліся 2 ярусамі прамавугольных аконных праёмаў з сандрыкамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Унутры пры ўваходзе над нартэксам знаходзіліся хоры.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 384-385. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
- Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Мн., 2011. ISBN 978-985-6825-62-0